Арменія на раздарожжы: ці выйдзе краіна са сферы ўплыву Расіі?

Пуцін і Пашынян / прэс-служба ўрада РА
Пуцін і Пашынян / прэс-служба ўрада РА

Ці здолее Арменія выйсці са сферы ўплыву Расіі? Меркаванне на гэтую тэму чытайце ў партнёрскім матэрыяле ад JAM-news.

"Калі Арменія дэ-юрэ прыме рашэнне аб выхадзе з АДКБ, то гэта адбудзецца пасля таго, як Ерэван зафіксуе, што АДКБ сышла з Арменіі». Падобныя заявы прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна гучаць з траўня 2021 года, калі Арменія звярнулася да Расіі з просьбай абараніць межы Арменіі і не атрымала дапамогі.

Сітуацыю ўскладняе тое, што ўлады Арменіі не дачакаліся не толькі ваеннай дапамогі для абароны сваёй тэрыторыі, але і палітычнай заявы ад Расіі і саюзнікаў па АДКБ. Яны дасюль яшчэ не канстатавалі, што УС Азербайджана ўварваліся на суверэнную тэрыторыі краіны. Больш за тое, адмовіліся садзейнічаць саюзнай Арменіі на той падставе, што не была праведзеная дэлімітацыя і дэмаркацыя мяжы.

"Цягам двух апошніх гадоў Арменія як мінімум тры разы пацярпела ад агрэсіі з боку Азербайджана. Засмучае, што членства Арменіі ў АДКБ не спыніла Азербайджан ад агрэсіўных дзеянняў і што фактычна да сённяшняга дня нам не ўдалося прыйсці да рашэння з нагоды рэакцыі АДКБ на гэтую агрэсію. Гэтыя факты прычыняюць велізарную шкоду іміджу АДКБ як унутры нашай краіны, так і за яе межамі", — заявіў Пашынян.

Прэм'ер не выключае таго, што Арменія можа пакінуць ваенны блок, які дзейнічае пад лідарствам Расіі. Калі гэта сапраўды здарыцца, Ерэван фактычна разарве саюзніцкія зносіны з Масквой і возьме курс на інтэграцыю з Захадам. Разам з тым ужо зараз рэйтынг стратэгічнага саюзніка Арменіі знаходзіцца на самых нізкіх пазіцыях за апошнія 30 гадоў.

З чаго пачаўся крызіс?

Пра тое, што адносіны Арменіі і Расіі перажываюць, мякка кажучы, не лепшыя часы, ужо гаворыцца адкрыта. Так прама армянскія ўлады ніколі не крытыкавалі Маскву і АДКБ. Людзі ў Арменіі са здзіўленнем сочаць за чарадой заяў Пашыняна з крытыкай на адрас Расіі, у тым ліку бяздзейнасці расійскіх міратворцаў, дыслакаваных у Нагорным Карабаху.

У прыватнасці, прэм'ер Арменіі раскрытыкаваў РМК, каментуючы блакаду Лачынскага калідора, адзінай дарогі, якая злучае непрызнаную рэспубліку з Арменіяй:

"Вядома, гэта адбываецца праз дзеянні Азербайджана, але ад гэтага сэнс не мяняецца. Гэта ключавы сэнс прысутнасці расійскіх міратворцаў — не дазваляць незаконныя дзеянні і трымаць пад кантролем Лачынскі калідор".

Незадаволенасць Ерэвана пазіцыяй Масквы і краін, якія ўваходзяць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы, нарастала як камяк снегу. Усё пачалося з інцыдэнтаў на армяна-азербайджанскай мяжы пасля вайны 2020 года ў Нагорным Карабаху.

Улады краіны заяўляюць, што Азербайджан за апошнія два з лішкам гады некалькі разоў распачынаў маштабныя ваенныя дзеянні, адначасова праводзячы і паўзучую экспансію і паглыбляючыся ўглыб тэрыторыі Арменіі. Аслабелая пасля паразы ў другой карабахскай вайне Арменія надта разлічвала на падтрымку саюзнікаў.

"Агрэсія супраць суверэннай тэрыторыі Арменіі з траўня 2021 года па 13 верасня 2022 года была ўдвая больш балючай, таму што нашыя саюзнікі па бяспецы кінулі нас адных, аддаючы перавагу застацца ў статусе пасіўнага назіральніка або прапанаваўшы ў якасці альтэрнатывы статус актыўнага назіральніка", — сказаў Нікол Пашынян.

Ці толькі гэта стала прычынай крызісу? 

Размовы пра тое, што ў Арменіі да ўлады могуць прыйсці праеўрапейскія сілы, актывізаваліся ў перыяд «аксамітнай рэвалюцыі» 2018 года. Тады ўсе ўзгадалі, што лідар руху, апазіцыйны палітык Пашынян, выступаў з заявамі аб неабходнасці пакінуць Еўразійскі эканамічны саюз, які дзейнічае пад эгідай Расіі.

Але, дабраўшыся да ўлады, Пашынян змяніў рыторыку і перш за ўсё заявіў, што Ерэван ніякія інтэграцыйныя структуры пакідаць не збіраецца і тым больш не імкнецца да палітычнага рэверсу. Але гэта былі толькі словы, упэўнены палітычны аглядальнік, былы дэпутат парламента Арменіі Арман Абавян:

"Дастаткова толькі вывучыць склад так званага моладзевага крыла рэвалюцыянераў у 2018 годзе. Яны досыць актыўна паводзілі сябе на грамадскім полі. Гэта тыя ж людзі, якія ў свой час арганізоўвалі антырасійскія акцыі перад амбасадай Расіі. Нават у складзе цяперашняга ўрада ёсць такія людзі".

У вышэйшым кіраўніцтве краіны сапраўды ёсць так званыя "ярка выяўленыя заходнікі", якія да 2018 года жорстка крытыкавалі палітыку Масквы ў дачыненні да Арменіі. Самая значная фігура з іх — сакратар Савета Бяспекі Армэн Грыгаран.

Армения на перепутье: уйдёт ли страна из сферы влияния России?
Пашынян і яго каманда на галоўнай плошчы Ерэвана пасля перамогі рэвалюцыі / JAMnews

Разам з тым, прыйшоўшы да ўлады, Нікол Пашынян і каманда пастаянна заяўлялі аб імкненні вывесці адносіны з Масквой на якасна новы ўзровень. Лідары дзвюх краін рэгулярна сустракаліся, і здавалася, што Арменія і Расія задаволеныя адносінамі адно з адным.

На пачатковым этапе прэм'ерства Пашынян сапраўды не думаў пра змену знешнепалітычнага курсу, упэўнены палітолаг Рубэн Меграбян:

"У 2018 годзе была ілюзія, што ёсць нават магчымасць пабудаваць якасна новыя адносіны, паглыбіць сувязі з Расіяй. І новыя дэмакратычныя ўлады Арменіі здольныя гэта зрабіць. Але жыццё паказала, што гэта была не проста ілюзія. Гэта была небяспечная ілюзія. І зараз ад гэтай ілюзіі не засталося каменя на камені".

Ці сапраўды Арменія бярэ кірунак на Захад? 

Пасля вайны 2020 года, здавалася, Расія ўстанавіла "аднаасобную гегемонію ў рэгіёне Паўднёвага Каўказа", якая нязначна парушалася толькі прысутнасцю Турцыі. Але пасля ўкраінскіх падзей Масква пачала імкліва губляць пазіцыі.

13 верасня 2022 года на армяна-азербайджанскай мяжы здарылася самая маштабная эскалацыя пасля вайны. Праз некалькі дзён у Арменію прыехала спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі, а сусветныя медыя паведамілі, што спыніць вераснёўскія сутыкненні ўдалося дзякуючы Вашынгтону. Гэта, мабыць, стала паваротным момантам у пасляваенным цыкле карабахскага ўрэгулявання.

Сітуацыя пагаршалася кожнага разу, калі Арменія і Азербайджан сутыкаліся на мяжы, а Расія маўчала. Усё гэта прывяло да таго, што галоўным мадэратарам у працэсе перамоў становяцца Вашынгтон і Брусель.

"Па загадзе абставінаў Арменія ўсё ж такі пераглядае свае адносіны з Расіяй. Гэта па-першае. Па-другое, Арменія зафіксавала сваю еднасць з інтарэсамі, каштоўнасцямі і мэтамі Еўрапейскага Саюза і разглядае ЕС у якасці перспектыўнага партнёра. Разам з тым, у Арменіі няма канчатковага рашэння для падагульнення гэтай карціны. Таму што Арменія працягвае заставацца чальцом структур, якія супярэчаць дзяржаўным інтарэсам і бяспецы Арменіі», — так апісвае цяперашні стан спраў палітолаг Рубэн Меграбян.

Паралельна з гэтым рэаліі мяняліся і ў Нагорным Карабаху. Летась у снежні азербайджанцы, якія называлі сябе экалагічнымі актывістамі, перакрылі Лачынскі калідор. І Расія фактычна не ўжыла ніякіх дзейсных захадаў для таго, каб яго разблакаваць. Потым Баку пайшоў далей і пры маўклівай згодзе расійскіх міратворцаў усталяваў кантрольна-прапускны пункт у Лачынскім калідоры. Такім чынам, дарога цяпер фактычна не кантралюецца Расіяй, як тое мелася на ўвазе ў трохбаковай заяве 2020 года.

Адмова ад Карабаха

Чым далей заходзіў Азербайджан і чым даўжэй маўчала Масква, тым слабейшымі станавіліся пазіцыі Ерэвана на перамовах. Ваенныя эскалацыі на мяжы зрабіліся спосабам аказання ціску на армянскія ўлады. Усё гэта прывяло да таго, што Нікол Пашынян публічна заявіў, а пасля і пацвердзіў афіцыйную пазіцыю Ерэвана на перамовах — Арменія гатовая прызнаць Нагорны Карабах у складзе Азербайджана:

"Мірны дагавор паміж Арменіяй і Азербайджанам стане рэальным, калі абедзве краіны выразна, без двухсэнсоўнасцяў прызнаюць тэрытарыяльную цэласнасць адзін аднаго і прымуць абавязкі не прад'яўляць адзін аднаму тэрытарыяльныя прэтэнзіі сёння і некалі яшчэ. Зараз я хачу пацвердзіць, што Рэспубліка Арменія цалкам прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Азербайджана, і мы спадзяемся, што Азербайджан зробіць тое ж самае, прызнаўшы ўсю тэрыторыю Армянскай ССР Рэспублікай Арменія".

Павярхоўны аналіз сітуацыі можа стварыць уражанне, што Арменія вымушана ідзе на такі крок. Але гэта больш прадуманая і доўгатэрміновая палітыка, мяркуе Арман Абавян. Яе мэта — змена вектара ў знешняй палітыцы:

"Гэтая ўлада з'яўляецца выканаўцам для тых геапалітычных цэнтраў, асноўная мэта якіх — выціснуць з рэгіёну Паўднёвага Каўказа ўсходні вектар: Расію, Іран і часткова Кітай".

Эксперты агучваюць версію, што канчатковым вынікам гэтага працэсу павінна стаць адкрыццё мяжы з Турцыяй за кошт саступак па пытанні Карабаха. Калі гэта адбудзецца, Арменія атрымае самую кароткую камунікацыю з Еўропай, што можа істотна пашырыць магчымасці супрацоўніцтва Ерэвана і Бруселя.

Ці адпавядае гэта нацыянальным інтарэсам Арменіі? 

У які бок павінна рухацца Арменія ў знешняй палітыцы. Гэта, бадай, адзін з самых істотных дыскурсаў у армянскім палітычным парадку дня. Калі некалькі гадоў таму абсалютная большасць насельніцтва краіны ўхваляла палітыку ўладаў на паглыбленне супрацоўніцтва з Масквой, вайна 2020 года і наступныя падзеі змянілі меркаванне грамадства. Зараз Расію ўважае за прыязную краіну ўсяго 35 працэнтаў насельніцтва, між тым, да вайны гэты паказчык быў вышэйшы за 50 працэнтаў. Для параўнання, Францыю прыязнай лічаць 45 працэнтаў.

Яшчэ адно важнае пытанне, на якое спрабуе адказаць армянская аналітычная супольнасць, — чаму Расія вядзе такую палітыку ў дачыненні да Арменіі і Нагорнага Карабаха. І галоўны адказ на гэтае пытанне эксперты звязваюць з украінскім крызісам.

Пасля закрыцця межаў з еўрапейскімі краінамі і заходніх санкцый Расія апынулася ў жорсткай залежнасці ад Турцыі і нават Азербайджана па частцы камунікацый і экспарту вуглевадародаў. Менавіта Турцыя цяпер з'яўляецца асноўным і галоўным маршрутам экспарту і імпарту для Расіі. У такой сітуацыі Масква проста не можа сабе дазволіць "пакрыўдзіць" Анкару і Баку і не саступіць ім у пытаннях Нагорнага Карабаха і Арменіі.

Разуменне гэтых рэалій павінна прывесці да абнаўлення знешняй палітыкі Арменіі, упэўнены палітолаг Гурген Сіманян:

"Час выказаць выразную пазіцыю і выйсці з ваенна-палітычнага саюза АДКБ. Па выніках ваеннай агрэсіі 2020 года тыя спадзяванні, якія ў нас былі звязаныя з Расіяй ў кантэксце двухбаковых пагадненняў, і не толькі з Расіяй, але і з АДКБ, мякка кажучы, не задаволілі нас. Калі не сказаць, што нанеслі сур'ёзны ўдар па нашай нацыянальнай бяспецы".

Арменія незадаволеная і тым, што Расія не пастаўляе раней закупленае ў яе ўзбраенне, якое, дарэчы, было аплачанае. У гэтай сітуацыі Ерэван істотна актывізаваў кантакты з Індыяй, а таксама з Францыяй. Гэта значыць, краіна мае намер змяніць, ці як найменш дыверсіфікаваць, і вектар ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Ці здолее Ерэван ва ўмовах жорсткай турбулентнасці пабудаваць новую архітэктуру бяспекі? І, самае галоўнае, да якіх наступстваў прывядзе гэты працэс? Пытанні, якія пакуль застаюцца адкрытымі. Адназначна адно — Ерэван ужо пачаў пераглядаць стасункі з Масквой фактычна ўпершыню за гады незалежнасці.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі