"Вяжэвіч смяецца за кратамі". Восьмы дзень суда па "справе Коржыча"

Фота Еўрарадыё
Фота Еўрарадыё

17 жніўня ў судзе Маскоўскага раёна прайшло восьмае судовае пасяджэнне Мінаблсуда, які разглядае справу аб гібелі 21-гадовага Аляксандра Коржыча ў навучальным цэнтры ў Печах. На лаве падсудных тры сяржанты — 23-гадовы Яўген Бараноўскі, 20-гадовы Ягор Скуратовіч і 22-гадовы Антон Вяжэвіч.

Афіцэраў на лаве падсудных няма. Сяржанты абвінавачваюцца па ч. 1, 2 арт. 430 (атрыманне хабару службовай асобай) і ч. 3 арт. 455 КК (злоўжыванне і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да цяжкіх наступстваў). Бараноўскага таксама абвінавачваюць па ч. 1 арт. 205 (крадзеж). Ён віну прызнаў часткова па ўсіх артыкулах, а Скуратовіч і Вяжэвіч не прызналі ч. 3 арт. 455 — тую, якая тычыцца смерці радавога Коржыча.

На пасяджэнні працягваюць дапытваць пацярпелых. 16 жніўня радавы Аляксандр Новак, які служыў у адной роце з Сашам Коржычам, згадаў, што вайскоўцы, якія паводле пасадаў былі вышэй за абвінавачаных сяржантаў, не раз бачылі, як шарагоўцы адціскаюцца па іх загадах, але нічога не рабілі, каб ім перашкодзіць. Іншыя пацярпелыя згадвалі выпадкі, калі абвінавачаныя сяржанты прымушалі іх плаціць грошы ці прыносіць прадукты харчавання за магчымасць схадзіць у краму ці карыстацца мабільнымі тэлефонамі, а таксама звярталіся да фізічных пакаранняў за мінімальныя правіннасці або без прычыны.

Цела Сашы Коржыча знайшлі ў пятлі ў сутарэнні медыцынскай роты вайсковай часці 3 кастрычніка 2017 года. Радавы правісеў ў пятлі сем дзён. У салдата былі звязаныя ногі, а на галаву надзетая майка. Расследаванне доўжылася паўгода. 19 красавіка Следчы камітэт паведаміў, што Коржыча давялі да самагубства калегі. Маці салдата ў гэтую версію не верыць, а пацярпелыя салдаты кажуць, што ў Коржыча не было прычын зводзіць рахункі з жыццём.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі