Вы тут

Ярмошына: Выбарчае заканадаўства зменім, калі зменіцца Канстытуцыя

Лідзія Ярмошына, фота Еўрарадыё

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына дала Еўрарадыё невялікае інтэрв’ю пра змены, якія чакаюць беларускае выбарчае заканадаўства. Яна тлумачыць, чаму Выбарчы кодэкс не ўдакладняецца з улікам рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, а таксама разважае, ці магчыма ў рэаліях беларускай выбарчай сістэмы вырасціць палітычную эліту.

Прапановы па змене выбарчага заканадаўства паўтара года ляжаць у Лукашэнкі

Еўрарадыё: Пасля мінулых і прэзідэнцкіх, і парламенцкіх выбараў Беларусь атрымала ад БДІПЧ АБСЕ шэраг рэкамендацый па змене выбарчага заканадаўства. Набліжаюцца чарговыя выбары дэпутатаў і прэзідэнта. Рэкамендацыі еўрапейскіх экспертаў будуць улічаныя, ці зноў у апошні момант мы пачуем пра тое, што “зрабіць гэта мы не паспяваем”?

Лідзія Ярмошына: Як вы, магчыма, ведаеце, камісія, створаная пры Цэнтрвыбаркаме, распрацавала свае прапановы з улікам рэкамендацый АБСЕ і ўнесла іх на разгляд кіраўніку краіны яшчэ паўтара года таму. З таго часу ніякай падрыхтоўкі па ўнясенні змен у выбарчае заканадаўства не вядзецца. Кіраўнік краіны, выступаючы перад парламентам, сказаў пра мэтазгоднасць такога кшталту змен пасля таго, як будзе змененая Канстытуцыя. Бо тады ўжо будзе бачна, у які бок мяняць выбарчае заканадаўства.

Але, хаця гэтая праца і не вядзецца, мы падчас кожнай выбарчай кампаніі ў той ці іншай ступені ўводзім прапановы АБСЕ, накіраваныя на адкрытасць і дэмакратызацыю выбарчага працэсу. І наступныя выбарчыя кампаніі таксама будуць адбывацца з удасканаленай практыкай. Мы заўжды ўлічваем той негатыў, які меў месца падчас правядзення кожных папярэдніх выбараў. І спрабуем шляхам тлумачэнняў і пастаноў ЦВК палепшыць правапрымяняльную практыку.

Еўрарадыё: А калі гаворка пра змены ў Канстытуцыю не ідзе, то і казаць пра грунтоўныя змены ў выбарчым заканадаўства не даводзіцца?

Лідзія Ярмошына: Думаю, так. Справа ў тым, што немэтазгодна мяняць закон, а потым зноў яго мяняць следам за Канстытуцыяй. Калі будзе мяняцца Канстытуцыя, дык будзе змененая ўся сістэма выбараў. Гэта прывядзе да карэннай рэформы выбарчага заканадаўства, а не толькі да нейкага яе паляпшэння на падставе прапаноў АБСЕ.

Увесь свет ідзе па шляху стварэння палітычнай эліты, і нам нікуды ад гэтага не сысці

Еўрарадыё: Наколькі верагодна, што бліжэйшыя прэзідэнцкія ці парламенцкія выбары сумесцяць з рэферэндумам па ўнясенні змен у Канстытуцыю?

Лідзія Ярмошына: Ніякіх меркаванняў на гэты конт у мяне няма. Ніякай працы ў гэтым накірунку не вядзецца, прынамсі, у межах ЦВК. На дадзены момант гэтае пытанне не абмяркоўваецца і ў грамадстве, што заўжды папярэднічае зменам такога кшталту. Бліжэйшыя кампаніі пройдуць у адпаведнасці з дзеючай Канстытуцыяй і выбарчымі законамі. Хаця ўсё заўжды магчыма!

Еўрарадыё: Але ж раней вы выступалі за змену нашай выбарчай сістэмы.

Лідзія Ярмошына: Я лічу, што нашы партыі без змены існуючай выбарчай сістэмы не будуць развівацца так, як маглі б развівацца пры наяўнасці прапарцыйнай сістэмы — выбараў па партыйных спісах. Увесь свет ідзе па шляху стварэння палітычнай эліты, якая можа выхоўвацца толькі ў нетрах палітычных партый. І нам нікуды ад гэтага ўсё адно не сысці.

Еўрарадыё: І партыі хочуць выбараў па партыйных спісах. Але, відаць, не хутка дачакаюцца?

Лідзія Ярмошына: Не факт. Гэта пытанне з катэгорыі: “Над гэтым разважаюць…”

Заканадаўчай забароны на сумяшчэнне выбарчых кампаній няма

Еўрарадыё: Наступныя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары прыпадаюць на 2020 год. Ці будзе перанос адной з выбарчых кампаній на больш ранні тэрмін, і якой з іх?

Лідзія Ярмошына: Тут я магу абапірацца толькі на пазіцыю кіраўніка краіны, які сказаў, што такія выбарчыя кампаніі сумяшчацца не павінны. І на падставе гэтага выказвання я раблю выснову, што яны не будуць сумешчаныя. Але і тут магу толькі паўтарыць: усё ў жыцці магчыма. Ніякай заканадаўчай забароны на такое сумяшчэнне выбарчых кампаній няма.

Еўрарадыё: Калі раней пройдуць выбары дэпутатаў, дык час паўнамоцтваў гэтага складу парламенту будзе скарочаны?

Лідзія Ярмошына: Вядома, час іх працы зменшыцца. Але забароны на такое скарачэнне няма. Калі мы праводзім датэрміновыя выбары прэзідэнта, скарачаючы такім чынам яго тэрмін, мы ж не кажам, што гэта з’яўляецца нейкім парушэннем Канстытуцыі. Заўжды трэба зыходзіць з палітычнай мэтазгоднасці і тых умоў, у якіх існуе грамадства.