Вы тут

Вярхоўны суд не змяніў прысуд па справе Коржыча

Разгляд апеляцыі па "справе Коржыча" / Анастасія Бойка, Еўрарадыё

Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд па "справе Коржыча", вынесены Мінскім абласным судом. Разгляд адбываўся 9 красавіка. 

Апеляцыю падавалі як сяржанты, асуджаныя па гэтай справе, так і маці Аляксандра Коржыча Святлана

Паводле прысуду Мінскага абласнога суда, Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч атрымалі 9, 7 і 6 гадоў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна. Яны прасілі змякчэння прысуду. 

Святлана Коржыч у сваёй скарзе прасіла суд прысудзіць Яўгену Бараноўскаму да 12 гадоў, Антону Вяжэвічу — 11 гадоў, а Ягору Скуратовічу — 8 гадоў.

Аднак суд не задаволіў ніводную з апеляцыяў. 

Пасля суда Святлана Коржыч заявіла ад імя ўсіх мацярок, чые сыны загінулі або пацярпелі ў войску: "Усе маці пойдуць да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай і да Аляксандра Лукашэнкі". Праўда, яна пакуль не ведае, калі адбудзецца гэты паход. 

Цела Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі ў падвале медроты вайсковай часці 3 кастрычніка 2017 года. Ён правісеў ў пятлі тыдзень. У салдата былі звязаныя ногі, а на галаву надзетая майка. Расследаванне гучнай справы доўжылася паўгода. 19 красавіка 2018 года Следчы камітэт паведаміў, што Коржыча давялі да самагубства калегі. Маці салдата ў гэтую версію не верыць, а пацярпелыя салдаты кажуць, што ў Аляксандра не было прычын зводзіць рахункі з жыццём. Суд па “справе Коржыча” цягнуўся амаль тры месяцы — з 8 жніўня 2018-га.