Вы тут

Расследаванне па справе Коржыча працягнулі, бо выявілі новыя факты дзедаўшчыны

Аляксандр Коржыч. Фота з сацсетак

Тэрмін расследавання па справе гібелі радавога Аляксандра Коржыча падоўжаны. Пра гэта 6 лютага распавёў журналістам у Брэсце старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч, перадае БЕЛТА.

"Падчас расследавання гэтай справы быў выяўлены шэраг іншых фактаў нестатутных узаемаадносін не толькі ў гэтым вайсковым падраздзяленні, але і ў іншых часцях. Маладыя вайскоўцы і тыя, якія адслужылі пэўны тэрмін, пачалі даваць паказанні адносна падзей гадавой, двухгадовай даўніны, сцвярджаючы, што і яны з'яўляліся аб'ектамі гвалту з боку таварышаў па службе", — патлумачыў кіраўнік Следчага камітэта. 

Наскевіч кажа, што следчым патрэбны дадаткова час, каб праверыць усе наяўныя факты. Ён падкрэсліў, што пра вынік расследавання гэтай справы абавязкова праінфармуюць грамадства.

Як паведамлялася раней, цела шарагоўца Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў сутарэннях будынка на тэрыторыі вайсковай часці ў Печах (Барысаўскі раён). Малады чалавек паспеў праслужыць менш за паўгода. Ён быў задушаны пры павешанні. 

Па факце гібелі салдата следчыя пачалі каля 15 крымінальных спраў, прыкладна столькі ж налічваецца фігурантаў справы. Следства распрацоўвае тры асноўныя версіі: самагубства, давядзенне да самагубства і наўмыснае забойства.