Вы тут

СК у другі раз спыніў справу Арцёма Басцюка, знойдзенага павешаным у Печах

Арцём Басцюк. Фота з сацсетак.

Следчы камітэт у другі раз спыніў справу Арцёма Басцюка — салдата тэрміновай службы, знойдзенага павешаным у вайсковай частцы №25849 пад Барысавам. На думку следчых, 25-гадовы мінчук здзейсніў самагубства.

“Мы атрымалі пастанову. Там усё перавярнулі з ног на галаву. У нас была вочная стаўка з камандзірамі часці — іх словы перавернутыя так, нібыта іх узялі з іншай справы, — распавядае Еўрарадыё Таццяна Басцюк, маці Арцёма. — Адказалі нам, што ў войску ледзь не дзіцячы сад, а наш сын сам захацеў — і ўсё”.

6 лютага старшыня Следчака камітэта Іван Наскевіч заявіў журналістам, што следчыя выявілі новыя факты дзедаўшчыны ў беларускім войску, на праверку якіх патрэбны час.

Адвакат Таццяны і Сяргея Басцюкоў рыхтуецца абскарджваць пастанову аб закрыцці справы па факце смерці іх сына.

Арцём Басцюк рэгулярна скардзіўся бацькам на дзедаўшчыну ў часці. Ён распавядаў, што "дзяды" прымушалі "маладых" купляць ім каву, цукар, цыгарэты, не дазвалялі спаць. За невыкананне загаду прымушалі адціскацца сотні разоў.

Хлопец не вытрымаў і стаў скардзіцца на нестатутныя ўзаемаадносіны кіраўніцтву часці. 30 сакавіка, за дзень да яго гібелі, абмеркаваць сітуацыю ў Барысаў прыязджалі бацькі Арцёма.

Камандзіры паабяцалі ім разабрацца.

Але ўвечары таго ж дня салдат патэлефанаваў дадому, каб развітацца. Бацькі забілі трывогу і, у сваю чаргу, патэлефанавалі ў частку. Іх запэўнілі, што ўсё будзе добра, але раніцай Арцёма знайшлі ў пятлі.