Вы тут

Адлучаны: чым Лукашэнку пагражае анафема

Аляксандр Лукашэнка / ілюстрацыя "Забороны"

23 лістапада Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква аддала анафеме Аляксандра Лукашэнку — за "крывавыя расправы над мірнымі людзьмі на вуліцах і ў турмах". Якое значэнне анафема мае ў нашы дні, якія выпадкі анафемы вядомыя гісторыі і што чакае адданага анафеме — разбіралася "Новая газета –– Балтия".

Анафема — гэта адлучэнне ад царквы. "Лічыцца, што пасля абвяшчэння анафемы чалавек больш не знаходзіцца ва ўлонні царквы, а значыць, не можа выратаваць сваю душу і атрымлівае ў спадчыну пекла. Гэта фармальны бок", — тлумачыць украінскі рэлігіязнаўца і дырэктар Цэнтра рэлігійнай бяспекі Дзмітрый Гаравой. Анафема — гэта своеасаблівая канстатацыя факта, што чалавек знаходзіцца за межамі хрысціянскай супольнасці.

Першапачаткова аддавалі анафеме ерэтыкоў, раскольнікаў і лжэнастаўнікаў. З часам хрысціянская царква інтэгравалася ў палітычны ландшафт Візантыйскай імперыі. Царква пачала выкарыстоўваць дзяржаўныя метады ўплыву, а дзяржава — царкоўныя. Так у гісторыі з'явіліся палітычныя анафемы.

Гісторыі вядомыя досыць гучныя прыклады палітычных анафем — у розны час ад царквы былі адлучаны нацыянальны герой Украіны гетман Мазепа, правадыр паўстання 1670–1671 гадоў у Расіі Сцяпан Разін, кубінскі лідар Фідэль Кастра, а Уладзіміра Леніна аддалі анафеме двойчы. Адзін з апошніх прыкладаў — гэта анафема Аляксандру Лукашэнку.

На практыцы анафема азначае, што адлучаны не можа ні прычасціцца, ні паспавядацца, ні прыступіць да любога царкоўнага абраду. Анафему можна атрымаць як пры жыцці, так і пасля смерці. У другім выпадку душа адлучанага пазбаўляецца права на памінанне.

Анафема Лукашенку

У Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы ёсць прыходы ў ЗША, Канадзе, Заходняй Еўропе, пры гэтым у самой Беларусі яна не зарэгістраваная як рэлігійная арганізацыя, хоць і мае адзін прыход.

"У выпадку з Лукашэнкам анафема не за ерась або парушэнне царкоўнага веравучэння, а за таптанне чалавечай годнасці, катаванні і масавае збіццё людзей", — тлумачыць Дзмітрый Гаравой.

У Архіпастырскім абвяшчэнні анафемы Аляксандру Лукашэнку ён названы "дыктатарам, забойцам і катам беларускага народа".

"Царква — інстытут духоўны і апалітычны, настаўляе паству змагацца за праўду і не можа моўчкі назіраць за генацыдам беларусаў, а павінна згодна з святым вучэннем Хрыстовым быць сумленнем свайго народа, што змушае нас абвясціць анафему", — гаворыцца ў абвяшчэнні анафемы.

Дакумент тлумачыць, што Аляксандр Лукашэнка належыць да праваслаўнай царквы па нараджэнні, аднак яму забараняецца прыступаць да Таінстваў Хрыстовых, яго забаронена згадваць у праваслаўных службах і малітвах да поўнага пакаяння перад царквой і народам Беларусі.

Наколькі гэта важна? "Цяпер анафема — гэта больш сімвал. Шырокія масы не надаюць вялікага значэння гэтаму. Невялікай колькасці вернікаў — вельмі невялікай — гэта яшчэ важна. Наколькі гэта важна для Лукашэнкі? Думаю, яму ад гэтага ні холадна, ні горача — ён сам заяўляў, што з'яўляецца "праваслаўным атэістам", — тлумачыць Дзмітрый Гаравой.

Аляксандр Лукашэнка ў часе наведвання Блакітнай крыніцы, 13 ліпеня 2020 года / president.gov.by​

Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква — што гэта?

Ці важна, якая менавіта царква аддае анафеме таго ці іншага чалавека? Так, гэта важна.

"БАПЦ лічыцца раскольніцкай, але гэта паўбяды. Кіеўскі патрыярхат і патрыярх Філарэт таксама такім лічыўся. Але сутнасць у тым, што ў БАПЦ амаль няма перспектывы атрымаць прызнанне. У іх вельмі мала прыходаў. Так, ёсць незадаволеныя Маскоўскім патрыярхатам у Беларусі, але яны не будуць пераходзіць з Беларускай праваслаўнай царквы ў БАПЦ — яны хутчэй пойдуць да каталікоў", — тлумачыць рэлігіязнаўца.

"Калі б Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) аддала анафеме Лукашэнку – гэта так, гэта быў бы моцны ход і паставіў бы на ім кляймо, плюс адвярнуў ад яго частку яго электарату", — дадае Дзмітрый Гаравой.

Сапраўды, у Беларусі 58% насельніцтва лічаць сябе вернікамі, пры гэтым каля 80% адносяць сябе да Беларускай праваслаўнай царквы — а гэта каля 37% насельніцтва ўсёй краіны.

Беларуская праваслаўная царква ў жніўні апублікавала супярэчлівы зварот, у якім, з аднаго боку, заклікала кіраўніцтва краіны спыніць гвалт, а з другога боку — спыніць супрацьстаянне.

"Заклікаем усіх дараваць крыўды адно аднаму і згуртавацца любоўю да Бога і бліжняга, каб захаваць родную Беларусь і перадаць яе наступным пакаленням мірнай, незалежнай і квітнеючай. Іншай дарогі ў нас няма. Правакатараў і падбухторшчыкаў заклікаем адумацца і спыніць правакацыі, накіраваныя на дэстабілізацыю нашай краіны і падзел нашага народа", — гаворыцца ў звароце.

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі наогул зрабіў шэраг супярэчлівых крокаў: спачатку ён павіншаваў Лукашэнку з перамогай на выбарах, пасля — папрасіў прабачэння за гэта віншаванне, заявіўшы, што пасля прагляду відэа пра затрыманне пратэстоўцаў "абурыўся, жахнуўся і засмуціўся". У адным са зваротаў мітрапаліт Павел заклікаў Лукашэнку як гаранта Канстытуцыі "зрабіць усё магчымае, каб спыніць гвалт".

22 жніўня Лукашэнка заявіў, што царква — не месца для палітыкі, і прыгразіў прадстаўнікам розных канфесій. "Цэрквы, касцёлы — не для палітыкі. Не ідзіце на повадзе ў адшчапенцаў. Вам будзе сорамна і ганебна за тое, якую вы, некаторыя, пазіцыю займаеце цяпер. І дзяржава з абыякавасцю глядзець на гэта не будзе", — сказаў ён.

У выніку 25 жніўня Сінод Рускай праваслаўнай царквы зняў мітрапаліта Паўла з пасады і прызначыў новага прадстаяцеля — епіскапа Барысаўскага Веніяміна. За час свайго кіраўніцтва БПЦ ён ужо паспеў узнагародзіць царкоўнымі ўзнагародамі былога міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, з імем якога звязваюць маўчанне ўладаў падчас першай хвалі пандэміі каранавіруса, экс-міністра культуры Юрыя Бондара, які фактычна разваліў пасля выбараў галоўны тэатр Беларусі — Купалаўскі, і, вядома, расійскага пасла Дзмітрыя Мезенцава. А яшчэ — не перашкаджаць "звальненню па ўласным жаданні" з сінода БПЦ святароў, якія асудзілі рэпрэсіі ўладаў у дачыненні да мірных грамадзян.

Як цэрквы рэагуюць на падзеі ў Беларусі?

Усяго ў Беларусі існуе 25 рэлігійных канфесій. Каля 80% вернікаў адносяць сябе да праваслаўных, 15% лічаць сябе каталікамі. Каталіцкая царква Беларусі адкрыта асуджае гвалт супраць пратэстоўцаў. Яшчэ на этапе перадвыбарчай кампаніі ў сацсетках з'явіўся флэшмоб "Каталік не фальсіфікуе".

Кіраўнік Беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыязджаў да спецпрыёмніка на Акрэсціна маліцца за затрыманых. З 31 жніўня Кандрусевіч не мог уехаць у краіну, нягледзячы на тое, што ён грамадзянін Беларусі. Толькі 23 снежня стала вядома, што ўлады афіцыйна дазволілі Кандрусевічу вярнуцца дадому. Чакаецца, што арцыбіскуп прыме ўдзел у каляднай службе.

Малебен у цэнтры Мінска з удзелам святароў розных канфесій / "Радыё Свабода"

У Беларускай праваслаўнай царкве асуджэнні гвалту былі хутчэй лакальныя. Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій стаўся адзіным з ліку найвышэйшых іерархаў БПЦ, хто публічна асудзіў дзеянні сілавікоў. "Мы не гаворым, якая там палітыка, які палітык, якая ўлада. Мы гаворым пра тое, што чыніцца беззаконне. Нашы людзі проста звярэюць і раздзіраюць сваіх жа братоў", — заявіў ён падчас адной з пропаведзяў. Зрэшты, БПЦ паспяшалася дыстанцыявацца ад заявы архіепіскапа, назваўшы яе асабістым меркаваннем наконт таго, што адбываецца.

У падтрымку беларусаў, якія пратэстуюць, выказваліся і замежныя прыходы. Так, прадстаяцель праваслаўнай царквы Украіны Кіеўскага прыхода мітрапаліт Епіфаній заклікаў беларускі народ абараніць дэмакратычную і незалежную будучыню сваёй дзяржавы і змагацца за аўтакефалію Царквы і запатрабаваў спыніць гвалт і вызваліць затрыманых невінаватых грамадзян Беларусі.

Літоўская канфедэрацыя епіскапаў у жніўні запрасіла вернікаў краіны "аб'яднацца ў малітве за беларускіх братоў, каб Гасподзь блаславіў іх марш да свабоды". Гэта адбылося напярэдадні гадавіны "Балтыйскага шляху" — у 2020 годзе ў Літве гэту акцыю прысвяцілі салідарнасці з беларусамі. Жывы ланцуг выстраіўся ад Кафедральнай плошчы Вільні да мяжы з Беларуссю.

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.