Ад настаўніцы да беспрацоўнай праз суд за "абразу" міліцыянераў

Алена Пуцыковіч 
Алена Пуцыковіч 

Алена Мікалаеўна Пуцыковіч працавала школьнай настаўніцай 30 гадоў. Пасля выбараў "са мной здарылася тое, што і з усімі беларусамі 9 жніўня", кажа яна, маючы на ўвазе затрыманні, удзел у судовых пасяджэннях, прысуды і штрафы.

Калі восенню 2020 года Алену прызнавалі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, то вясной яе прызналі вінаватай па артыкуле 188 КК РБ "Паклёп", асудзіўшы на два з паловай гады "хатняй хіміі" з кампенсацыяй маральнай шкоды пацярпелым.

Алена Мікалаеўна расказала Еўрарадыё пра тое, што з ёй адбывалася і як гэта, калі бацька вучня — міліцыянер — просіць прайсці за ім.

Еўрарадыё: З чаго ўсё пачалося?

А. П.: Пачалося ўсё з таго, што нас судзілі нібыта за "пратэст", хоць мы проста выходзілі, гулялі па горадзе. Я проста стаяла, падышоў вядомы нам раней супрацоўнік міліцыі, гэта было яшчэ ў верасні. І сказаў, што патрабуе разысціся, інакш будзеце прыроўненыя... Мы сышлі, але ён раз'юшана бегаў за намі, тыкаў "дазорам" у твар. Былі спробы ціску, але гэтыя спробы ні да чога не прывялі. Мы сышлі, а супраць нас усё адно распачалі адміністрацыйную справу. Сем ці восем чалавек атрымалі штрафы пяць базавых.

Еўрарадыё: Вас затрымлівалі потым яшчэ два разы, што вартага ўвагі памятаеце?

А. П.: На другім судовым пасяджэнні за шпацыр з бел-чырвона-белымі парасонамі нам інкрымінавалі акрамя несанкцыянаванага яшчэ і супраціў супрацоўнікам міліцыі.

Дый сам факт быў абуральны, таму што яны выслалі палову РАУС, каб затрымліваць нас, пяцярых жанчын, калі мы проста ішлі па горадзе піць каву. Гэта была абсурдная і трошкі "жахлівая" гісторыя. Сюр нейкі.

От учителя до безработной через суд за "оскорбление" милиционеров
Алена Мікалаеўна з сяброўкамі / хатні архіў

Еўрарадыё: У адным інтэрв'ю вы расказвалі, што да вас на суд прыходзіў сведкам былы вучань.

А. П.: Адзін раз я ехала на працу да хлопчыка хатняга навучання. А мяне ўжо "паслі" супрацоўнікі іванаўскай ДАІ, два інспектары, якія, толькі ўбачыўшы маю машыну, уключылі пробліскавыя маячкі і гукавы сігнал і спынілі. Я перадала дакументы, спытала, чаму мой транспартны сродак прыцягнуў іх увагу, на што яны адказалі: "У дачыненні да вас вядзецца адміністрацыйная справа, праедзьце з намі ў РАУС".

Я катэгарычна адмовілася, тады супрацоўнік паспрабаваў пагражаць, але я нагадала, што тут не тая сітуацыя, па-першае, а, па-другое, я настаўніца яго дзіцяці, і ён мае нахабства такім тонам са мной размаўляць і пагражаць. Ён асекся і рэціраваўся.

Еўрарадыё: Чым скончылася?

А. П.: Мяне пратрымалі там чатыры гадзіны, склалі два пратаколы: "за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" і "за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі". А калі нам па выніках гэтых пратаколаў прыйшлі позвы ў суд, я ўжо сур'ёзна раззлавалася і папрасіла ў мясцовых журналістаў агалашэння. Гэтыя артыкулы выклікалі вялікі рэзананс, але гэта не перашкодзіла выдаць нам штраф у памеры 50 базавых велічынь.

Еўрарадыё: Як вы атрымалі крыміналку?

А. П.: Пазней, у снежні 2020 года, калі я была дома і ў мяне быў метадычны дзень, мне пастукалі ў дзверы незнаёмыя мужчыны. Яны прадставіліся і паказалі пасведчанні. Гэта былі тры супрацоўнікі УУБ Брэсцкага выканкама. Яны прыехалі па санкцыі пракурора адбіраць мае гаджэты. Правялі ператрус, канфіскавалі два тэлефоны і ноўтбук і накіравалі іх на экспертызу.

У студзені мне патэлефанаваў супрацоўнік са Следчага камітэта, папрасіў даць тлумачэнні і сказаў, што, магчыма, у дачыненні да мяне будзе распачатая крымінальная справа. Зразумелая рэч, раз магчыма — значыць, распачнуць. Мяне абвінавачвалі ў тым, што я рабіла рэпост з "Чорнай кнігі" пра аднаго з нашых супрацоўнікаў міліцыі, а потым дадаўся начальнік Драгічынскага РАУС. Хоць маіх абразлівых каментароў не было.

Еўрарадыё: А што там было?

А. П.: Супрацоўнік, пра якога я зрабіла рэпост, быў супрацоўнікам АБЭЗ Задарожны, які раней сведчыў супраць мяне на двух судах. Я лічыла інфармацыю праўдзівай, там было сказана, што ён даваў ілжывыя сведчанні ў судзе ў Брэсце. Я адразу сказала на судзе "так, рэпост пра гэтага чалавека я рабіла", таму што асабіста супраць мяне ён два разы выступаў.

Еўрарадыё: Чым скончылася?

А. П.: Выйшаў прэс-рэліз ад УУБ Брэсцкага выканкама, што асоба ўстаноўлена, яна прыцягвалася раней не менш за 14 разоў па адміністрацыйных справах. У асноўным гэта парушэнні ПДР, перавышэнне хуткасці, парушэнне правілаў паркоўкі. Але потым дадалі яшчэ — пяць адміністрацыек поствыбарчага перыяду.

Відэа, паказанае па дзяржаўным тэлебачанні

Адбыўся суд, у мяне быў адвакат. Ну і, натуральна, не зважаючы на довады розуму і на тое, што віна мая не была даказаная, — мяне прызналі вінаватай. І пракурор запатрабаваў максімальны ў маім выпадку тэрмін.

Увогуле, гэты артыкул прадугледжвае тэрмін да трох гадоў абмежавання волі, гэта значыць "хіміі". Улічваючы, што ў мяне непаўналетняя дачка, прызначылі два з паловай гады і выплаціць кампенсацыю "пакутнікам" у поўным аб'ёме, як яны папрасілі, па 1500 рублёў.

Еўрарадыё: Вы абскардзілі рашэнне суда?

А. П.: Я загадзя была ўпэўненая на 99,9 адсотка, што суд другой інстанцыі пацвердзіць рашэнне суда першай, таму што ў нас падобнае было. Так і здарылася — пакінуць пакаранне без змен.

Але суд адбыўся 15 чэрвеня, а мне пра гэта не паведамілі, паведамілі толькі кіраўніку школы, у якой я працую. І пра тое, што такі прысуд, я даведалася ад яго 16 чысла.

Дырэктар запрасіў мяне ў кабінет, паклікаў завуча і старшыню прафсаюзнага камітэта і кадравіцу. Зачытаў мне ліст ад пракурора. Дырэктару пракурор паспяшаўся паведаміць пра тое, што прысуд набыў законную моц. Ён агучыў свой загад, што я звольненая згодна з Кодэксам аб адукацыі, што асоба, прыцягнутая да крымінальнай адказнасці, не мае права займацца выкладчыцкай дзейнасцю.

Аднак на фоне таго, што мне да гэтага часу не паведаміў ні РАУС, ні суд, ні пракуратура, — гэта дзіўна і выглядае дробязна. Дырэктар паспяшаўся мне паведаміць і звольніць з другога ліпеня, паколькі я цяпер у адпачынку.

Еўрарадыё: Як вы адрэагавалі на такую вестку?

А. П.: Вестка гэта мяне не засмуціла, я была гатовая да гэтага даўно. Я паспела адпрацаваць увесь навучальны год, хоць у мяне знаёмыя пыталіся яшчэ ў жніўні, "ці не звольнілі цябе праз тваю грамадзянскую пазіцыю?". Я нават прыняла экзамены ў дзяцей.

Дапрацавала да адпачынку, а цяпер сыходжу з чыстым сумленнем. Я сказала, што ў вочы людзям я магу глядзець проста, у адрозненне ад іншых. І што праўда заўсёды перамагае. А калі ў мяне будзе жаданне, я ведаю, што я змагу вярнуцца ў школу. Ну, вось так вось.

Еўрарадыё: Як адрэагавалі калегі?

А. П.: Меркаванні хадзілі ўжо даўно, што мяне павінны былі звольніць. Ведаючы, як рабілі з іншымі маімі калегамі, калі, напрыклад, у Бярозаўскім раёне настаўніцу толькі па адміністрацыйцы звольнілі. Упаялі ёй "амаральныя паводзіны", што наогул абсурд! Ведаючы пра тое, што ў Бярозаўскім раёне тры дырэктары школ звольніліся сярод навучальнага года, а начальнік аддзела адукацыі пракаментаваў: "Ну, напэўна, стаміліся".

Так што тут вялікую ролю адыграла, што ў нас адукацыю раёна ўзначальваюць прыстойныя людзі, я так лічу. Да іх раней і з пракуратуры прыходзілі, на што начальнік аддзела адукацыі адказала, што "ў нас па працы да чалавека пытанняў няма".

Еўрарадыё: Што азначае пакаранне "хатняя хімія"? Што вы будзеце рабіць далей?

А. П.: Самае дзіўнае, што я да гэтага часу не ведаю і ніхто мяне не азнаёміў ні з вынікамі суда, ні з тым, ці набыло рашэнне законную моц. У РАУС мяне яшчэ не запрасілі, вынікі не агучылі. Я нідзе не была, але бегаць сама дазнавацца не збіраюся.

Я так разумею, што працэдура прадугледжвае, што мяне выклічуць у РАУС, далей інспекцыя, якая займаецца гэтымі пытаннямі, азнаёміць мяне з правіламі і абавязкамі. Прыблізна з умовамі ўтрымання я азнаёмілася, але гэта ў агульных рысах.

Шчыра сказаць, я моцна не тлумлю сабе галавы. Я ведаю, што хутка ўсё скончыцца. Адбываць пакаранне я не буду, а будуць адбываць пакаранне людзі, якія сапраўды здзейснілі злачынства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі