Вы тут

Стужкі "Пляж/Лес/Тамбур" і "Сума" — пераможцы Нацыянальнага конкурсу "Лістапада"

Кадр фільма "Пляж/Лес/Тамбур" / youtube

Кароткаметражка беларускіх рэжысёраў Кірылы Галіцкага і Святланы Казлоўскай "Пляж/Лес/Тамбур"  стала лепшым гульнявым фільмам на Нацыянальным конкурсе кінафестываля "Лістапад". Яго адзначылі "за прастату гісторыі, мінімалістычныя сродкі і добрае выкананне, якое выклікае моцнае пачуцце ў гледачоў". Цікава, што фільм мусіў удзельнічаць у кінаформе летась, але был адкліканы аўтарамі ў знак пратэсту супраць цэнзуры Мінкульта, за якім было апошняе слова ў выбары стужак у Нацыянальны конкурс. 

Пры атрыманні ўзнагароды рэжысёр Кірыл Галіцкі нагадаў, што калі ёсць цывілізаваны дыялог, беларускія рэжысёры здольныя на многае. Зала сустрэла ягоныя словы авацыямі.

Лепшым дакументальным фільмам стаў "Сума" Андрэя Куцілы — "за элегію аб чалавечай восені". "За здольнасць перадаваць неперадаванае" карціна таксама атрымала "Саламянага зубра" — спецыяльны прыз Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў Беларускага саюза кінематаграфістаў. Дарэчы, летась фільм Андрэя Куцілы "Стрыптыз і вайна" не прайшоў у Нацыянальны конкурс, супраць чаго і пратэставалі Галіцкі і Казлоўская. Сёлета справядлівасць перамагае!

Да таго ж стужка "Стрыптыз і вайна", якая таксама ўдзельнічала сёлета ў асноўным конкурсе дакументальнага кіно "Лістапада", атрымала спецыяльны прыз журы!

Яшчэ адным адмысловым дыпломам Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў Беларускага саюза кінематаграфістаў "за дасціпнае и трапнае адлюстраванне беларускай самасвядомасці" узнагароджаны фільм "Чыстае мастацтва" Максіма Шведа

У намінацыі "Анімацыя" перамагла стужка "Магістр вольных мастацтваў" Алены Пяткевіч — "за дыдактычную каштоўнасць і выкшлалцоную графічную форму".

Адмысловы дыплом "За аператарскую працу" атрымала Саша Кулак ("Хронікі ртуці"). А фільм знакамітага беларускага дакументаліста Віктара Аслюка "Абыход" адзначаны прызам Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй "Мір".