Вы тут

Расійскія салдаты гвалцяць беларусак? Усё, што пра гэта вядома

Калаж Кацярыны Круглік / Заборона

Больш за 400 паведамленняў пра здзейсненыя расійскімі вайскоўцамі згвалтаванні паступіла на гарачую лінію ўпаўнаважанай Вярхоўнай Рады па правах чалавека толькі за першыя два тыдні красавіка. Злачынствы сексуальнага характару супраць жанчын, дзяўчат, хлопчыкаў, мужчын і пажылых людзей сталі візітнай карткай войска РФ у часе поўнамаштабнай вайны з Украінай. У асабліва небяспечным становішчы знаходзяцца людзі на часова акупаваных тэрыторыях.

Аднак ад дзеянняў расійскіх вайскоўцаў пакутуюць не толькі жыхаркі і жыхары Украіны — у некаторых беларускіх тг-каналах у пачатку красавіка з'явілася гісторыя пра згвалтаваную салдатамі студэнтку з Мазыра. Беларускія журналісты не знайшлі пацверджання гэтай гісторыі. Але ўкраінскае выданне "Заборона" са спасылкай на беларускую актывістку і псіхолагаў, якія працуюць з ахвярамі згвалтаванняў, сцвярджае, што выпадак у Мазыры — праўда, і ён не адзіны.

Як беларускі пакутуюць ад расійскіх салдат

Расійскае войска прыбыло ў Беларусь у пачатку лютага — нібыта для сумесных расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў "Саюзная рашучасць — 2022". Пасля заканчэння вучэнняў расіяне не вярнуліся на месца дыслакацыі, а рушылі ва Украіну — з вайной. Памежныя з Украінай раёны Гомельскай вобласці сталі месцам "прывалу" расійскіх войскаў.

"Вайскоўцы пастаянна п'яныя, кожны дзень бадзяюцца па вуліцах, шукаюць, да каго можна прыстаць, лаюцца. У Мінскую вобласць яны прыязджаюць па прадукты. Крамы размешчаны каля школы, і вайскоўцы пастаянна тырчаць побач, мабыць, чакаючы заканчэння школьнага дня. Таму ўсе бацькі самі забіраюць дзяцей, асабліва маладых дзяўчат, як толькі заканчваюцца заняткі", — расказвае "Забороне" беларуская актывістка Марыя (імя змененае з меркаванняў бяспекі, бо актывістка пражывае ў Беларусі).

Агрэсіўныя паводзіны расійскіх вайскоўцаў у Беларусі не абмяжоўваюцца пагрозамі і п'янствам. Па словах Марыі, мясцовым праваабаронцам вядома пра чатырох жанчын, якія пацярпелі ад сексуальнага гвалту з боку прадстаўнікоў войска РФ. "Заборона" публікуе відэа з інстаграм-акаўнта girls.power.belarus. У ім нібыта пацярпелая студэнтка з Мазыра ананімна расказвае, што з ёй зрабілі рускія салдаты.

Відэа: girls.power.belarus / Instagram

На відэа, якое з'явілася ў сеціве 6 красавіка, дзяўчына расказвае, што ўвечары вярталася дадому пасля сустрэчы з сябрамі. Па дарозе да яе прысталі трое п'яных расіян на аўтамабілі. У аднаго з вайскоўцаў быў аўтамат. Дзяўчына спрабавала праігнараваць іх, але тыя схапілі яе і зацягнулі ў машыну, дзе потым згвалтавалі. Яна ўспамінае, што гэта быў грузавы аўтамабіль з чорнымі нумарамі — гэта сведчыць пра прыналежнасць транспартнага сродку Міністэрству абароны Расіі. Студэнтка не ведала, куды яе вязуць: вайскоўцы надзелі ёй на галаву пакет. Яны абяцалі забіць дзяўчыну, калі яна закрычыць, а на просьбу адпусціць адказалі толькі "не хацела знаёміцца па-добраму — будзе па-дрэннаму".

Актывістка Марыя падкрэслівае: акрамя незвяртання ўвагі на тэму сексуальнага гвалту з боку беларускіх уладаў ёсць велізарны ціск рускамоўнай аўдыторыі, частка якой распаўсюджвае ілюзорныя ідэі пра тое, што расійскія вайскоўцы ніколі б так не зрабілі. Убачыць такія каментары можна ледзь не пад кожнай публікацыяй на гэтую тэму. Акрамя таго, расійская аўдыторыя намякае, а часам і адкрыта кажа, што ўкраінкі нібыта масава займаюцца секс-працай, праз што "расійскія салдаты гідзяцца спаць з украінкамі". Падтрымліваюць гэтыя настроі і расійскія медыя, распаўсюджваючы паведамленні пра ўкраінскае войска, якое гвалтуе і марадзёрыць на сваёй жа тэрыторыі.

