Атакі гнусу ў Беларусі. Даведаліся, адкуль усе гэтыя мошкі і як сябе абараніць

"Гізы і мухі-жыгалкі могуць пераносіць нават сібірскую язву" / National Geographic
"Гізы і мухі-жыгалкі могуць пераносіць нават сібірскую язву" / National Geographic

Укусы некаторых насякомых могуць прынесці дыскамфорт, стаць прычынай сур'ёзных захворванняў ці нават смерці. Пра гэта ў інтэрв'ю Еўрарадыё нагадвае навуковец-хімік Сяргей Бесараб, з якім мы пагаварылі пра атакі гнусу ў Беларусі.

Полчышчы машкары не даюць спакою ні людзям, ні жывёлам. І мяркуючы з сітуацыі на поўначы Расіі, дзе такія нашэсці назіраюцца ўжо дзесяцігоддзі, перспектывы таго, што праблема вырашыцца сама сабой, няма.

Атаки гнуса в Беларуси. Узнали, откуда все эти мошки и как себя защитить

Навуковец-хімік Сяргей Бесараб

Навуковец-хімік Сяргей Бесараб / patreon.com

Мы кожны дзень абмяркоўваем сітуацыю ў Беларусі і за яе межамі — падпішыцеся на нас у ютуб!

Адкуль узяліся ўсе гэтыя мошкі? Якую пагрозу нясуць? Як з імі змагацца?

Вось што кажа наш эксперт:

— Масавы напад гнусу ў Беларусі заўважаўся і ў 2021-м, і 2022 годзе, але ў асноўным гэтыя атакі канцэнтраваліся на поўдні Гомельскай вобласці, можа быць, закраналі ледзь-ледзь Магілёўскую. Цяпер яны распаўсюджваюцца па тэрыторыі ўсёй краіны.

Тое, што я называю гнусам ці мошкай, — насамрэч не нейкі канкрэтны від, а падмноства розных насякомых, і гэта важна разумець. То-бок гэта і камары, і мошкі, і гізы, і макрацы, і мухі-жыгалкі. Праз гэта сітуацыю цяжка кантраляваць, бо нам даводзіцца змагацца з імі ўсімі. То-бок трэба ўлічваць кожнае насякомае і яго характэрныя асаблівасці.

 

— Пра тое, як з імі змагацца, мы яшчэ пагаворым. Раскажыце, чаму наогул адбываецца гэтае нашэсце насякомых.

— У цэлым іх колькасць залежыць ад геаграфічнага становішча мясцовасці, а ў прыватнасці — ад мікракліматычных умоў, якія там складваюцца. Свой унёсак у павелічэнне колькасці мошкі робяць і змены клімату — пацяпленне.

Плюс яшчэ разводдзе, якое сёлета асабліва моцнае ў паўднёвай частцы Беларусі. Тут ёсць непасрэдная сувязь, бо многія з гэтых насякомых — земнаводныя: іх лічынкі развіваюцца пры абавязковай наяўнасці вады. Гэта датычыць, напрыклад, камароў, мошак, гізоў і некаторых макрацоў. Ну і яшчэ частка макрацоў і мух-жыгалак ў свае стадыі развіцця знаходзяцца на зямлі, але іх няшмат. То-бок, як я ўжо сказаў, каб назіраўся такі выбуховы рост папуляцыі гэтых насякомых, абавязковая ўмова — гэта разводдзе, наяўнасць вады.

Атаки гнуса в Беларуси. Узнали, откуда все эти мошки и как себя защитить
Хмара мошак / mazyr.by

— Што рабіць, калі гнус пакусаў чалавека або жывёліну?

— Асноўная дапамога — сачыць за станам і старацца перашкаджаць узнікненню вострага анафілактычнага шоку, вострых алергічных рэакцый.

Пракансультуйцеся са сваім доктарам. Патрэбная кансультацыя алерголага, каб чалавек зразумеў, наколькі ў яго актыўны імунны адказ, і зыходзячы з гэтага ўжываў антыгістамінныя прэпараты.

У выпадку з жывёламі дапаможа дасведчаны ветэрынар. Магчыма, падчас актыўнасці насякомых не варта адпраўляць хатняе быдла на адкрыты выпас. Лепш перачакаць.

Можна выкарыстоўваць і рэпеленты з сеткай Паўлоўскага, але калі мы гаворым пра хатніх жывёлаў, гэта будзе лягчэй зрабіць, чым калі гаворка пра калгасны статак. Мне здаецца, досыць складана апрацаваць усіх жывёл рэпелентамі або зрабіць сеткі. Гэта праблема, якую дапамагаюць вырашаць заатэхнікі.

 

— Хмары гнусу лётаюць усюды. Ад яго пакутуюць не толькі людзі і хатнія жывёлы, але і звяры ў лесе, якіх асабліва не апрацуеш. Што будзе з нашай прыродай, калі атакі не спыняцца?

— Я не магу ацаніць экалагічныя наступствы для папуляцый лясных жывёл. Як я ўжо сказаў, пакуль асноўны эфект ад колькасці насякомых — менавіта знясільвальны. І людзі, і жывёлы адчуваюць дыскамфорт ад гэтых атак. Насякомыя могуць разносіць розныя досыць сур'ёзныя захворванні. Лічыцца, што гнус пераносіць арбавірусы (могуць выклікаць энцэфаліт і некаторыя віды ліхаманак) і тулярэмію (вострае інфекцыйнае захворванне, якое характарызуецца сімптомамі ліхаманкі, паражэннем лімфатычных вузлоў і іншых органаў, у залежнасці ад уваходных варот інфекцыі). У Беларусі тулярэмію можа пераносіць так званы заячы клешч. Пару гадоў таму быў зафіксаваны адзін выпадак.

Калі арыентавацца на тайговы вопыт, то гізы і мухі-жыгалкі могуць пераносіць нават сібірскую язву.

Калі тэндэнцыя з атакамі насякомых, якую мы назіраем, будзе захоўвацца, то, я думаю, мы пяройдзем на новы эпідэміялагічны ўзровень. Да барэліёзу і энцэфаліту, якія пераносіць клешч, можа дадацца тулярэмія, бо мошкі нападаюць і на лясных жывёл, якіх, у адрозненне ад хатніх, ніхто не прышчапляе, а яны — пераносчыкі шырокага спектру розных досыць сур'ёзных захворванняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі