Akute: Мы гурт не толькі гэтага года, а і наступнага, і ўсяго тысячагоддзя

13 лютага ў сталічным клубе Re:Public адбудзецца ўручэнне чарговай музычнай прэміі Еўрарадыё “Даём рады”, дзе выступяць гурты Trubetskoy, Akute, “Разбітае сэрца пацана”, “Мутнаевока” ды Haina. Мы працягваем размаўляць з удзельнікамі фэсту і сёння пад раздачу трапіла магілёўская каманда Akute. Што праўда музыкі так і не здолелі знайсці вольны час, каб прыехаць у мінскую студыю Еўрарадыё, таму давялося падключаць сучасныя тэхналогіі.

Раман Жыгараў ды Стас Мытнік размаўляюць з намі з дапамогай Скайпа на тэлефоне, які ўвесь час варочаюць. У выніку твары музыкаў таксама змяняюць пазіцыю: то ляжаць на левым баку, то на правым, а то і да гары нагамі.

Еўрарадыё: Ці сачылі вы за музычным годам летась, і што можаце пра яго сказаць?

Раман Жыгараў: Нам падаецца, што гэта быў даволі насычаны год! Узгадваецца шмат выдатных рэлізаў, але называць іх не вельмі хочацца. Гэта ж музыканты, гэта ж балота: кагосьці ўзгадаеш, кагосьці не, і пачнуцца розныя крыўды. То бок, мы лічым, што гэта быў вельмі плённы год для беларускай музыкі. І гэта заўважна хоць бы па колькасці выдатных рэлізаў, якія мы маем. І ў Akute нарэшце выйшаў альбом, бо мы два гады нічога не выдавалі! Таму мне падаецца, што ўсё было даволі… шчыльненька.

Еўрарадыё: То бок, пытацца пра тое, каму б вы далі якія ўзнагароды, няма сэнсу. А ўвогуле, як, ці не гіне, на ваш погляд, беларускі рок?

Стас Мытнік: Ніяк не магу з гэтым пагадзіцца! Гуртоў становіцца ўсё больш, і гэта добра заўважна. Рэлізаў таксама стала значна больш. Магчыма, гэта звязана з тым, што цяпер стала танней запісвацца, ці, можа, з’явілася шмат вольных музыкаў, ці стала папросту больш магчымасцяў… не ведаю. Але факт тое, што гуртоў стала больш, прычым, гуртоў, якія чуваць!

Раман Жыгараў: Гэта ў нас па Магілёве ёсць такі прыклад: нам складана знайсці вольны час на рэпетыцыйнай кропцы, каб парэпетаваць. Графік увесь распісаны, столькі чалавек рэпетуе! Так што, хутка з’явіцца шпана, якая сатрэ нас у парашок, і гэта відавочна!

Еўрарадыё: Ну, а ваша месца ў мінулагоднім музычным жыцці? Ці дасягнулі вы дастаткова, каб прэтэндаваць на, напрыклад, намінацыю “Гурт-2014”?

Стас Мытнік: Трэба нешта пафаснае зараз адказаць (смяюцца)!

Раман Жыгараў: Без лішняга пафасу мы лічым, што мы гурт не толькі гэтага году, але і наступнага і ўсяго тысячагоддзя.

Еўрарадыё: То бок, раблю выснову, што цяпер усё, што вы плануеце, ў вас атрымліваецца.

Раман Жыгараў: Ну, можна трошкі нахабна сказаць, што ў нас заўсёды ўсё атрымліваецца! Але мы ніколі сабе не ставім нейкіх недасягальных мэтаў. Мы заўсёды дастаткова цвяроза да сябе ставімся і ведаем сваё месца, хто мы ды што мы.

“Ведаеш, дзетка, Еўрарадыё за намі лётала, але мы не жадалі ім інтэрв’ю даваць!”

Еўрарадыё: Адчуваеце сябе легендай беларускай рок-музыкі? Напрацавалі ўжо на гэтае гучнае званне?

Раман Жыгараў: Ну, вось у гэты момант, бо нам тэлефануе Еўрарадыё, адчуваем (смяюцца)!

Стас Мытнік: Калі будзем старыя, будзем самі прыдумваць легенды і казаць, што мы легендарная каманда.

Раман Жыгараў: Сядзім мы такія састарэлыя ў шынку, а там якія-небудзь дзяўчынкі нас пазнаюць і мы ім давай распавядаць: “Ведаеш, дзетка…

Стас Мытнік:Еўрарадыё за намі лётала, а мы не жадалі ім інтэрв’ю даваць! Былі часы”! (усміхаюцца)

Еўрарадыё: Калі б была магчымасць, то змянілі б што-небудзь у сваім творчым шляху?

Стас Мытнік: Пра гэта рана казаць, бо мы шмат чаго яшчэ не зрабілі з запланаванага, дык навошта ж тады назад азірацца!?

Раман Жыгараў: Да таго ж, у мінулым ужо нічога не зменіш, ды і жадання асаблівага няма. Для свайго часу ў нас былі песні, за якія нам дагэтуль не сорамна. Таму навошта..? Яно ўсё рабілася і выдавалася толькі таму, што мы былі гэтым задаволеныя. Ну, і ўсё на гэтым! Цяпер мы будзем рабіць толькі тое, чым будзем задаволеныя на гэты момант. Так што, цяпер мы думаем выключна пра будучыню.

Еўрарадыё: Не магу не спытацца! Летась у вас змяніўся склад. Чаму вы замянілі бубнача?

Стас Мытнік: Так адбываецца, і не толькі ў нас, але і ў многіх людзей. У кожнага свой шлях. У пэўны момант варта паглядзець на ўсё і зразумець, каму што трэба. Трэба своечасова рабіць нейкія змены і ў сабе ў сваім асяроддзі.

Раман Жыгараў: У нас усё адбылося даволі арганічна. У пэўны момант стала відавочна, што нам ёсць чым займацца паасобку, і Пашы таксама ёсць, куды ісці. Гэта ўсё не ад нейкай злосці. Усё ў парадку!

Еўрарадыё: А новы музыка ўліўся ў калектыў, ці вы пакуль яшчэ ў пошуку?

Раман Жыгараў: Тут яшчэ рана казаць. Трэба ж прыцерціся… Калектыў — гэта як сям’я, як механізм. Яшчэ не так шмат часу прайшло, каб было магчыма сказаць нешта дакладна.

Стас Мытнік: Пакуль што мы робім самае галоўнае: граем, пішам новы матэрыял… а пра новага музыку можна будзе казаць пазней.

Знайсці нейкага папіка, які прапхне тваю навіну на Tut.by, — не галоўнае

Еўрарадыё: Маладыя музыкі часта наракаюць на тое, што не хапае ў Беларусі музычных мэнэджараў. Маўляў, з-за гэтага і цяжка стаць папулярным, бо даводзіцца займацца а ўсім адразу, і мала часу застаецца менавіта на музыку. Вы той даволі рэдкі гурт, які папрацаваў і з мэнэджарам і без яго. Як лепей?

Стас Мытнік: Гэта не нейкая там універсальная рэч, гэта вельмі асабіста для кожнага. Параўноўваць, як лепей, з мэнэджарам, ці без яго, — немагчыма.

Раман Жыгараў: Мы сапраўды папрацавалі, і не з адным мэнэджарам, і працягваем супрацоўнічаць з пэўнымі асобамі, якія нам дапамагаюць. Але нам ужо цалкам хапае ўласнага досведу, каб рабіць канцэрты, запісвацца і самастойна рабіць нейкае прома.

Стас Мытнік: Натуральна, ад супрацоўніцтва з мэнэджарам было шмат пазітыўных момантаў, але гэта зусім не значыць, што адзіны шлях развіцця менавіта такі. Калі наракаюць, што ў нас няма, не хапае мэнэджараў, то я згодны, бо іх сапраўды адзінкі. Было б значна лепей, каб іх было больш, і паміж імі была нейкая канкурэнцыя.

Раман Жыгараў: Сёння казаць пра канкурэнцыю паміж імі не даводзіцца, але бачна, што вядомыя мэнэджары крута працуюць: іх каманды часта выступаюць, пра іх чуваць… Але для маладога музыкі, мне падаецца, знайсці нейкага папіка, які прапіхне тваю навіну на Tut.by, — гэта не галоўнае. Сэнс у тым, што ўсё залежыць ад самога чалавека. Калі ты будзеш шмат працаваць над сабой, то ў выніку адкрыеш любыя дзверы. Можа, у нас і праўда больш досведу, таму мы амаль і не заўважылі, што ў нас не стала мэнэджара. Але ўсё працягваецца так жа, як і было… хоць тут таксама складана параўноўваць.

Цяпер мы пішам толькі пра наркотыкі і смерць

Еўрарадыё: Цяпер вы працуеце над новымі трэкамі. Можна казаць, што вы знайшлі свой стыль, і нейкіх эксперыментаў ад вас ужо чакаць не варта?

Стас Мытнік: А ў нас усе альбомы эксперыментальныя (усміхаецца).

Раман Жыгараў: Эксперыментал-неа-трэш!

Стас Мытнік: Кардынальна змяняцца мы ўжо не будзем. Але змяняцца ў той ці іншай ступені заўсёды ёсць жаданне.

Еўрарадыё: У якой той ці іншай ступені? У залежнасці ад зменаў уласных густаў ці, можа, моды?

Раман Жыгараў: Ну якая мода!? Моду стварае той, хто кажа: "Я мода!". І ўсе гэтыя плыні хутка знікаюць. Мы думаем, як нам зрабіць больш якасна. А не над тым, як раптоўна зайграць, напрыклад, модныя трэп ці даб-стэп. Akute ўжо мае тры альбомы, і ўжо можна казаць, што сфармавалася. І ў гэтым струмені мы і будзем далей працаваць. Хоць цяпер, напрыклад, я назіраю больш нейкага панк-рока. Але і трэці альбом быў даволі прыпанкаваны. Але цяпер новы матэрыял такі хардавы, цяжкі даволі.

Еўрарадыё: Вось, дарэчы, распавядзіце пра новы матэрыял…

Раман Жыгараў: Цяпер мы пішам толькі пра наркотыкі і смерць (усміхаецца)!

Стас Мытнік: Мы слухаем апошні альбом Мэрыліна Мэнсана і пад яго ўплывам ствараем новы матэрыял.

Раман Жыгараў: І, апроч свайго стылю дыска-дэкаданс, мы прыдумалі яшчэ новую плынь для сябе, якая называецца смерць-рок (смяюцца). Ну, мы так адчуваем сябе, нейкая такая беларуская готыка.

На “Даём рады” прэзентуем “Усё павернецца” — гэта такі бескампрамісны панк-рок-нумар

Еўрарадыё: Дык ці чакаць вясной новы максі-сінгл ад Akute?

Стас Мытнік: Напэўна, так і будзе, ва ўсялякім выпадку, мы ставілі сабе такія мэты, нешта паказаць вясной. Бо нам самім гэта трэба, каб нейкую працаздольнасць адчуць, каб далей працаваць. Калі музыка сам сябе не падкормлівае, то ён пачынае сумаваць, загінацца.

Раман Жыгараў: Пачынае бухаць! Але не так, як на канцэртах, пасля іх — весела, а гаротна. Сем год граеш адно і тое ж, пастаяннае адзіноцтва, а тут хоп, і новы матэрыял.

Стас Мытнік: І зноў прыемна хадзіць на рэпетыцыі.

Раман Жыгараў: Сапраўды, мы цяпер носімся так, як калісьці пачыналі. Нам так цікава, як упершыню мы збіраліся. Цяпер у нас такі матэрыял, які нас сапраўды чапляе і заводзіць.

Еўрарадыё: Кольку ўжо песень зроблена?

Стас Мытнік: Ведаеш, яны ў нас не па чарзе робяцца, а, хутчэй, адначасова. Вось калі ты трэкі з інтэрнэта сцягваеш, яны па-рознаму заліваюцца: адзін на 60%, іншы на 80%, трэці на 20%... так і ў нас.

Раман Жыгараў: На 100% ёсць ужо гатовая Усё павернецца”, пра якую я ўжо распавядаў. Гэта будзе такі панк-рок-нумар, даволі бескампрамісны. Нам падабаецца рубіць такое музло, і мы яго пакажам на “Даём рады”. Цяпер Мытнік Станіслаў Андрэевіч упарта вучыць тэкст.

Стас Мытнік: Там 12 радкоў, і гэта даволі складана. Бо ў мяне ўсе песні ў механічнай памяці. Не хапае АЗУ (усміхаюцца).

 

Мы жадаем зняць такі міні-фільм жахаў, накшталт “Вядзьмаркі з Блэр”.

Еўрарадыё: Вясной будзе ЕР, а калі альбом?

Раман Жыгараў: Ну, не будзем абнадзейваць ні публіку, ні саміх сабе. Таму не ведаем пакуль.

Еўрарадыё: Тады працягну па класічных пытаннях: можа, кліп здымаеце?

Раман Жыгараў: У нас ёсць думкі наконт відэа. І нават не важна, на якую песню. Мы жадаем зняць такі міні-фільм жахаў, накшталт “Вядзьмаркі з Блэр”. З імітацыяй хатніх здымак, каб было жудасна, але незразумела, ад чаго. Думаю, што на які-небудзь бліжэйшы матэрыял і здымем, тым больш, ужо былі нейкія перамовы.

Еўрарадыё: Прафесійныя рэжысёры, ці, хутчэй, студэнты-фанаты?

Раман Жыгараў: Хутчэй, фанаты сваёй справы, у якіх ёсць нейкая іскра. Яна разумеюць, як і што рабіць. А гэтага даволі часта дастаткова, каб зрабіць якасны і незвычайны прадукт.

Еўрарадыё: Летась вы праехаліся па невялікіх беларускіх гарадах, сёлета працягнеце гэтую практыку, ці не спадабалася?

Стас Мытнік: Цяпер ідуць перамовы з невялікімі гарадамі, адносна абласных цэнтраў, і з вялікімі фестывалямі.

Раман Жыгараў: Мы з’ездзім ва Украіну, у Польшчу, а ў Беларусі дакладна аб’ездзім усе мястэчкі, якія проста зможам. Мы бачым зацікаўленасць, бо людзі ў невялікіх гарадах не маюць столькі мерапрыемстваў, яны галодныя да іх, калі так можна сказаць. Мы бачым вялікую аддачу, і тут зусім ужо не важна, колькі чалавек у зале. А ў невялікім горадзе зразумела, што людзей будзе, ну, сотні дзве. Але ад іх столькі энергіі валіць, што чакайце, абавязкова, даедзем да ўсіх гарадкоў!

Музыкай нельга заклікаць да нейкіх палітычных дзеянняў… хіба толькі, да добрых

Еўрарадыё: Шэраг пытанняў да, як мы ўжо высветлілі, легендаў беларускага року, каб даведацца, што ж вы за людзі. Вы рэлігійныя, і як увогуле ставіцеся да рэлігіі?

Раман Жыгараў: Я абсалютна не рэлігійны. Магчыма, нейкае ўяўленне пра нейкі звышрозум у мяне ёсць, але я ўвогуле не прымаю ніводную рэлігію, якая ёсць у чалавецтва. Ну як можна ў гэта верыць у 21-м стагоддзі, калі ўсё абсалютна відавочна. А ўсё астатняе — гэта нейкія адхіленні чалавечага мозгу, у чымсьці хворы розум. 

Стас Мытнік: Я таксама не рэлігійны, хоць і веру ў нейкія пэўныя сілы… Але тое, што можна рабіць што хочаш, а потым пайсці ў нейкі будынак з купаламі, папрасіць там прабачэння і ўсё будзе ок, а потым у нейкім завуголлі зноў кагосьці клясці… глупства, мне падаецца. Для мяне вера — не тое, колькі разоў ты ходзіш у царкву, а тое, што ты адчуваеш унутры.

Еўрарадыё: А што наконт розных сацыяльных каштоўнасцяў? Вы ж ужо дарослыя хлопцы, але няма ні жонак, ні дзяцей, ва ўсялякім выпадку, афіцыйных?)

Стас Мытнік: Так адбываецца зусім не таму, што мы да гэтага негатыўна ставімся. Проста кожны ведае, калі надыходзіць час стварыць сям’ю, дзяцей і г.д. Для кожнага гэта вельмі інтымныя рэчы. Таму казаць, што мы там перакананыя халасцякі не даводзіцца.

Раман Жыгараў: Карацей, проста пакуль яшчэ не прыспеў час.

Еўрарадыё: Карацей пошук вядзецца!) Прыходзьце на “Даём рады”, там Akute шукаюць жонак!)

Раман Жыгараў: Так! Галоўнае прыходзьце, а там ужо разбярэмся на месцы (смяюцца).

Еўрарадыё: На развітанне хацелася б спытацца пра ваша стаўленне да таго, што цяпер адбываецца ў свеце. Але адмова ад адказу будзе прынятая!)

Стас Мытнік: Мы даволі апалітычныя людзі, калі так можна сказаць. Але ў нас у кожнага ёсць пэўнае стаўленне да таго, што адбываецца навокал.

Раман Жыгараў: І гэтыя меркаванні ў нас аднолькавыя.

Стас Мытнік: Мы супраць усялякага прымусу, тэрору і вайны. Мы музыкі, і ў любым выпадку будзем выступаць за мір. Мы лічым, што музыку не трэба перакрыжоўваць з нейкімі палітычнымі справамі. Музыка — гэта не палітычны сродак для ўплыву на кагосьці, ёй нельга заклікаць да нейкіх палітычных дзеянняў… мне падаецца.

Раман Жыгараў: Хіба толькі, да добрых дзеянняў…

Еўрарадыё: Але што ёсць "добрае"? Гэта ж вельмі суб’ектыўна!

Раман Жыгараў: А аб’ектыўнага ў гэтым свеце і няма, усё суб’ектыўна!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі