Праваабаронца: Не ўсе турэмшчыкі з “чорнага спіса” павінны там быць

29 кастрычніка Еўрасаюз скараціў спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў, сілавікоў і бізнесоўцаў на 10 чалавек. 13 асобаў былі выключаныя з “чорнага спіса”, тры новыя прозвішчы яго папоўнілі. “Трэвел бан” атрымалі начальнік Горацкай калоніі №9 Аляксандр Лапатка, начальнік Бабруйскай калоніі №2 Аляксандр Какунін і яго намеснік Юрый Трутко. Еўрарадыё абмеркавала гэтыя змены з адным са складальнікаў “чорнага спіса”, кіраўніком арганізацыі “Платформа” Андрэем Бандарэнкам.

Еўрарадыё: Што вы думаеце пра ўнясенне турэмшчыкаў у “чорны спіс” ЕС? Наколькі гэта абгрунтаванае рашэнне?

Андрэй Бандарэнка: Што датычыць Аляксандра Лапаткі з 9-й калоніі, то я мала валодаю інфармацыяй пра яго. Чуў толькі станоўчыя водгукі. Што датычыцца начальніка Бабруйскай калоніі №2 і яго намесніка па рэжымна-аператыўнай працы, то санкцыі, на маю думку, абсалютна абгрунтаваныя. Ёсць звесткі, што гэтыя людзі датычныя да катаванняў і жорсткага абыходжання са зняволенымі — не толькі палітычнымі, але і звычайнымі. І тыя метады, якія выкарыстоўваюць гэтыя людзі для перавыхавання, далёкія ад нормаў права і прынцыпаў гуманнасці і разумнасці. Гэта людзі, настроеныя на тое, каб зламаць чалавека. Калі гаварыць пра метады, у прыватнасці пра Алеся Бяляцкага, дык гэта поўная ізаляцыя. У Алеся зараз складаная сітуацыя — ён не мае магчымасці кантактаваць з іншымі зняволенымі. Яго пастаянна змяшчаюць у штрафны ізалятар, запалохваюць. Таму ўключэнне ў “чорны спіс” прадстаўнікоў адміністрацыі Бабруйскай калоніі можна назваць абгрунтаваным.

“Нехта з асяродку апазіцыі, праваабаронцаў мэтанакіравана ўносіў гэтага чалавека”

Еўрарадыё: Якім чынам тады ў спіс неўязных трапіў Аляксандр Лапатка? Пра яго станоўча выказваецеся і вы, і былы палітвязень Зміцер Дашкевіч. Адбылася памылка?

Андрэй Бандарэнка: Нехта з асяродку апазіцыі, праваабаронцаў мэтанакіравана ўносіў гэтага чалавека. Большасць людзей, якіх уключалі ў спіс неўяздных, гэта людзі, у дачыненні да якіх нехта рэалізоўваў свае палітычныя амбіцыі. Кіраваўся сваімі асабістымі поглядамі, а не нейкімі нормамі права. “Чорны спіс” патрабуе дапрацоўкі, туды не павінны трапляць выпадковая людзі. Што датычыць начальнікаў Бабруйскай калоніі Какуніна і Трутко, то мы працавалі над іх уключэннем у “чорныя спісы”. Прыкладалі максімум высілкаў і кіраваліся перадусім пацверджанымі фактамі, якія атрымлівалі ад палітзняволеных, ад звычайных зняволеных. У тым ліку на падставе той інфармацыі, якую меў асабіста я з таго часу, калі сам быў зняволеным Бабруйскай калоніі.

Еўрарадыё: Якім чынам вы дамагаліся ўключэння ў “чорны спіс” кіраўніцтва калоніі ў Бабруйску? Дасылалі інфармацыю наўпрост у Еўрапарламент, у еўрапейскія амбасады ў Мінску? Куды?

Андрэй Бандарэнка: Адпрацаванай працэдуры няма. Мы выкарыстоўвалі розныя каналы: прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі, свае міжнародныя кантакты. Што датычыць Какуніна і Трутко, то гэта была мэтанакіраваная праца. Працяглая праца. Мы збіралі канкрэтныя доказы, прозвішчы тых людзей, якія пацярпелі ад дзеянняў адміністрацыі. Альбо, наадварот, ад бяздзеяння, калі адміністрацыя забараняла зняволеным звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі са скаргамі.

“Апазіцыйнае лобі, якое існуе за межамі Беларусі, аддаленае ад беларускіх рэалій”

Еўрарадыё: Не так даўно адбыўся жахлівы выпадак з Мікалаем Аўтуховічам. Ён “ускрыўся” ў Гродзенскай турме. Але мы не бачым нейкай рэакцыі з боку Еўрасаюза. Адміністрацыя турмы не трапіла ў “чорны спіс”. Чаму так адбываецца? Чаму нехта трапляе туды, а нехта не?

Андрэй Бандарэнка: Тут трэба разумець, што тое апазіцыйнае лобі, якое сёння існуе за межамі Беларусі, аддаленае ад беларускіх рэалій. Не заўсёды арыентуецца ў тым, што насамрэч адбываецца ў нашай краіне. І атрымліваецца так, што Еўрасаюз альбо міністэрствы замежных спраў еўрапейскіх краін не валодаюць поўнай інфармацыяй. А часам нават валодаюць не зусім праўдзівай інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Датычна сітуацыі з Аўтуховічам, то тут нельга выказацца адназначна. Усім зразумела, што адбываецца ціск на палітзняволенага. Але абраны ім метад абароны, нанясенне сабе шкоды — гэта пакідае пытанні. Мы ўсе цэнім і шануем Мікалая Аўтуховіча. Але ў дадзеным выпадку неабходна было абраць іншы метад абароны. Мікалай зрабіў такі выбар, гэта яго права, і мы будзем падтрымліваць палітвязня. Але гэта не гаворыць пра тое, што начальнік гродзенскай турмы ў гэтым выпадку павінен быць унесены ў спіс неўязных. Таму што нейкіх іншых доказаў яго датычнасці да ціску, да катаванняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжання са зняволенымі мы не маем.

“Нельга падыходзіць да “чорнага спіса” з пазіцыі “падабаецца — не падабаецца”

Еўрарадыё: Вы гаворыце, што ваша арганізацыя шмат працавала над унясеннем у “чорны спіс” адміністрацыі Бабруйскай калоніі. Магчыма, ёсць яшчэ людзі, турэмшчыкі, якіх варта туды ўнесці? Ці ёсць прозвішчы, інфармацыю пра якіх вы зараз накіроўваеце еўрапейскім структурам?

Андрэй Бандарэнка: Зараз мы працуем па начальніку СІЗА №1 Мінска і па начальніку Дэпартамента выканання пакаранняў Сяргею Дарошку. Мяркуем, што гэта наш прыярытэт на дадзены момант. Збіраем таксама доказы па Сяргею Працэнку — гэта намеснік кіраўніка ДВП. Часам мы выступаем супраць уключэння некага ў спісы. У прыватнасці, мы не хацелі бачыць там начальніка папраўчай калоніі №20 Юрыя Бароўскага. Нягледзячы на яго датычнасць да катаванняў паводле некаторых паведамленняў, у прыватнасці, па інфармацыі Змітра Дашкевіча, і іншыя зняволеныя такой інфармацыі не пацвердзілі. Уключэнне ў “чорныя спісы” — гэта комплексная праблема. Тут нельга падыходзіць з пазіцый “падабаецца — не падабаецца”. Самае галоўнае — не памыліцца і не дыскрэдытаваць спісы. Калі адбываюцца такія вось памылкі, як з Аляксандрам Лапаткам, іх вартасць зніжаецца.

У Еўрарадыё атрымалася паразмаўляць з начальнікам папраўчай калоніі ў Бабруйску Аляксандрам Какуніным, аднак выказвацца аб рашэнні Еўрасаюза ён адмовіўся. У Дэпартаменце выканання пакаранняў сітуацыю з унясеннем кіраўнікоў беларускіх калоній у “чорны спіс” ЕС таксама не каментуюць.

Андрэй Бандарэнка нарадзіўся ў 1973 годзе ў Ваўкавыску. Працаваў перакладчыкам у Міністэрстве спорту і турызму, займаўся бізнесам. У 2008 годзе удзельнічаў у парламенцкіх выбарах, пасля якіх супраць Бандарэнкі пачалі крымінальную справу, абвінаваціўшы яго ў махлярстве. Арыштаваны ў 2009 годзе, асуджаны да 7 гадоў зняволення. 22 сакавіка 2011 года апраўданы Мінскім гарадскім судом і вызвалены з Бабруйскай калоніі. Бандарэнка ўзначальвае праваабарончую арганізацыю “Платформа”, якая спецыялізуецца на абароне правоў зняволеных турмаў і калоній.

Фота "Радыё "Свабода".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі