“У мяне каты варон ловяць, сарокі наш двор аблятаюць – іх з Украіны прывезлі, каты-бандэраўцы”

“У мяне каты варон ловяць, сарокі наш двор аблятаюць – іх з Украіны прывезлі, каты-бандэраўцы”

Яшчэ да рэгістрацыі Сяргея Гайдукевіча кандыдатам у прэзідэнты дамаўляемся прыехаць да яго ў госці — пазнаёміцца з “першай лэдзі ЛДПБ” і паглядзець, як і дзе жыве сям’я. На прысутнасці жонкі Гайдукевіча падчас сустрэчы настойваю асабліва — мне яна ў такім “хатнім” рэпартажы нават больш цікавая, чым сам палітык.

 

Гайдукевічы з 1994 года жывуць у катэджы пад Мінскам, у “вёсцы” Сёмкава. Гэта непадалёк ад рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Драздах. Менавіта двухметровым бетонным плотам з калючым дротам і безліччу відэакамер з аднаго боку і сасновым лесам з другога і запамінаецца дарога ў знакамітае Сёмкава.

 

“У мяне каты варон ловяць, сарокі наш двор аблятаюць – іх з Украіны прывезлі, каты-бандэраўцы”

На ўездзе ў вёску стаіць ці то недабудаваная, ці то недаразбураная будыніна не то касцёла, не то замка дробнага шляхціча часоў позняга сярэднявечча з чырвонай цэглы. “Гістарычным помнікам хутка прызнаюць, — жартуе кіроўца (па мяне прыслалі “партыйнае” службовае аўто) і тлумачыць: — Так вось і стаіць з “ліхіх 90-х”, развальваецца паціху”.

 

“А што ж ніхто не купіць? Месца ж казырнае — лес, возера, рэзідэнцыя?”

 

“Да хто ж за такія грошы, што яны хочуць, купіць! Ты ведаеш, колькі тут участкі каштуюць? Дакладную суму не назаву, але павер — з нулямі там усё ў парадку… Ну, вось і прыехалі”, — спыняе машыну ля двухметровага плота з белай цэглы, за якім хаваецца двухпавярховы дом, абіты белым сайдынгам. За металічнай брамкай з электразамком нас сустракае чыста выкашаны газон, піхты, елкі, гіпсавыя львы, алені ды гномы ў кветкавых клумбах, выкладзеныя пліткай дарожкі і ўсмешлівы гаспадар — у пуловеры ў клетку, джынсах і тапках. 

 

“Пойдзем у альтанку — там і пакурыць, і пагаварыць спакойна можна, — вітаецца Сяргей Гайдукевіч і адразу знаёміць з гісторыяй свайго катэджа. — У канцы 1993 года я купіў гэты участак за 22 тысячы долараў у аднаго чалавека, які будаваў тут сабе з цэглы дом, але так і не скончыў. Дом я не перабудоўваў — толькі сайдынгам абшыў і дабудаваў тое-сёе. Участак 25 сотак, спачатку тут было шмат розных яблынь, але потым вырашылі інакш і пасадзілі тут усе гэтыя елкі, піхты. Маленькі кавалак пакінулі пад цяплічку з агуркамі-памідорамі і градкі з клубніцамі і дурніцамі. Гэтым жонка займаецца — я ёй толькі дапамагаю там, дзе мужчынская дапамога патрэбная”.

 

На маю заўвагу, што 22 тысячы долараў у 1993 годзе былі вялізнай сумай, спакойна адказвае, што “ў тыя часы адзін шапік прыносіў за дзень тысячы 3 прыбытку, не тое што цяпер, таму не такая гэта і вялікая сума”. 

“У мяне каты варон ловяць, сарокі наш двор аблятаюць – іх з Украіны прывезлі, каты-бандэраўцы”
“У мяне каты варон ловяць, сарокі наш двор аблятаюць – іх з Украіны прывезлі, каты-бандэраўцы”

Я ўжо ведаю, што ў катэджы муж і жонка жывуць удваіх: дачка жыве ў Аўстрыі, сын мае свой катэдж у тым жа Сёмкаве. “Гэта ж сын вырашае, дзе яму жыць, я ж яму не буду ўказваць. Як і ў юнацтве: дзеці заявілі, што не хочуць жыць у вёсцы, і таму жылі ў мінскай кватэры. А мы з Алай і ў горадзе, і тут жылі — дом надоўга без жыльцоў пакідаць нельга, яго трэба даглядаць пастаянна”, — дзеліцца са мной сямейнымі сакрэтамі гаспадар.

