Вандроўкі для эмігрантаў: гіды з’ехалі, але беларусы працягваюць шпацыраваць

Вандроўкі для эмігрантаў: гіды з’ехалі, але беларусы працягваюць шпацыраваць

Каб не трапіць пад рэпрэсіі ўладаў, беларусы працягваюць пакідаць краіну і раз’язджацца па свеце. Сярод іх — экскурсаводы і гіды, якія з розных прычын з’ехалі ў Польшчу. Працаваць на радзіме магчымасці няма, але спецыялісты не спыняюць сваю дзейнасць і за мяжой.

Каб падтрымаць суайчыннікаў у часы эміграцыі, яны прыдумалі праект “Тр-тр-трэвэл”. Пакуль ён працуе як віртуальны: экскурсаводы вандруюць па Польшчы, а здабытымі маршрутамі, уражаннямі і лайфхакамі дзеляцца ў сацыяльных сетках

“Прыемна атрымліваць водгукі ад сваіх, маўляў, “дзякуй за маршрут, пашпацыравалі, было цікава”, але вось-вось і мы выйдзем у афлайн, каб вандраваць разам”, — расказвае Еўрарадыё адзін са стваральнікаў “Тр-тр-трэвэл”, гід і лідар гурта “Гарадскі Вал”, які шмат выступаў на дваровых святах у Беларусі, Раман Абрамчук. 

Як склалася жыццё пасля пераезду? Што натхняла на радзіме і што цяпер натхняе ў Польшчы? 

Раман: Вясной 2021 года я з’ехаў з Беларусі. Гэтаму спрыяў збег абставін і інфармацыя з розных крыніц, праз што пачаў разумець, што ад мяне ўжо не адчэпяцца. Пры затрыманні мяне аднаго з усіх адразу пасадзілі ў карцар без усялякіх бачных прычын. Мною цікавіліся не толькі з-за канцэртаў, гэта было звязана і з маёй асноўнай працай. Карацей, стала зразумела, што на радзіме найбліжэйшым часам спакойнага жыцця не будзе. Зыходзячы з таго, што з’ехаць атрымалася, лічу, што мой лёс склаўся няблага. Я апынуўся не ў турме, а толькі ў чужой краіне. Усё ж думаю, што гэта трошкі лепш, чым турма.

Еўрарадыё: Якія экскурсіі ты ладзіў у Беларусі? 

Раман: “Мінскі велашпацыр” — асноўны праект, якім я займаўся. Пад ім згуртаваліся гіды, якія праводзілі як гарадскія, так і загарадныя аўтарскія велаэкскурсіі. 

У мяне было шмат сваіх маршрутаў. Самы вядомы — па Трактарным пасёлку. Любіў таксама праводзіць экскурсіі па Камароўцы і Пярэспе. Сваю кар’еру гіда ў Беларусі скончыў якраз экскурсіяй для чата жыхароў аднаго з гэтых раёнаў у студзені. У прынцыпе, займаўся ўсімі звычайнымі маршрутамі, якія запатрабаваныя ў беларусаў.

Еўрарадыё: Як жывецца ў Варшаве, ці ўсё атрымліваецца на новым месцы? 

Раман: Займаюся дакументамі, легалізацыяй — усімі тымі рэчамі, якімі звычайна займаюцца людзі пры пераездзе. Са мною мая сям’я, мы жывём у прыгожым раёне Старыя Бяляны, які нам падабаецца. У прынцыпе, цікава даведвацца больш новага як пра Варшаву, так і пра Польшчу. З працай пакуль цяжкавата, і гэта, канешне, турбуе. Натуральна, мы сутыкаемся з рознымі эміграцыйнымі цяжкасцямі, але разам з тым тут ёсць шмат відавочных перспектыў. Зараз у Польшчы я бачу шлях адкрытых магчымасцяў, чаго, на жаль, не скажаш пра Беларусь, дзе з магчымасцямі цяпер усё горш. Дыхаецца вальней. 

