Вы тут

Следчы камітэт не пабачыў крыміналу ў смерці салдата ў Слоніме

Пахаванне Аляксандра Арлова, верасень 2018 / svaboda.org

Следчы камітэт не знайшоў падставаў для крымінальнай справы ў сувязі са смерцю салдата тэрміновай служба Аляксандра Арлова. Пра гэта гаворыцца ў лісце з вынікамі праверкі, які маці вайскоўца Вольга атрымала 26 студзеня, паведамляе Радыё "Свабода"

Як паведамлялася раней, 20-гадовага Аляксандра Арлова знайшлі павешаным 5 верасня 2018 года. На яго шыі былі два сляды ад вяроўкі. Маці катэгарычна ня згодная з версіяй пра суіцыд. У гутарцы з карэспандэнтам Еўрарадыё яна распавядала, што сын пастаянна прасіў грошай, але не казаў, навошта яны яму.

Праверкай па факце смерці юнака займалася ўпраўленне Следчага камітэта Гродзенскай вобласці. Праверка пачалася ў верасні і працягвалася амаль пяць месяцаў. 

Па словах маці, у лісце са Следчага камітэту гаворыцца пра адсутнасць сладу злачынства ў смерці Аляксандра Арлова. "Тэксту медыцынскай экспертызы цела сына мне ніхто не паказаў. Следчая сказала, што не мае права мне яго паказваць. Трэба пісаць заяву з просьбай даць магчымасць азнаёміцца. Заяву будуць разглядаць, і тады прымуць рашэнне, ці я магу ўбачыць гэтыя дакументы", — распавядае жанчына.

Яна падкрэслівае, што на шыі сына былі дзве странгуляцыйныя баразны: "Дзве баразны на шыі. Гэта нерэальна. Атрымліваецца, што ён сябе адзін раз падушыў, потым другі раз палез. Гэта ж абсурд, разумееце?"

Паводле афіцыйнай інфармацыі Мінабароны, пасля смерці Аляксандра Коржыча ў беларускім войску ад няшчасных выпадкаў і суіцыдаў загінулі ўжо шэсць вайскоўцаў.