У Беларусі перадалі ў суд першую крымінальную справу аб завышэнні коштаў

"Неабгрунтаванае павелічэнне на 13% цаны на адзін з харчовых тавараў" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Беларусі перадалі ў суд першую крымінальную справу аб завышэнні коштаў. Па ёй праходзіць 38-гадовы намеснік дырэктара адной з камерцыйных арганізацый. Як паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці, справу ў суд накіравала Баранавіцкая міжраённая пракуратура. Па версіі следства, абвінавачаны 7 кастрычніка дапусціў у краме "неабгрунтаванае павелічэнне на 13% цаны на адзін з харчовых тавараў". Сцвярджаецца, што намеснік дырэктара ведаў пра дырэктыву Аляксандра Лукашэнкі ад 6 кастрычніка, якая павышэнне коштаў забараняла.

Мужчыну не затрымлівалі, ён знаходзіцца пад асабістым даручальніцтвам. За "злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі" яму пагражае ад 2 да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Яшчэ ў кастрычніку ў Беларусі было распачата больш 40 крымінальных спраў за "высокія кошты". Нядаўна Дзяржкантроль прыгразіў гандлю "самымі жорсткімі мерамі" за павышэнне цэн.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.