Еўрарадыё: Што ты можаш сказаць пра беларускую дыяспару ў Польшчы?   

Раман: Цалкам пра дыяспару я мала чаго магу сказаць. Кантактую ў асноўным са сваімі знаёмымі і сябрамі, якіх пераехала сюды даволі шмат. Не скажу, што адчуваю ў сваім асяроддзі нейкую эмігранцкую журбу. Мае сябры бяруць сябе ў рукі, рухаюцца наперад і выкарыстоўваюць тыя магчымасці, якія прапаноўвае гэты новы шлях. 

Журба праглядаецца часам у чатах беларусаў, якія пераязджаюць сюды, але я асабліва з імі не сутыкаюся. Часам прыходжу на нейкія вечарыны, якія ладзяць у бары Beer Station. Думаю, што ўсіх нас сёння аб’ядноўвае тое, што мы не ведаем, чым скончыцца палітычная сітуацыя ў Беларусі. Аб’ядноўвае і тых, хто можа браць сябе ў рукі, і тых, хто іх апускае. 

Усе жывуць у гэтай непрадказальнай сітуацыі. Я не бачыў сярод беларусаў, якія  пераехалі сюды, тых, хто ўжо дакладна не гатовы вяртацца. Затое шмат размоў чуў накшталт “А раптам усё ж рэжым ляснецца і мы вернемся”. 

Еўрарадыё: Раскажы, калі ласка, пра ваш практ “Тр-тр-трэвэл”. 

Раман: Калі я вандраваў па Варшаве і па яе ваколіцах, у мяне з’явілася жаданне дзяліцца ідэямі сваіх маршрутаў з беларусамі. Мне было важна, каб яны былі лёгкія, даступныя кожнаму, хто апынуўся тут, бадзёрылі і не давалі людзям закіснуць. 

Я пачаў распавядаць пра такія месцы ў сацсетках. З аднаго боку, раблю гэта, каб мы ўсе мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з краінай, куды пераехалі, з іншага — каб даведаліся нешта невядомае і з беларускай гісторыі, якая моцна звязаная з польскай. 

Напрыклад, я наведаў ужо не адзін замак, куды наведваліся нашыя продкі. Так-так, яны сапраўды нападалі і разбуралі гэтыя замкі ў сярэднявеччы, бо былі наезды на Мазовію русінаў ды літвінаў, і акурат тут гэта добра зафіксавана. 

Так што вось так, а мы ўсё кажам. Не такія ўжо мы і рахманыя беларусы, продкі якіх жылі сабе паміж Нёманам і Дняпром і толькі адбівалі напады іншых. Усё было трошкі цікавей. 

Еўрарадыё: Пакуль людзі могуць пазнаёміцца з маршрутамі ў сацсетках і самі пахадзіць тваімі сцежкамі. Што будзе пасля?

Раман: У нас ёсць ужо распрацаваныя маршруты менавіта для груп экскурсій. Пачнём з лёгкіх. Кожны гід, які працуе над праектам, зможа вадзіць іх па сваіх гарадах. Напэўна, я пачну з нейкіх беларускіх мясцін і раёна, дзе жыву зараз.

Старыя Бяляны цікавыя сваёй архітэктурай і гістарычнай цэльнасцю і моцна нагадваюць мне мой любімы Трактарны пасёлак. Раён пачаў фармавацца ў 20–30-я гады мінулага стагоддзя, у ім можна пабачыць шмат цікавага арыгінальнага канструктывізму. 

Акрамя таго, пасля вайны вядомыя польскія архітэктары пабудавалі тут узорны пасёлак сацыялістычнай Польшчы. Тут жылі і рок-зоркі, і зоркі кіно. Ёсць цікавы касцёл 1981 года, нечым падобны да восьмай стаматалогіі на Кісялёва ў Мінску. Я даведаўся, што гэта будынкі аднаго перыяду. 

Карацей, распавядаць можна доўга. Спадзяюся, што ўжо хутка мы пачнём вандраваць па ўсёй Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі