Вы тут

2015 vs 2020: чым сёлетнія прэзідэнцкія выбары адрозніваюцца ад мінулых

На выбарчым участку

Са старту стала зразумела, што сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не будуць падобнымі на папярэднія. Яны пройдуць на тры тыдні раней, чым чакалася. Выбарчая кампанія будзе неверагодна кароткай і амаль уся прыпадзе на лета. А на тое, каб сабраць і зарэгістраваць ініцыятыўныя групы, ЦВК і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пакінулі патэнцыйным кандыдатам крыху больш за тыдзень.

За пяць гадоў сур’ёзна змянілася і краіна, і людзі, якія ў ёй жывуць. Разам з беларускімі экспертамі ўспамінаем выбары 2015-га і параўноўваем іх з сёлетняй кампаніяй.  

Крызіс “традыцыйнай апазіцыі”

Сёлетняя кампанія будзе праходзіць на фоне вострага эканамічнага крызісу, якога не было ў 2015 годзе, і, вядома, на фоне пандэміі. Здавалася б — выдатны шанц для апазіцыйных палітыкаў набіраць ачкі на пратэставых настроях у грамадстве. Але палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман мяркуе, што апазіцыя аказалася да кампаніі 2020 года негатовай.

 

“Мы бачым гэта і ў чалавечых рэсурсах, і ў фінансавых, і ўвогуле па крэатыве. Мы бачым парад адмоў удзельнічаць у выбарах сярод “традыцыйных” прадстаўнікоў апазіцыі, акрамя “Гавары праўду”. Адзінае, што зараз можа зрабіць апазіцыя, — заклікаць сядзець дома. “Народны каранцін”, — кажа ён, — гэта стратэгія даволі страусіная, і незразумела, якія ў яе перспектывы”.

 

Партыя БНФ і Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" адмовіліся ад удзелу ў выбарах. Правацэнтрысцкая кааліцыя пасля згортвання праймерыз па выбары “адзінага” кандыдата абвясціла, што зарэгіструе “адзіную” ініцыятыўную групу, але толькі каб легалізаваць свае пратэставыя акцыі. Мікалай Статкевіч і яго каманда ад самага пачатку заявілі пра рэгістрацыю ініцыятыўнай групы выключна для таго, каб атрымаць права легальна праводзіць пікеты на вуліцах.

IT-прэзідэнт для IT-краіны?

У канцы 2015 года з ізалятара ў Мінску пасля 9 месяцаў за кратамі выходзіць IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня. Менавіта яго называюць ідэолагам дэкрэта №8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, які прымаецца праз два гады, у снежні 2017-га. Яшчэ праз год Лукашэнка па інэрцыі называе айцішнікаў “яйкагаловымі”. Але ў той жа час гаворыць пра Беларусь як пра ІТ-краіну.

Айцішнікі ператвараюцца ў грамадстве ў асобны клас. Лічыцца, што палітыка іх не цікавіць. Але ўсё адносна. Не цікавіць, пакуль Беларусь робіцца ўсё больш і больш камфортнай краінай для працы і для таго, каб траціць заробленыя грошы. Але што, калі краіна пойдзе не ў тым кірунку? А што, калі яна ўжо больш за чвэрць стагоддзя рухаецца ў супрацьлеглым кірунку?

Апошні тэзіс — з тэксту стваральніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы, у якім ён заяўляе пра прэзідэнцкія амбіцыі. У снежні 2017 года Цапкала ўжо не працаваў у ПВТ. Што стала прычынай яго звальнення — ніхто не растлумачыў. 

Валерый Цапкала (справа)

Былы дыпламат і топ-менеджар ПВТ, Цапкала заяўляе, што за яго вылучэннем не стаіць ніводная IT-кампанія. Але ўсім добра зразумела, што калі ў каго і ёсць грошы на паўнавартасную прэзідэнцкую кампанію, дык гэта ў айці-бізнесу.

Менавіта за кампаніяй Валерыя Цапкалы цікавей за ўсё будзе назіраць палітычнаму аглядальніку Аляксандру Класкоўскаму:

“З’явіўся чыннік Цапкалы — упершыню з 2006 года на выбарах, магчыма, будзе прадстаўнік наменклатуры. Ці ёсць у яго каманда, ці здолее ён сабраць подпісы і да якога этапу ён дойдзе, гэта невядома. Але яго з’яўленне — гэта адзінае, што дадае цікавасць да гэтай кампаніі”. 

Ютуб-блогеры

Цяпер гэта ўжо цяжка ўявіць, але ў 2015-м у сацыяльных сетках яшчэ не было такой функцыі, як “жывы эфір”. Магчымасць рабіць “стрымы” карыстальнікі “Фэйсбука” і “Ютуба” атрымалі толькі тры з паловай гады таму. Першыя беларускія “сацыяльныя відэаблогеры” набіралі сабе падпісчыкаў на жывых эфірах па “дармаедскай” тэме.

Сёння NEXTA на палітычным кантэнце набірае мільёны праглядаў. Стрымеры накшталт аршанца Шэрага Ката набіраюць дзясяткі тысяч падпісчыкаў. Ютуб-блогеры сталі заўважнымі гульцамі ў беларускай інфапрасторы. І ўлада іх таксама заўважыла: у дзень, калі былі прызначаны выбары-2020, былі затрыманы адразу некалькі беларускіх відэаблогераў.

Адзін з іх — аўтар канала “Страна для жизни” Сяргей Ціханоўскі — заявіў пра прэзідэнцкія амбіцыі. Сёння ў яго амаль 180 тысяч падпісчыкаў, прычым больш за 30 тысяч дадалося пасля затрымання. 

Жаданне пазмагацца за прэзідэнцкае крэсла таксама агучыў відэаблогер Павел Спірын, які мае канал амаль з 30 тысячамі падпісчыкаў. Спірын стаў вядомы пасля таго, як апублікаваў дакументальную стужку “Айчым”, дзе крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку. У гэтага відэа зараз больш за 1 млн праглядаў.    

Тэлеграм-каналы

У 2015-м месенджар “Тэлеграм” ужо існаваў, але больш як тэставая цацка яго стваральніка Паўла Дурава. На тое, каб стаць сапраўды папулярным і незаменным, спатрэбілася пара гадоў. У 2017-м і 2018-м з’яўляюцца беларускія тэлеграм-каналы, аўдыторыя якіх сёння — некалькі соцень тысяч чалавек. І ўжо не мае ніякага значэння, што некаторыя раслі на ананімных “злівах”.

Тэлеграм-каналы — хуткія і зручныя для публікацыі звестак з ананімных крыніц — дапамогуць выкрываць парушальнікаў на выбарчых участках. Чым папсуюць жыццё тым, хто будзе арганізоўваць парушэнні. 

Парад кандыдатаў 

Пра свой намер вылучыцца ў прэзідэнты ўжо заявілі 15 чалавек. Каго з іх у выніку зарэгіструе ЦВК — незразумела. Але цалкам магчыма, што выбары 2020-га будуць больш нагадваць выбары 2010-га, калі ў бюлетэнях было ажно 10 прозвішчаў. У 2015-м іх было ўсяго чатыры.

12 траўня пра намер ісці ў прэзідэнты заявіў банкір Віктар Бабарыка. “Вылучэнне Бабарыкі і Цапкалы, калі гэта іх асабістая ініцыятыва (а я схіляюся менавіта да гэтай версіі), —  гэта сімптом закісання ў элітах, — мяркуе Арцём Шрайбман. — Яны, будучы фармальна пазасістэмнымі — былы чыноўнік і кіраўнік банка, — адлюстроўваюць меркаванне немалой часткі топавага бізнесу і наменклатуры, якіх проста па-чалавечы дастала”.

“Збор подпісаў падчас чумы”

Ужо цяпер палітыкі, аналітыкі і людзі, заангажаваныя ў працэс, сыходзяцца ў тым, што сабраць 100 тысяч подпісаў патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты будзе вельмі цяжка. Пра небяспеку збору подпісаў на фоне эпідэміі каранавіруса кажа адзін з лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі Юрась Губарэвіч

“Усё ўпіраецца ў наяўнасць у кандыдата трох тысяч чалавек, якія гэта будуць рабіць. Калі ў яго толькі адна тысяча, дык складана будзе сабраць нават за чалавека, які перад гэтым падорыць кожнаму жыхару Беларусі новую лядоўню”, — мяркуе палітычны актывіст, які займаўся і кіраваў зборам подпісаў за апазіцыйных кандыдатаў падчас кампаній 2001, 2006 і 2010 гадоў.

“Збор подпісаў будзе праходзіць у пік захворванняў на каранавірус. Па большасці прагнозаў, ён адбудзецца акурат у другой палове траўня — пачатку чэрвеня. Таму людзі неахвотна будуць пускаць у кватэру нейкіх зборшчыкаў подпісаў. У такіх умовах сабраць 100 тысяч подпісаў будзе вельмі цяжка, а можа і ўвогуле немагчыма для ўсіх апанентаў Лукашэнкі. Думаю, на гэта і ёсць разлік: калі ніхто не збярэ, то сама каманда Лукашэнкі абярэ, каго запісаць у выбарчы бюлетэнь у якасці спарынг-партнёра”, — мяркуе палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч

Што стане “новай Украінай”?

Арцём Шрайбман нагадвае, што 5 гадоў таму Лукашэнка элегантна выехаў на рытарычным пытанні “Хочаце, каб было як ва Украіне?”: 

“У 2015 годзе ўлады маглі прасцей прайсці тыя выбары ідэалагічна, бо пад бокам быў досвед Украіны. Быў запыт на мір і стабільнасць, якую актыўна эксплуатавалі ўлады, кампенсуючы гэтым ужо тады дрэнныя эканамічныя паказчыкі. Але сёння гэта ўжо не актуальна. Уладам цяжка будзе прыдумаць парадак дня, які быў бы пераканаўчы, — мяркуе палітычны аглядальнік. — Умоўна кажучы, праграму Лукашэнку будзе не так проста напісаць — шмат дасягненняў няма ні ў адным вымярэнні: ні ў эканоміцы, ні ў барацьбе з пандэміяй, ні ў стасунках з суседзямі. Магчыма, паспрабуе гуляць у абаронцу суверэнітэту, але я не ўпэўнены, наколькі гэтая тэма зараз актуальная для большасці беларусаў, улічваючы больш вострыя праблемы”.

Былы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка / Reuters

У Валерыя Карбалевіча ёсць адказ на пытанне, што сёлета стане для Лукашэнкі “новай Украінай”: 

“Чыннікам, з дапамогай якога Лукашэнка можа апраўдацца, будзе каранавірус. Лукашэнка будзе казаць: не я вінаваты, што ў нас такія заробкі і пенсія. Гэта сусветная праблема, ва ўсім свеце эканоміка ўпала.

Наколькі гэта спрацуе? Думаю, у пэўным сэнсе гэта сапраўды так. А на тое, што праблемы пачаліся ў Беларусі да каранавіруса, ніхто не будзе звяртаць увагі”. 

Летам не да выбараў

Упершыню з 1994 года выбары прызначаныя на лета. У 2001 годзе, калі прэзідэнта выбіралі 9 верасня, выбарчая кампанія таксама амаль цалкам выпала на лета. Але тры наступныя кампаніі праводзіліся вясной, зімой і восенню адпаведна.

Па словах Карбалевіча, у Лукашэнкі вельмі слабы рэйтынг, таму ўлады не зацікаўлены ў тым, каб людзі ўвогуле прыйшлі на выбарчыя ўчасткі: 

“Глядзіце, якую дату яны выбралі: 9 жніўня. Улады маглі выбраць 30 жніўня, як пра гэта раней казала Ярмошына. 30 жніўня студэнты ўжо будуць у інтэрнатах, а бацькі прыедуць з адпачынку, каб дзяцей рыхтаваць да школы. А 9 жніўня людзі будуць у адпачынках. Думаю, што трэцяя частка насельніцтва будзе ў гэты час сядзець недзе на моры, калі адкрыюцца межы. Тыя людзі, якія ездзяць адпачываць, — гэта збольшага не электарат Лукашэнкі. Ды і вулічныя пратэсты ў такую дату малаімаверныя”. 

Беларусы ў жніўні 2019-га / БЕЛТА

Рэйтынг Лукашэнкі

У 2015 годзе, нягледзячы на пэўныя праблемы, Лукашэнка быў на кані. Які ў яго цяпер электаральны рэйтынг — ніхто дакладна не ведае, даследаванні на гэту тэму калі і праводзяцца, дык не публікуюцца. Але нават калі рэйтынг і сапраўды малы, дык кіраўніку краіны да гэтага няма справы.

“Народ безумоўна незадаволены. Няма гэтых сакральных “па 500” — зноў абвальваюцца заробкі праз рост курса долара. І вядома, многія не задаволеныя тым, як Лукашэнка сябе паводзіць і заяўляе ў кантэксце пандэміі. Думаю, ён пакрыўдзіў значную частку свайго традыцыйнага электарату, калі казаў, што самі вінаватыя тыя, хто памёр, бо не трэба было хадзіць па вуліцы, і хтосьці там зашмат важыў… — працягвае  Аляксандр Класкоўскі. — Але гэта магло б хваляваць Лукашэнку, калі б у нас сапраўды лічылі галасы. А паколькі ўсё ў руках надзейных людзей, дык надта пераймацца ён не будзе. А што да магчымых пратэстаў, дык іх пастараюцца задушыць у зародку, што ў прынцыпе ўжо цяпер робіцца, калі масава вяжуцца прыхільнікі блогера Ціханоўскага і праціўнікі акумулятарнага завода ў Брэсце”.          

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.