Скрыншоты з Twitter / Круглік Кацярына / Заборона / Скриншоти з Twitter

Студэнтка Воля (імя змененае) жыве ў Мінску, але часта ездзіць да бацькоў у Мазыр. У размове з "Забороной" яна расказала, што з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў горадзе дыслакуецца вельмі шмат салдат, вайсковых машын. Воліны бацькі і знаёмыя з Мазыра кажуць, што расійскія вайскоўцы часта ездзяць п'яныя, закупляюцца гарэлкай, могуць выехаць на сустрэчную паласу ці пакінуць машыну пасярод дарогі і пайсці ў краму.

"Асабіста да мяне і маіх знаёмых вайскоўцы не прыставалі. Але ўсё роўна вельмі страшна, адчуваецца напружанне — і псіхалагічнае, і фізічнае. Частка вуліц у горадзе наогул без асвятлення, людзей вечарам вельмі мала, таму адна я не хаджу. І мне, і сяброўкам страшна, — адзначае дзяўчына. — Аднак ёсць і тыя, хто не турбуецца. Мама маёй сяброўкі радасна махае салдатам, усміхаецца ім і раіць сваёй дачцэ рабіць тое самае. А бабуля, побач з якой я ехала ў аўтобусе, сказала, што моліцца за рускіх салдат кожную ноч, бо нашым дзяўчатам трэба за кагосьці выходзіць замуж".

Ад гісторый пра злачынствы расійскіх вайскоўцаў ва Украіне Волі было страшна, а пасля паведамлення пра згвалтаванне ў Мазыры яна адчула лютасць: "Ад гэтых пачвар можна чакаць чаго хочаш".

"Я распаўсюджвала інфармацыю пра гэтае згвалтаванне ў сацсетках, многія рэпосцілі яе. Але былі і тыя, хто не верыў. Яны спрабавалі знайсці пацверджанне таго, што згвалтаваная дзяўчына з Мазыра хлусіць, — тлумачыць Воля. — Я не ведаю, магчыма, гэта такі інстынкт самаабароны — верыць, што ўсё гэта няпраўда. Але, госпадзе, я не ведаю, як можна заставацца абыякавымі да такога, як можна не задумвацца пра сваю бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх, асабліва жывучы ў горадзе, дзе так шмат расійскіх вайскоўцаў".

Дзяўчына, якая запісала відэа, перастала выходзіць на сувязь з актывістамі.

"Іншыя пацярпелыя таксама знаходзяцца ў Мазыры, працуюць з псіхалагінямі. Аднак яны не гатовыя апублікаваць свае гісторыі. Я іх цалкам разумею: расказаць пра гвалт у Беларусі — значыць прыцягнуць увагу да праблемы [сексуалізаванага гвалту], якую і ў мірны час у Беларусі не лічылі вартай увагі", — кажа Марыя.

Адкуль у Беларусі табу на размовы пра гвалт

Да 2021 года ў Беларусі было некалькі зарэгістраваных нацыянальных і рэгіянальных арганізацый, якія працуюць з тэмай хатняга і сексуальнага гвалту, у прыватнасці "Гендарныя перспектывы", "Правінцыя ў Барысаве", "Яе правы". У 2021 годзе ўсе гэтыя арганізацыі былі ліквідаваныя як "шкодныя для беларускага грамадства". Сярод іх і сямейны шэлтар "Радзіслава", які больш за 20 гадоў дапамагаў жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту.

Былую дырэктарку шэлтара Вольгу Гарбунову 9 лістапада 2021 года супрацоўнікі беларускай міліцыі арыштавалі ў Мінску. Падставай для арышту стаў нібыта ўдзел Вольгі ў арганізацыі жаночых маршаў летам 2020 года. Праваабаронца да гэтага часу знаходзіцца ў СІЗА.

У 2020 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў і брутальных разгонаў пратэстаў 9–11 жніўня ў Мінску і іншых гарадах Беларусі сталі праходзіць "Жаночыя маршы", удзельніцы якіх выступалі супраць Лукашэнкі і гвалту з боку сілавых структур. Далёкі ад ідэй фемінізму беларускіх кіраўнік Аляксандр Лукашэнка шмат разоў казаў, што жанчына проста не зможа ўзначаліць краіну, і працягваў прасоўваць патрыярхальныя ідэі. А закон супраць хатняга гвалту Лукашэнка наогул называў "заходнім глупствам". Праваабарончую і грамадскую дзейнасць Лукашэнка крытыкаваў, заяўляючы, што ў праваабарончых арганізацыях працуюць тысячы людзей "з прамытымі за чужыя грошы мазгамі". За апошнія паўгода ў Беларусі было ліквідавана 116 грамадскіх аб'яднанняў.

"Сёння ўдзел у працы ліквідаваных або незарэгістраваных арганізацый у Беларусі — гэта адміністрацыйнае або крымінальнае злачынства, у залежнасці ад таго, якой тэмай вы займаецеся і наколькі дзяржава лічыць гэтую тэму для сябе нязручнай, — тлумачыць Марыя. — Калі мы з вамі вырашым проста як два чалавекі дапамагчы пацярпелым ад хатняга гвалту — гэта злачынства. Збіраць грошы ў сацсетках на дапамогу — таксама злачынства".

Таму цяпер у Беларусі няма ніякіх структур для дапамогі пацярпелым ад сексуальнага гвалту. У краіне афіцыйна дзейнічаюць так званыя кабінеты дапамогі жанчынам, але імі часам кіруюць псіхолагі-мужчыны, якія не маюць ніякага ўяўлення пра тое, як працаваць з пацярпелымі. Многія з іх лічаць, што феміністкі раздзімаюць праблему гвалту ў Беларусі, і раяць жанчынам у сітуацыі гвалту заўсёды ісці на прымірэнне з мужам і захоўваць шлюб, бо "адзінокая жанчына нікому не патрэбная".

"Калі цябе згвалтавалі, у Беларусі цяпер няма ніводнага месца з кваліфікаванымі спецыялісткамі, куды можна патэлефанаваць, каб папрасіць пра дапамогу. Пацярпелая можа пайсці ў міліцыю, дзе сядзяць дрэнна кваліфікаваныя спецыялісты-мужчыны, якія з 2020-га збівалі і катавалі затрыманых на пратэстах. Усё, што дзяўчыне скажуць у міліцыі, — "сама вінаватая". Могуць і высмеяць, хоць фармальна ў Крымінальным кодэксе РБ ёсць артыкул "Згвалтаванне", — сцвярджае Марыя.

Што гаворыць заканадаўства Беларусі

Беларуская юрыстка і праваабаронца Даша Чурко падкрэслівае: цяпер у Беларусі прававы дэфолт. Законы працуюць толькі так, як зручна дзяржаве. Таму і закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту няма.

"У Беларусі ёсць інстытут СНС — сацыяльна небяспечнага становішча. Гэта калі сям'ю ставяць на ўлік і прызнаюць неўладкаванай. Часта сярод гэтых сем'яў сустракаюцца такія, дзе жанчыны пацярпелі ад хатняга гвалту ці адкрыта выходзілі на пратэсты супраць улады: "Гэта значыць, жанчына выклікае міліцыю праз гвалт, а ёй кажуць: "паставім у СНС" і/або "забяром дзяцей". Гэта сур'ёзная перашкода для жанчыны ў абароне сябе і дзіцяці", — тлумачыць Чурко.

Праваабаронца адзначае, што ў краіне ёсць ахоўнае прадпісанне, якое пэўным чынам рэгулюе пытанні сямейнага гвалту. Яно прадугледжвае магчымасць прымянення ахоўнага распараджэння, калі агрэсару забараняюць жыць, тэлефанаваць, мець зносіны і набліжацца да пацярпелай на тэрмін ад 1 да 30 дзён. Каб атрымаць ахоўнае прадпісанне, трэба прайсці цэлую працэдуру, і далёка не ў кожным выпадку гэта наогул магчыма (напрыклад, калі гвалт адбываўся ў сям'і, муж і жонка развяліся і больш не жывуць разам, але гвалт працягваецца).

"Аднак вырашэнне пытання залежыць ад чалавека, які прымае заяву ў структуры. Цяпер знізілася магчымасць дабіцца справядлівасці. Жанчыны ў Беларусі амаль не звяртаюцца ў міліцыю. Ёсць сітуацыі, калі пацярпелая ад гвалту зазнае віктымблэймінг [калі ў здзейсненым злачынстве абвінавачваюць пацярпелага, а не злачынца]. Палепшыць сітуацыю маглі б міжнародныя інстанцыі, аднак без нацыянальных судоў справы пацярпелых не будуць прынятыя ў Канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод. Або ў Канвенцыю ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (CEDAW). Спачатку пра гвалт трэба публічна заявіць у Беларусі", — падкрэслівае Даша.

Што рабіць, калі вы сталі ахвярай гвалту

Калі чалавек перажыў гвалт, праваабаронца Марыя рэкамендуе гарантаваць сваю фізічную і псіхалагічную бяспеку. Самае галоўнае — звярнуцца па экстранную медыцынскую дапамогу і атрымаць неабходныя лекі, а таксама прайсці медыцынскае абследаванне і атрымаць выпіску, якую пры неабходнасці можна выкарыстоўваць пры падачы заявы. У Беларусі можна звярнуцца да сацыяльнай работніцы, якая дапаможа вярнуць адчуванне хоць бы частковай псіхалагічнай бяспекі.

Па словах Марыі, яна не выключае, што пасля вайны расійскія салдаты працягнуць забіваць і гвалтаваць:

"Салдаты і вайскоўцы на вайне атрымліваюць каласальную траўму, многія з іх вернуцца дадому псіхічна знявечанымі. Улічваючы вельмі нізкі ўзровень псіхалагічнай адукацыі ў Расіі, многія з гэтых людзей застануцца сам-насам са сваімі свежанабытымі станамі. Гэтыя станы вайскоўцы будуць глушыць алкаголем, спагнаннем агрэсіі на іншых і ізаляцыяй. У Расіі і без таго каласальныя маштабы хатняга гвалту, а атрыманая на вайне псіхалагічная траўма толькі пагоршыць гэтую сітуацыю і паставіць мноства жанчын ва ўразлівае становішча".

Рэдакцыі "Забороны" невядома, ці звярталіся дзяўчаты з Мазыра, пра якіх гаворка ішла ў тэксце, у міліцыю.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.