Віцебскую журналістку Таццяну Мацвееву асудзілі на 8 сутак арышту

Віцебскую журналістку Таццяну Мацвееву асудзілі на 8 сутак адміністрацыйнага арышту, піша @bajby. Яе затрымлівалі ў канцы ліпеня, быў праведзены ператрус. Мацвееву абвінавацілі ў "незаконным пікетаванні" за выкладзенае "без дазволу" фота з бел-чырвона-белым сцягам у Facebook ("выказала сваю грамадска-палітычную пазіцыю").

Першы разгляд адміністрацыйнай справы журналісткі адбыўся яшчэ 9 жніўня. Але суддзя адправіў матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю. Другі разгляд адбыўся 25 жніўня. Таццяну Мацвееву прызналі вінаватай. Суддзя — Уладзімір Царыкаў.

Мацвеева сваёй віны ў судзе не прызнала. Яна агучыла гісторыю бел-чырвона-белага сцяга і сказала, што ён "быў, ёсць і будзе!".

Праваабаронцы паведамляюць, што на судовым працэсе па справе Мацвеевай затрымалі віцебскага дысідэнта Барыса Хамайду. Верагоднай прычынай затрымання мог стаць медальён з Пагоняй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.