Вы тут

Адбываецца працэс глабальнай дэстабілізацыі, і пытанне, хто ёй будзе кіраваць

У ноч на 16 ліпеня ў Турцыі адбываецца спроба ваеннага перавароту. Раніцай 17 ліпеня група ўзброеных людзей захоплівае будынак паліцыі і бярэ закладнікаў у Ерэване. 18 ліпеня — перастрэлка невядомых з паліцыяй у Алматы. Ці ёсць нешта агульнае ва ўсіх гэтых падзеях, ці не працяг гэта шэрагу тэрактаў у Францыі і ці паўплываюць яны нейкім чынам на Беларусь, каб абмеркаваць гэтыя пытанні ў студыю Еўрарадыё прыйшлі дырэктар Цэнтра праблем еўрапейскай інтэграцыі Юрый Шаўцоў і дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі.

Слухаць размову цалкам:

Юрый Шаўцоў: Армія Турцыі была незадаволеная прыходам да ўлады мяккіх ісламістаў на чале з Эрдаганам і гэтая напружанасць у адносінах магла рана ці позна выліцца ў нейкі крызіс.

Арсеній Сівіцкі: Эрдаган даўно плануе рэформу канстытуцыі, згодны з якой Турцыю плануецца пераўтварыць у прэзідэнцкую, а некаторыя кажуць — у суперпрэзідэнцкую рэспубліку. Гэта парушэнне запаветаў Кемаля Атацюрка, заснавальніка Турэцкай Рэспублікі, а менавіта армія ў Турцыі лічыцца нашчадкам каштоўнасцяў Атацюрка, і ідэя перавароту вітала ў паветры.

Арсеній Сівіцкі: Эрдаган пра планы перавароту ведаў і не выключана, што ён вырашыў зрабіць першы крок — надта шмат нестыковак у гэтым перавароце і ён даволі моцна падобны да інсцэніроўкі.

Юрый Шаўцоў: Пасля таго, як Эрдаган сканцэнтруе ўсю ўладу ў сваіх руках, абмяжуе галоўны баланс сіл, войска, то перад намі відавочная трансфармацыя Турцыі ў ісламскім накірунку. Гэта не радыкальны іслам, але гэта адыход ад тых прынцыпаў, на якіх Атацюрк некалі заснаваў гэтую дзяржаву.

Арсеній Сівіцкі: Турызм — адна з асноўных крыніц прыбытку ў турэцкім бюджэце, і змены ва ўнутранай палітыцы Турцыі наўрад ці неяк адаб’юцца на турыстах.

Арсеній Сівіцкі: Варта чакаць сур’ёзнага знешнепалітычнага развароту Турцыі на Блізкі Усход, адклікання заяўкі Турцыі на ўваход у ЕС, а можа, нават і спынення ўдзелу Турцыі ў NATO.

Арсеній Сівіцкі, фота Алеся Пілецкага

Юрый Шаўцоў: Падзеі ў Турцыі, Арменіі і Казахстане сведчаць, што агульны фон на паўднёвай дузе расійскай мяжы вельмі канфліктны. І дзе прарвецца гэтая дуга ў выглядзе буйнога канфлікту, сёння сказаць складана.

Юрый Шаўцоў: У гэтым рэгіёне ў самастойнае жыццё ўвайшло пакаленне дэмаграфічнага буму 80-90 гадоў. Яны маюць дрэнную адукацыю і адсутнасць працы — добрая глеба для ісламісцкай прапаганды.

Арсеній Сівіцкі: Сацыяльна кантракт паміж уладамі і грамадзянамі краін постсавецкай прасторы пачынае руйнавацца, і гэта добрая глеба для актывізацыі розных радыкальных груповак розных ідэалагічных плыняў. Першай ахвярай скасавання гэтага кантракту стала Украіна, а наступнымі, хутчэй за ўсё, стануць краіны Цэнтральнай Азіі.

Арсеній Сівіцкі: У свеце адбываецца працэс “глабальнай дэстабілізацыі”, і пытанне толькі ў тым, хто і як гэтай дэстабілізацыяй будзе кіраваць. Але кіраваць будуць, і гэта будуць рабіць буйныя рэгіянальныя дзяржавы.

Юрый Шаўцоў: Найбольш уразлівай для праяў глабальнай дэстабілізацыі з’яўляецца менавіта Францыя, бо яна мае найвялікшую зону ўплыву ў арабскім свеце. І таму яна першай сутыкаецца з негатыўнымі наступствамі.

Юрый Шаўцоў: Беларусь — не Францыя, але і ў нашым рэгіёне у кантэксце еўразійскай інтэграцыі вядзецца свая гульня. У любы момант мы можам стаць ахвярай вялікай міграцыйнай плыні з поўдня і мы, як любая еўрапейская краіна, не застрахаваныя ад тэрактаў, якія могуць прыйсці звонку.

Арсеній Сівіцкі: Беларусь рыхтуецца да магчымых праяў дэстабілізацыі звонку. А калі размова ідзе пра забеспячэнне стабільнасці, то некаторыя грамадзянскія правы скарачаюцца.

Юрый Шаўцоў: Правы і свабоды грамадзян Беларусі ў бліжэйшы час будуць моцна заціскацца, нягледзячы на лібералізацыю. Абвастрэнне ў свеце ідзе вельмі моцнае, і наша дзяржава ў адрозненне ад некаторых іншых зрабіла высновы з арабскіх і іншых рэвалюцый. 

Юрый Шаўцоў, фота Алеся Пілецкага