Янукевіч — апошні, хто падаў дакументы на ўдзел у дэмакратычных праймерыз

Янукевіч — апошні, хто падаў дакументы на ўдзел у дэмакратычных праймерыз

Дакументы на ўдзел у дэмакратычных праймерыз падалі 6 чалавек. Іх прыём скончыўся 16 лютага. Да Юрыя Губарэвіча, Мікалая Казлова, Паўла Севярынца, Вольгі Кавальковай і Ганны Канапацкай далучыўся Аляксей Янукевіч, былы старшыня Партыі БНФ. Праз працэдуру "Народнага галасавання" хтосьці з іх можа стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ў Беларусі. Як піша на сваёй старонцы ў Facebook каардынатар штаба па правядзенні праймерыз Ігар Барысаў, не паспеў сабраць неабходныя 200 подпісаў бізнесмен з Фаніпаля Уладзімір Усеня. "Аднак нягледзячы на гэтую акалічнасць [Усеня] пагадзіўся працягваць дапамагаць дэмакратычным кандыдатам", — паведамляе Барысаў.

У панядзелак пачалася праверка дакументаў, якія падалі палітыкі. Яна працягнецца не больш за два тыдні. Як вядома, Губарэвіч, Казлоў, Севярынец і Янукевіч вылучаліся сваімі арганізацыямі, а Кавалькова і Канапацкая збіралі подпісы.

Праймерыз ініцыявалі рух “За свабоду”, аргкамітэт па стварэнні партыі БХД, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ і АГП. Прыём заявак адбываўся з 4 лютага. Кожны прэтэндэнт мусіў паставіць свой подпіс пад спісам каштоўнасцяў Кангрэса дэмакратычных сіл і пералічыць 500 еўра (грошы выкарыстаюць на арганізацыю "Народнага галасавання").

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі