У сталіцы ўсталююць памятны знак з макетам Мінскага замчышча
![Гэта будзе не першы памятны знак на беразе Свіслачы](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-12/7.jpg.webp?itok=tMVQFQ-L)
Гэта будзе не першы памятны знак на беразе Свіслачы / citydog.io
У сталіцы ўсталююць памятны знак з макетам Мінскага замчышча. Мінгарвыканкам аб'явіў конкурс эскізных праектаў (заяўкі прымаюцца да 15 снежня, а конкурсныя працы — не пазней за 15 лютага 2024-га).
Упраўленне культуры Мінгарвыканкама адзначае, што памятны знак плануецца ўсталяваць на тэрыторыі, прылеглай да будынка па праспекце Пераможцаў, 2. Мяркуецца, што ён будзе адлюстроўваць "гістарычны цэнтр г. Мінска ХІІ–XIII стст. з аб'ёмнай і рэльефнай выявай асноўных элементаў мясцовасці і аб'ектаў". Знак збіраюцца вырабіць з металу, ліцця з бронзы, граніту.
Для таго каб пазбегнуць папрокаў у гістарычнай недакладнасці, Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі падрыхтавала свае прапановы на аснове аналізу наяўных даных па Мінскім замчышчы, піша БЕЛТА.
Як вядома, першая згадка пра Мінск датуецца сакавіком 1067 года — тады кіеўскія князі ваявалі з Усяславам Чарадзеем і спалілі летапісны Менск. Мяркуецца, што ў той час горад быў на рацэ Менцы ў раёне вёскі Гарадзішча ў Мінскім раёне. Сёлета там праходзілі маштабныя раскопкі мясцовага гарадзішча, былі цікавыя знаходкі.
![У сталіцы ўсталююць памятны знак з макетам Мінскага замчышча](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/Zamak2.jpg.webp?itok=ued0YuuO)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.