Вы тут

Лукашэнка звольніў за правіны суддзю, якая выносіла прысуды за Плошчу-2010

Дом правасуддзя ў Мінску / Яндэкс

Аляксандр Лукашэнка звольніў дваіх суддзяў за правіны, несумяшчальныя са знаходжаннем на дзяржаўнай службе. Гэта вынікае з указу №209 ад 31 траўня 2019 года.

Таццяна Чаркас звольненая з пасады старшыні і суддзі суда Партызанскага раёна Мінска. Аляксандр Шылін перастаў быць старшынёй суда Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.

Дарэчы, Чаркас знаходзіцца ў "чорным спісе" Еўрасаюза. Яна была ўнесеная туды ў 2011 годзе пасля судоў за Плошчу-2010. У прыватнасці, менавіта Чаркас (на той момант суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска) прысудзіла чатыры гады пазбаўлення волі вядомаму апазіцыйнаму актывісту Аляксандру Атрошчанкаву.

Шылін таксама заўважаны ў палітычных прысудах: у 2018 годзе ён судзіў праваабаронцу Віктара Сазонава — за прысутнасць на Дні памяці паўстанцаў у якасці назіральніка.

Па словах старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы, якія падае TUT.by, у 2018 годзе 46 суддзяў былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, шэсць — страцілі свае пасады, а аднаго суддзю прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.