Стала вядома, хто часова будзе галоўным трэнерам БАТЭ

Стала вядома, хто часова будзе галоўным трэнерам БАТЭ

Кіраўніцтва ФК БАТЭ пакуль не прызначыла галоўнага трэнера каманды. Гэтая пасада стала вакантнай у нядзелю, 3 чэрвеня, калі быў звольнены Алег Дулуб. У панядзелак стала вядома, што выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера стаў Аляксей Бага. Яму 37 гадоў. Быў футбалістам, выступаў за БАТЭ, "Даўгаву" (Даўгаўпілс), брэсцкае "Дынама". З-за траўм заўчасна скончыў кар'еру гульца, кар'еру трэнера распачаў у 2011 годзе, уваходзіў у штаб барысаўчан (у 2012-2013 гады быў у штабе маладзёжнай зборнай Беларусі). У БАТЭ гуляе малодшы брат Аляксея Дзмітрый Бага.

У штабе Багі будзе Дзмітрый Молаш, інфармуе прэс-служба клуба (некаторыя інтэрнэт-рэсурсы меркавалі, што яго прызначаць галоўным трэнерам). Кандыдатуры на іншыя пасады яшчэ разглядаюцца. Пры гэтым ФК БАТЭ заявіла, што з каманды сышоў толькі галоўны трэнер, інфармацыя пра сыход іншых прадстаўнікоў папярэдняга трэнерскага штабу "не адпавядае сапраўднасці".

Як паведамляла Еўрарадыё, Алег Дулуб быў звольнены "у сувязі з адмоўнымі вынікамі БАТЭ ў апошніх матчах" (паражэнне ў фінале Кубка Беларусі ад брэсцкага "Дынама", нічыя з "Іслаччу" і паражэнне ад "Гарадзеі" ў чэмпіянаце краіны), а таксама "з-за заклапочанасці за стан каманды напярэдадні еўракубкаў". Дулуб быў галоўным трэнерам БАТЭ з пачатку 2018 года, пасля сыходу ў маскоўскае ЦСКА Аляксандра Ермаковіча. У апошнія гады спецыяліст працаваў з "Крумкачамі", львоўскімі "Карпатамі" і адэскім "Чарнаморцам". Разам з БАТЭ Алег Дулуб паспеў прайграць брэсцкаму "Дынама" і Суперкубак Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі