Вы тут

Міністэрства абароны ўсталявала помнік у Пінску на магіле Аляксандра Коржыча

svaboda.org

Міністэрства абароны Беларусі ўсталявала помнік у Пінску на магіле Аляксандра Коржыча, салдата, які трагічна загінуў восенню 2017-га ў Аб'яднаным навучальным цэнтры ў Печах на Барысаўшчыне. "Мне падабаецца, добры помнік", — кажа маці салдата Святлана Коржыч. Яна нагадвае, што ўсталяваць помнік ёй паабяцаў асабіста міністр абароны Андрэй Раўкоў. Колькі дакладна грошай пералічыла Мінабароны, Коржыч не ведае. Кажа, што ў Пінску падобны помнік можа каштаваць каля 10 тысяч рублёў, інфармуе Радыё Свабода.

Святлана Коржыч распавядае, што знайшоўся малады святар, які пагадзіўся асвяціць помнік. Бо два святары перад гэтым адмовіліся, спаслаліся на суіцыд. Цела Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвале аднаго з будынкаў. Справа набыла грамадскі рэзананс, пасля чаго расследаванне ўзяў пад кантроль кіраўнік дзяржавы. У выніку па ўсёй краіне пачалася барацьба з дзедаўшчынай у войску, прайшлі судовыя працэсы. За давядзенне да самагубства трое былых сяржантаў Коржыча атрымалі ад 6 да 9 гадоў зняволення. Маці лічыць, што сына забілі.