Дзеля прэзідэнцкай кампаніі Валерый Цапкала прадаў дом

Дзеля прэзідэнцкай кампаніі Валерый Цапкала прадаў дом

Экс-кіраўнік Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала прадаў свой дом, каб фінансаваць прэзідэнцкую кампанію. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю dev.by.

Прэтэндэнт патлумачыў, што не паспеў стварыць выбарчы фонд, бо замест двух месяцаў на гэта адвялі пяць дзён. Пакуль што яго кампанія, маўляў, працуе на энтузіязме.

Дом Цапкалы пабудаваны каля Нацыянальнай бібліятэкі. "Наша Ніва" пісала, быццам участак для забудовы тагачасны дырэктар ПВТ атрымаў у арэнду на эксклюзіўных умовах за 231 рубель на год, а кошт будаўніцтва і выбар падрадчыка выклікалі пытанне ў праваахоўных органаў. Сам Цапкала запэўніў dev.by, што будаўніцтва дома цягнулася восем гадоў і ўсё было афіцыйна аформлена. За ўчастак ён, маўляў, выплаціў афіцыйны кадастравы кошт зямлі — каля 70 тысяч долараў. 

Цапкала заяўляе, што за яго вылучэннем не стаіць ніводная ІТ-кампанія. У камандзе ёсць праграмісты, але гэта не кіраўнікі і не ўладальнікі бізнесу.

Пасля сыходу з пасады кіраўніка ПВТ ён меў некалькі крыніц даходу. У прыватнасці, кансультаваў урады Азербайджана, Грузіі, Узбекістана па стварэнні інавацыйных інфраструктур; таксама кансультаваў адну амерыканскую кампанію і выступаў кансультантам ПРААН у галіне электроннага ўрада.

Цапкала заявіў, што ён не ў апазіцыі, а проста хоча, каб краіна нармальна развівалася і ў палітычнай сістэме было месца розным поглядам. Ён мяркуе, што Беларусь павінна выбудоўваць добрыя адносіны з усімі краінамі свету — і на захадзе, і на ўсходзе. Аднак Расія, на яго думку "заўсёды будзе, напэўна, самым галоўным палітычным і эканамічным партнёрам, гэта не залежыць ад нашых жаданняў, падабаецца нам гэта ці не. Нас геапалітычны лёс размясціў тут, і мы не можам сесці ў другую лодку і плысці туды, дзе клімат цяплейшы".

У ліку сваіх куміраў і арыенціраў Цапкала называе Джорджа Вашынгтона, Аўраама Лінкальна, Лі Куан Ю, Пятра Сталыпіна.

Дарэчы, інтэрв'ю Цапкалы ў поўным выглядзе на dev.by не з'явілася: выданне паведамляе, што прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду захацеў цалкам перапісаць тэкст у больш спрыяльным для сябе ключы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі