Улады пагражаюць "крыміналкай" закрытаму фонду дапамогі анкахворым дзецям "Кіндэрвіта"

Навагодняя акцыя ў дзіцячым анкацэнтры

Навагодняя акцыя ў дзіцячым анкацэнтры / kindervita.by

У дачыненні да ліквідаванага дабрачыннага фонду "Кіндэрвіта" разглядаецца магчымасць крымінальнай справы. Пра гэта ў эфіры АНТ заявіў намеснік начальніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю (КДК) Юрый Кардымон, заўважыла "Зеркало".

Прадстаўнік КДК паведаміў, што ў іх поле зроку "перыядычна трапляюць розныя грамадскія аб'яднанні, установы і фонды, якія на падставе збору сродкаў на дабрачыннасць атрымліваюць істотныя пералічэнні грошай ад грамадзян і пасля выдаткоўваюць на асабістыя патрэбы". І падкрэсліў, што ацэнка будзе давацца ў рамках крымінальнага заканадаўства.

У тэлесюжэце сцвярджаецца, што частка сабраных грошай ішла не на лячэнне дзяцей, а на асабістыя патрэбы супрацоўнікаў фонду "Кіндэрвіта". Нібыта, на гэтыя грошы ладзіліся застоллі, забаўляльныя мерапрыемствы, а таксама сродкі пералічваліся на іншыя нямэтавыя выдаткі.

Дырэктарку арганізацыі Надзею Манцэвіч абвінавацілі ў тым, што яна раней нібыта фігуравала ў крымінальнай справе, звязанай з вырабам і распаўсюдам парнаграфіі. Паведамляецца, што цяпер яна жыве ў Польшчы, куды вывезла частку сабраных сродкаў.

Частку супрацоўнікаў і валанцёраў фонду абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе.

Фонд "Кіндэрвіта" быў заснаваны ў 2021 годзе. За два гады да таго ў дзіцяці Надзеі Манцэвіч дыягнаставалі анкалагічнае захворванне. Таму яна вырашыла стварыць дабрачынную арганізацыю, каб дапамагаць анкахворым дзецям.

19 сакавіка 2026 года галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама пастанавіла ліквідаваць "Кіндэрвіту". Супрацоўнікі фонду запісалі відэазварот да Лукашэнкі з просьбай адмяніць рашэнне аб ліквідацыі. За суткі іх ролік сабраў больш за 320 тысяч праглядаў у Instagram і звыш 120 тысяч у TikTok.

У адказ прапаганда накінулася на фонд з самымі рознымі абвінавачваннямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.