Вы тут

Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыю па справе Аляксандра Коржыча

Святлана Коржыч / svaboda.org

Вярхоўны суд Беларусі 9 красавіка разгледзіць апеляцыю па справе Аляксандра Коржыча, інфармуе Радыё Свабода. 21-гадовага салдата тэрміновай службы ў кастрычніку 2017-га знайшлі павешаным на тэрыторыі вайсковай часці ў Печах пад Барысавам. Пасля таго як пра Коржыча пачалі пісаць СМІ і справа стала рэзананснай, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што бярэ расследаванне пад асабісты кантроль. У выніку следства прыйшло да высновы, што салдат звёў рахункі з жыццём сам. У лістападзе 2018-га за давядзенне Коржыча да самагубства сяржантам Яўгену Бараноўскаму, Антону Вяжэвічу і Ягору Скуратовічу прысудзілі 9, 7 і 6 гадоў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна.

Прысуд абскардзілі абодва бакі. Маці салдата Святлана Коржыч настойвае, што пакаранне мусіць быць больш жорсткім і яно не павінна спыніцца толькі на сяржантах. Апошнія настойваюць, што іх дзеянні не маглі прывесці да смерці Аляксандра Коржыча, яны просяць змяніць пакаранне на больш мяккае.

3 красавіка ў будынку Мінабароны адбылася сустрэча Святланы Коржыч і міністра абароны Андрэя Раўкова. "Сказала міністру, што хачу рэабілітаваць імя сына, — расказвае жанчына. — Каб яго ніхто не называў суіцыднікам". Раўкоў сказаў, што даў загад, каб на магіле Аляксандра паставілі помнік. Ён, імаверна, з'явіцца ўжо ў красавіку.