СК спыніў справу салдата, знойдзенага павешаным у Печах 31 сакавіка

Фота з архіва БелТА.
Фота з архіва БелТА.

Следчы камітэт спыніў крымінальную справу, распачатую па факце смерці ў вайсковай частцы №25849 пад Барысавам салдата тэрміновай службы Арцёма Басцюка. 25-гадовы мінчук быў знойдзены павешаным 31 сакавіка 2017 года.

"Арцём любіў жыццё. Я вам не магу перадаць... Ён скончыў універсітэт, быў валанцёрам у Чырвоным крыжы, быў донарам. У яго не было шкодных звычак, — распавядае Еўрарадыё Таццяна Антонаўна, мама загінулага салдата. Ён сказаў: я пайду і адслужу, каб не бегаць".

Служба ў арміі апраўдала горшыя чакання Арцёма Басцюка. Ён распавядаў бацькам, што "дзяды" прымушалі "маладых" купляць ім каву, цукар, цыгарэты, не дазвалялі спаць. За невыкананне загаду прымушалі адціскацца сотні разоў. Хлопец не вытрымаў і стаў скардзіцца на нестатутныя ўзаемаадносіны.

30 сакавіка абмеркаваць сітуацыю ў частку прыязджалі бацькі хлопца. Камандзіры паабяцалі ім разабрацца. Але ўвечары таго ж дня салдат патэлефанаваў дадому, каб развітацца. Бацькі забілі трывогу і, у сваю чаргу, патэлефанавалі ў частку. Іх запэўнілі, што ўсё будзе добра, але раніцай Арцёма знайшлі ў пятлі.

Бацька і маці маладога чалавека знайшла адваката і дамаглася таго, каб іх прызналі пацярпелымі. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу, але не за давядзенне да самагубства або за забойства, а па частцы 3 артыкула 443 Крымінальнага кодэкса Беларусі — парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі, якое пацягнула цяжкія наступствы.

12 кастрычніка бацькі Арцёма Басцюка атрымалі пастанову аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе.

"За адсутнасцю грамадска небяспечнага дзеяння, прадугледжанага крымінальным заканадаўствам, — зачытвае пастанову матуля загінулага салдата. — Гэта поўнае бязмежжа. Калі ён прыйшоў у частку, ён распавядаў, які там змрок. Пасля таго, як у шпіталі паляжаў і выйшаў — казаў: усё, гэта немагчыма".

СК закрыл дело солдата-срочника, найденного повешенным в Печах 31 марта
Арцём Басцюк. Фота з ВК.

Гісторыя смерці Арцёма падобная на рэзанансны выпадак, які ўзрушыў Беларусь у пачатку кастрычніка. У вайсковай частцы №43064 пад Барысавам быў знойдзены павешаным 21-гадовы салдат тэрміновай службы з Пінска Аляксандр Коржыч. Па факце смерці хлопца Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па тым жа артыкуле, па якім расследавалася гібель Арцёма Басцюка.

Сям'я Басцюкоў мае намер абскардзіць пастанову і дамагацца аднаўлення крымінальнай справы па факце смерці сына.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі