Расійскі часопіс са свастыкай на вокладцы не будзе прадавацца ў Беларусі

Расійскі часопіс са свастыкай на вокладцы не будзе прадавацца ў Беларусі

"Белсаюздрук" адмовіўся распаўсюджваць лістападаўскі нумар расійскага гістарычнага часопіса “Дилетант”, прысвечаны 80-годдзю пакта Молатава — Рыбентропа. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў рэдакцыі выдання.

Найхутчэй, адмова звязаная з публікацыяй на вокладцы часопіса карыкатуры "Вяселле Гітлера і Сталіна". Упершыню яна была апублікаваная ў кастрычніку 1939 года ў амерыканскай газеце The Washington Star. На карыкатуры Гітлер і Сталін абдымаюцца ў вясельных уборах, на якіх некалькі разоў намаляваная свастыка.

Расійскі часопіс са свастыкай на вокладцы не будзе прадавацца ў Беларусі

Паўтара года таму ў Расіі за публікацыю гэтай карыкатуры ў "Фэйсбуку" быў аштрафаваны адвакат з Чабаксараў Юрый Іваноў. А сёлета адразу пасля выхаду часопіса яго адмовілася прадаваць маскоўкая кніжная крама “Маладая гвардыя”. Гэта было звязана менавіта з карыкатурай 80-гадовай даўніны.

“Я здагадваюся, па якой прычыне вы мне тэлефануеце, — адказвае Еўрарадыё галоўны рэдактар “Дилетанта” Віталь Дымарскі. Пра тое, што нумар не трапіў у продаж у Мінску, нічога не ведаю, я зараз у Краснаярску. Мы аддаём [часопісы. — Еўрарадыё] у гандлёвыя сеткі і далей не ведаем, які [іх] лёс”.

Дымарскі дапускае, што свежы нумар часопіса, як і ў Расіі, мог не трапіць у продаж менавіта праз вокладку са Сталіным і Гітлерам.

Расійскі часопіс са свастыкай на вокладцы не будзе прадавацца ў Беларусі
Белсаюздрук у Мінску / Еўрарадыё

“Белсаюздрук”: часопіса няма па дакументах

У “Белсаюздруку” пытанням Еўрарадыё пра 47-ы нумар "Дилетанта" здзіўляюцца.

“У нас цяпер у сетцы знаходзіцца часопіс “Дилетант” №46, — расказалі Еўрарадыё ва ўпраўленні гандлю "Белсаюздруку". — Нумар 47 мы яшчэ не атрымлівалі. У нас на прадпрыемстве на цяперашні момант яго няма. Гэта дакладна. Здаць яго нам не маглі, бо па дакументах няма гэтага часопіса”.

На прадпрыемстве дадаюць, што дыстрыб’ютарская кампанія “Росчерк”, якая займаецца пастаўкамі часопіса ў Беларусь, 47-ы нумар яшчэ не прывозіла.

Расійскі часопіс са свастыкай на вокладцы не будзе прадавацца ў Беларусі
Пакуль чарговага нумара часопіса няма

Часопіс прывезлі ў Беларусь, але не пусцілі ў продаж

А вось у кампаніі “Росчерк” Еўрарадыё нечакана распавядаюць, што ўжо зрабілі сваю працу і прывезлі свежы нумар "Дилетанта" ў Мінск яшчэ некалькі дзён таму.

“Ён [№47 часопіса. — Еўрарадыё] спазніўся прыблізна на паўтара тыдня, але мы яго прывезлі. На гэтым наша праца зробленая, а далей “Белсаюздрук” вырашае: браць у продаж ці не. Калі б усё было добра, дык заўтра ці паслязаўтра ён бы трапіў у продаж. Магчыма, так і будзе. Але ў іх да гэтага выдання ёсць некаторыя пытанні”, — сказалі Еўрарадыё ў кампаніі “Росчерк”.

Якія менавіта прэтэнзіі да лістападаўскага нумара “Дилетанта” могуць быць у "Белсаюздрука", дыстрыб’ютар не ведае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі