Вы тут

Світа робіць дыктатара: хто працаваў на рэжым Гітлера і што з імі сталася

Гітлер і сябры / калаж Улада Рубанава

Трэці рэйх шчыльна асацыюецца з фюрарам. Але ўсё дрэннае ў нацысцкай Германіі было звязанае не толькі з вядомым Адольфам Гітлерам. Жорсткую ўладу “народнага лідара” фармавалі не толькі сілавікі, але і прапагандысты, дзеячы культуры, буйныя вытворцы. 

Еўрарадыё прыгадвае, хто працаваў на рэжым і што з імі ў выніку сталася.

Гебельс — сінонім прапаганды

Ёзэф Гебельс

Ніводны дыктатарскі рэжым не абыходзіцца без паслуг прыдворных прапагандыстаў. Недастаткова проста называць чорнае белым — павінны быць спецыяльныя людзі, якія гэта прыкрасяць “вялікай місіяй”. 

Гітлераўская Германія не была выключэннем, хоць яе харызматычны лідар і сам добра спраўляўся са сваімі красамоўнымі, але папулісцкімі выступамі. Менавіта як прапагандыст Гітлер пачынаў у Нямецкай рабочай партыі, якую пазней пераймянуе ў Нямецкую нацыянал-сацыялістычную рабочую партыю. Тым не менш нават ён разумеў: адзін чалавек не можа займацца ўсімі пытаннямі ў краіне.     

Памагатым Гітлера ў апрацоўцы розуму нямецкага народа стаў Ёзэф Гебельс. Цяпер ягонае прозвішча — сінонім цынічнай прапаганды дыктатарскіх рэжымаў. 

У 1922 годзе Гебельс атрымлівае ў Гейдельбергскім універсітэце ступень доктара філасофіі і нават спрабуе сябе ў ролі пісьменніка і журналіста, але беспаспяхова. У НСДАП ён уступае ў 1924 годзе — праз пяць гадоў пасля Гітлера. Першапачаткова погляды Гебельса шмат у чым разыходзяцца са старшынёй партыі. Ён увогуле сябе называў “нямецкім камуністам”, сімпатызаваў Леніну ды выступаў за аб’яднанне Германіі з СССР у барацьбе з “калектыўным Захадам” (праз 15 гадоў так і будзе: прывітанне Молатаву і Рыбентропу). 

Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што першапачаткова Гебельс не быў антысемітам. Маўляў, жорсткую пазіцыю да габрэяў заняў з меркантыльных памкненняў, каб атрымаць дадатковыя бонусы ад Гітлера. Так гэта ці не, але Гебельса Гітлер сапраўды прызначае галоўным прапагандыстам у партыі, а пасля прыходу да ўлады — рэйхсміністрам народнай асветы і прапаганды.   

Атрымаўшы міністэрскі партфель, Гебельс у першую чаргу бярэ пад жорсткі дзяржаўны кантроль і сродкі масавай інфармацыі, і культуру — усё, што дапаможа яму фармаваць і кантраляваць грамадскую думку. Менавіта ён арганізаваў канфіскацыю “дэгенератыўных” твораў мастацтва і спаленне кніг “няправільных” аўтараў. 

Культ асобы “нацыянальнага лідара”, ксенафобія, дэмагогія, фальсіфікацыя фактаў, пошук ворагаў, зачыстка здраднікаў і ўхваленне гвалту — усім гэтым характарызуецца прапаганда пры Гебельсе.  

Чым усё для яго скончылася? За некалькі дзён да заканчэння вайны Гебельс з сям’ёй перабраўся ў бункер фюрара. Там Гітлер нават прызначыў яго сваім пераемнікам, але пакіраваць краінай Гебельс не паспеў. 1 траўня 1945 года яго жонка дала цыяністы калій сваім шасцярым дзецям, а пазней з’елі яго і бацькі. 

Рыфеншталь — асабісты рэжысёр Гітлера 

Лені Рыфеншталь

Згадваючы прапагандысцкую машыну Гебельса, немагчыма абмінуць асобу Лені Рыфеншталь

Выпускніца Берлінскай школы мастацтваў пачынала як танцорка, але пазней трапіла ў кіно — у якасці акторкі. Рэжысёрскі дэбют адбыўся ў 1932 годзе з містыка-рамантычным фільмам “Блакітнае святло”, дзе яна выканала і галоўную ролю. За гэтую працу Рыфеншталь атрымала Срэбны медаль кінафестывалю ў Венецыі. Карціна год не сыходзіла з экранаў Парыжа і Лондана.

У тым жа годзе рэжысёрка трапіла на выступ Гітлера ў берлінскім Палацы спорту. Яна так захапілася яго аратарскім талентам, што напісала яму хвалебны ліст. Пазней яна асабіста пазнаёміцца і з Гітлерам, і з Гебельсам. 

Ужо ў 1933 годзе на заказ галоўнага прапагандыста нацысцкай Германіі  Рыфеншталь зняла фільм пра Нюрнбергскі з'езд НСДАП — “Трыумф волі”. Фільм быў псеўдадакуметальны, бо там выкарыстоўваліся пастановачныя кадры, але яго, вядома, прэзентавалі менавіта як дакументальны.  

Пазней Рыфеншталь будзе сцвярджаць, што не ганарыцца гэтым творам: “Я шкадую, што зняла яго: калі б я ведала, што ён мне прынясе, то ні за што не стала б яго рабіць”.

Той жа працадаўца заказвае ў рэжысёркі фільм пра Алімпійскія гульні ў Берліне 1936 года. Яна пагадзілася і назвала праект “Алімпіяй”. Пасля здымкі мантаваць яго будзе ажно два гады. 

Гітлер выкарыстоўваў фільм для прапаганды здаровага ладу жыцця. Сама Рыфеншталь казала, што ў часе працы над карцінай яе цікавіла не палітыка, а выключна мастацтва.  

“Алімпія” стала апошнім паспяховым кінапраектам Рыфеншталь. З пачаткам Другой сусветнай вайны яна адмовілася супрацоўнічаць з гітлераўскай прапагандай. Шлях у вялікае кіно быў для яе зачынены. Яе нават змясцілі ў псіхіятрычную клініку, дзе “лячылі” электрашокам.

Нягледзячы на празрэнне, ад кляйма “асабістага рэжысёра Гітлера” ёй было ўжо не пазбавіцца.

Тым не менш у 1956 годзе Рыфеншталь адправілася ў Афрыку, дзе яна пераключылася на рэпартажныя фотаздымкі. Яе фота пра жыццё афрыканскіх плямёнаў былі апублікаваны ў прэстыжных часопісах таго часу.

Дажыла Рыфеншталь да 101 года! 8 верасня 2003-га яна памерла ў сваім доме ў гарадку Пёкінгу на Штарнбергскім возеры.

Хуга Бос — асабісты кравец Гітлера?  

Хуга Бос

Сёння Hugo Boss — сусветна вядомы брэнд, але так было не заўсёды. Хуга Фердынанд Бос заснаваў уласную швейную фабрыку па вытворчасці працоўнага і спартовага адзення ў 1923 годзе. Але ўжо пад канец дзесяцігоддзя прадпрыемства апынулася пад пагрозай банкруцтва. Тут у яго гісторыі і з’яўляецца “нацысцкі след”.

У 1930 годзе Хуга Бос уступае ў Нацыянал-сацыялістычную рабочую партыю. За актыўную дзейнасць з 1934 года яго падпісваюць на буйныя партыйныя заказы — вытворчасць уніформы СА, СС і Гітлерюгенда. 

Да пачатку Другой сусветнай вайны фабрыка Hugo Boss стала важным вайсковым прадпрыемствам. Пашырэнню вытворчасці і прыбыткаў спрыяла ўжыванне на ёй бясплатнай працы людзей з акупаваных краін. 

Пасля вайны прадпрыемства зноў пад пагрозай банкруцтва, але ўжо праз супрацу з нацыстамі. Акрамя таго, хадзілі чуткі, што Бос быў асабістым краўцом Гітлера. У 1948 годзе суд прызнае яго саўдзельнікам нацысцкіх злачынстваў. Яму пагражала турма, але ён сцвярджаў, што стаў нацыстам па неабходнасці. У выніку Бос аддзелаўся пазбаўленнем выбарчых правоў і штрафам 100 000 марак. У тым жа годзе ён памрэ ад зубнога абсцэсу ва ўзросце 63 гадоў.

У 1997 годзе Hugo Boss публічна прызнала факт супрацоўніцтва з СС. А ў 2000 годзе кампанія ўступіла ў фонд “Памяць, адказнасць, будучыня” і заплаціла кампенсацыю былым прымусовым рабочым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.