 

Па дарозе да альтанкі пад нагамі круціцца чатырохмесячны шчанюк-шпіц. А вось жонкі палітыка Алы нідзе не відаць. І тут мяне чакае жорсткае расчараванне: яе і не будзе — з’ехала на працу… Што за падман, дамаўляліся ж!

 

“Ну не можа ж яна працу кінуць — яна не кандыдат у прэзідэнты! У яе ў 9 гадзін штодня выезд, і сёння яна паехала. Я вельмі шкадую, што яе з намі няма, але ў яе сапраўды праца. Я ёй і раніцай сёння казаў: “Алачка, ну, не пакідай ты мяне аднаго, давай ты на 2 гадзіны спознішся, я пазваню — прыязджаюць добрыя журналісты, нармальныя людзі, проста цябе распытаюць”. Яна ў мяне разумны чалавек — я б з іншым не жыў. Кажа: “Сярожка, я не магу. У мяне ж цырульні, зразумей! Калі я не набуду туды тое, сюды іншае — усё! Ты і за мяне, і за сябе ўсё добра раскажаш.” Яна разам з сястрой цырульні трымае”.

“У мяне каты варон ловяць, сарокі наш двор аблятаюць – іх з Украіны прывезлі, каты-бандэраўцы”

Гэта блытае ўвесь загадзя падрыхтаваны план размовы, і па звычцы (перада мной жа сядзіць найперш палітык, хай і ў хатніх тапках!) пачынаем гаварыць пра палітыку. Прыгадваем выбары 1994 года (“Я тады прыняў для сябе рашэнне не балатавацца ў прэзідэнты і не пабег у каманды ні Лукашэнкі, ні Кебіча, хоць большасць структур майго “Народнага руху” за яго подпісы збіралі — табе пра гэта добра можа Фядута распавесці, які ў маім руху быў, але разам з Лябедзькам адразу да Лукашэнкі пабег”) і выбары года 2010 (“Кажуць, што я ведаў, чым усё скончыцца, і таму зняўся. А я проста не хацеў у тым цырку, калі рэгістравалі ўсіх, хто хацеў, удзельнічаць, таму зняўся. Чаму ж яны не зняліся таксама, калі гэта не выбары, а фарс? Не, пабеглі з квадратнымі вачыма па кандыдацкія “корачкі” ўсе, хоць ні адзін з іх не сабраў 100 тысяч подпісаў. Ні адзін!”). Пра сёлетнія выбары, якія ўсё ж такі “ёсць, хоць улада і выкарыстоўвае адмінрэсурс — але ж мы павінныя ўсё адно браць удзел і нарошчваць сілы ды вядомасць сваіх структур”, таксама гаворым. Пра агентаў спецслужб у апазіцыі, “ценявы Кабінет міністраў” і шмат яшчэ пра што. Ёсць жаданне — слухайце размову ў гуку. Нарэшце пераадольваю палітычны ўхіл і пераходжу да “бытавухі”.

 

Пра тое, хто ў сям’і Гайдукевічаў прымае рашэнні і ці можа хто яго перагаварыць

 

“Гэта маё любімае тут месца: я тут заўжды сяджу, мне тут проста зручна, а Ала сядае на крэсла побач”, — пярэчыць Гайдукевіч у адказ на просьбу сесці ў іншае, больш зручнае для фатаграфавання, месца. І пачынае шчыраваць.

 

“Рашэнні ў сям’і прымаю я. Але я так моцна люблю сваю жонку, што яна можа выгандляваць усё што заўгодна. Ала заўжды кажа: “Як тата скажа!”, але потым пачынаецца гэтая дэмакратычная валтузня і звычайна адступаю. Гэта знак, што ў сям’і ёсць гармонія. Яна мяне вельмі любіць, паважае, ганарыцца мной. Я самы шчаслівы мужчына ў гэтым свеце, я абажаю сваю жонку. Я закахаўся ў яе з першага погляду і магу спрачацца з усімі  — каханне з першага погляду ёсць”.

 

“Рашэнне балатавацца агульна прымалі?”

 

“Гэта было маё рашэнне. Ала заўжды была катэгарычна супраць майго удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Але ж я мужчына — я такое рашэнне прыняў”.

“У мяне каты варон ловяць, сарокі наш двор аблятаюць – іх з Украіны прывезлі, каты-бандэраўцы”

Гісторыя знаёмства Гайдукевіча з будучай жонкай выглядае па яго словах так: прыехаў малады, але нахабны старшы лейтэнант у камандзіроўку ў Цвер, убачыў на вуліцы прыгожую дзяўчыну і адразу падышоў да яе са словамі: “Вы мне вельмі падабаецеся!” А хто ж, усміхаецца лідар ЛДПБ, мог устаяць перад бравым старлеем, які да таго ж піша вершы, кладзе іх на музыку і сам пад гітару выконвае?

 

Гайдукевіч прызнаецца: на момант той сустрэчы ён быў у разводзе, меў сына ад першага шлюбу. І звяртае асаблівую ўвагу на тое, што рашэннем яшчэ савецкага суда 11-гадовага сына Алега перадалі яму на выхаванне. Удакладняць, чаму суд не стаў на бок маці, як звычайна гэта бывае, не стаў — каб “не выносіць на публіку непрыемныя моманты”. Але, кажа, новая жонка Алега ўсынавіла, і той менавіта яе называе сваёй маці. А пагаварыць у сям’і Гадукевічаў любяць усе.

 

“У нас усе гаваруны: і я, і жонка, і сын, і дачка. І калі мы збіраемся разам за сталом, то выглядае гэта так: я кажу: “Так! Калі мне не дадуць сказаць, то я ўстаю і сыходжу”. — “Сядзі, я цяпер гавару”, — імгненна рэагуе жонка. Потым Алег! Гэта камедыя проста! Вельмі добрая сям’я, вельмі дружная і — яблыка ад яблыні далёка не падае. Дзеці ад бацькі атрымалі гэты ген, а я яшчэ і жонку знайшоў такую ж”.

 

 

Пра тое, хто на кухні гаспадар, і рэцэпт дранікаў ад Гайдукевіча

 

Па дарозе ў хату Сяргей Гайдукевіч паказвае нам невялічкі ставок і агарод. Па шчырасці, асабіста я б гэты невялічкі кавалачак участка так гучна не называў: маленькая цяпліца, дзе з аднаго боку расце крыху памідораў, а з іншага — агуркі, некалькі невялічкіх градачак з клубніцамі, пазёмкамі і дурніцамі. Усё. Але Сяргей Гайдукевіч з гонарам хваліцца, што гэтая гаспадарка цалкам ва ўладанні яго жонкі. 

“У мяне каты варон ловяць, сарокі наш двор аблятаюць – іх з Украіны прывезлі, каты-бандэраўцы”
“У мяне каты варон ловяць, сарокі наш двор аблятаюць – іх з Украіны прывезлі, каты-бандэраўцы”

Бачу яшчэ адну альтанку — зімовую. “Яна ўцепленая, і сюды мы прыходзім пакурыць — не дыміць жа ў хаце”, — тлумачыць гаспадар. І ў першай, летняй, альтанцы з каменным грылем, якая найперш выкарыстоўваецца для святкавання і прыёму гасцей, і ў гэтай невялічкай “зімовай” стаяць тэлевізары. Як практычна і ў кожным пакоі катэджа Гайдукевічаў. Па дарозе палітык хваліцца сваімі кулінарнымі здольнасцямі.

 

“Гатую ўсё! Алка прыходзіць, я ёй: “Ну, што лянівая, гуляшу?” — “Не, адбіўныя зрабі”. Алег: “Тата, прыгатуй курыцу ў духоўцы, як ты ўмееш”.

Але ў мяне на першым месцы — дранікі. Я табе нават рэцэпт свой раскажу”.

 

Ну а мы вырашаем не проста пераказваць рэцэпт, а даць відэаверсію.

Зазіраем бессаромна і ў лядоўню — усё, што там ёсць, таксама фіксуем на відэа.

Знутры дом Гайдукевіча палацам не выглядае. Па памерах. Зала, кухня, прыхожая і адзін пакой накшталт гасцявога на першым паверсе, спальня гаспадароў, кабінет-бібліятэка і яшчэ адзін гасцявы пакой — на другім. Наверх вядзе вельмі стромая вінтавая лесвіца. “Калі дом будавалі, іншых лесвіц не рабілі. Гэта цяпер у людзей лесвіцы як палова майго дома”, — пераходзячы з кухні ў кабінет-бібліятэку, тлумачыць Гайдукевіч.

 

Абстаўленыя пакоі хоць і не шыкоўна, але бачна, што грошы ў гаспадароў ёсць. У бібліятэцы Сяргея Гайдукевіча пераважна фантастыка — замежная і расійская. “Цяпер усё можна і ў планшэце прачытаць, але люблю папяровыя кнігі”, — тлумачыць. У бібліятэцы нібыта каля 5 тысяч кніг, але ў мяне не склалася ўражання, што іх менавіта столькі. Калі толькі кнігі не стаяць у чатыры-пяць радоў на адной паліцы. На сценах фота, карціны, граматы, іконы. “Я чалавек веруючы, хоць і не хаджу ў царкву кожныя выходныя. Да споведзі? Усё ў мяне з гэтым нармальна”

На просьбу паказаць сямейны фотаальбом Гайдукевіч падводзіць мяне да электроннай фотарамкі: “Вельмі зручна — сядаем з Алай вячэраць, уключаем, калі хочам нешта прыгадаць, і ён табе фотаздымкі перагортвае. Тут у нас закачана 5 тысяч здымкаў і наверсе ў камп’ютары — яшчэ тысяч 15”.

 

Заўважаю гітару і прашу Гайдукевіча праспяваць што-небудзь з яго хітоў — непахісна адмаўляецца. Не спрацоўвае нават маё ўменне ўгаварыць чалавека. Не, не саромеецца, не пра таго гэтыя словы — проста не хоча і ўсё. Затое з задавальненнем распавядае пра захапленне ўсёй сям’і жывёльным светам.

 

“У нас у сям’і было ўсё: і хамякі, і рыбкі, і папугаі, і марскія свінкі, і каты, і сабакі. Цяпер гэты шпіц і два каты пароды бабтэйл. Але каты, скажу я табе! Мала таго, што чырвоныя і без хвастоў, але яны ў мяне ўсіх кратоў пералавілі! Ты ж бачыў — ніводнага следу кратоў на газоне няма. А скачуць як — з месца на наш двухметровы плот узлятаюць. Ловяць варон! Вы бачылі катоў, якія ловяць сароку — сарокі баяцца да нас у двор прылятаць. Мне іх мой сябра з Украіны прывёз — проста нейкія каты-бандэраўцы!” Праўда, мы іх так і не ўбачылі — відаць, недзе на кратоў ці варон палявалі.

 

З жартамі і не спыняючы размовы, Гайдукевіч паступова скіроўвае нас у бок дзвярэй. Раблю выгляд, што не заўважаю: маўляў, размова цікавая, пытанняў яшчэ шмат.

“Можна я вас праводжу? — не вытрымлівае палітык. — Не, я ні ў якім разе не выганяю вас, але...”

 

Але ў яго праз гадзіну пікет і нарада ў офісе партыі, а да яго яшчэ даехаць трэба, ківае Гайдукевіч у бок набытага летась за 26 тысяч долараў джыпа Mitsubishi. Прашу Гайдукевіча ўзяць сабаку на рукі, каб зрабіць на развітанне “мімішнае” фота. Шпіц не пагаджаецца і хаваецца ад рук гаспадара за маімі нагамі. Ну, але і на фоне гіпсавага льва Гайдукевіч атрымліваецца досыць… фактурным.

“У мяне каты варон ловяць, сарокі наш двор аблятаюць – іх з Украіны прывезлі, каты-бандэраўцы”
“У мяне каты варон ловяць, сарокі наш двор аблятаюць – іх з Украіны прывезлі, каты-бандэраўцы”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі