Вы тут

Перанос выбараў з канца 2020 на канец 2019 года супярэчыць Канстытуцыі ці не?

Фота з архіва Еўрарадыё

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына анансуе перанос прэзідэнцкіх ці парламенцкіх выбараў 2020 года на канец 2019 года. Афіцыйных прычыны дзве: правесці дзве буйныя электаральныя кампанія адначасова выбарчыя камісіі не здольныя і ― такое сумяшчэнне двух выбараў моцна палітызуе грамадства.

Толькі пытанне ў іншым: наколькі перанос адных выбараў на 8 месяцаў раней адпавядае заканадаўству? І яшчэ, калі пачнуцца паўнамоцтвы новаабраных ― адразу па заканчэнні выбараў ці праз 8 месяцаў?

“У нас выбары пераносіць на больш позні тэрмін нельга, а на больш ранні можна. Мы ж пераносілі, і не раз. Прэзідэнцкія дакладна пераносіліся. Вось вам, калі ласка: сакавік 2006 года, а павінны былі быць выбары восенню”, ― кажа Лідзія Ярмошына.

А цяпер давайце паспрабуем разабрацца з тэрмінамі перадачы паўнамоцтваў абаранаму на 8 месяцаў раней, да прыкладу, прэзідэнту.

Лідзія Ярмошына: “Адразу правялі інаўгурацыю і заступае на пасаду новы чалавек ― ніхто 8 месяцаў чакаць не будзе. А ў папярэдніка скарачаецца тэрмін паўнамоцтваў”.

Ну, гэта так проста выглядае ў тым выпадку, калі паўнамоцтвы кіраўніка краіны Аляксандр Лукашэнка будзе перадаваць Аляксандру Лукашэнку. А калі выбары выйграе, да прыкладу, Ганна Канапацкая?

“У Канстытуцыі напісана: тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта ― 5 гадоў, Палаты Прадстаўнікоў ― 4 гады. І ад гэтага тэрміну адступаць увогуле немагчыма, нельга скарачаць па жаданні”, ― спасылаецца на галоўны закон эксперт у выбарчым праве Сяргей Альфер.

Такім чынам, што можа пачуць гіпатэтычная Канапацкая ў адказ на сваё патрабаванне у месячны пасля выбараў тэрмін правесці інаўгурацыю? Правільна: “Чытай Канстытуцыю ― там усё напісана!”.

А што з пераносам парламенцкіх выбараў?

“Паўнамоцтвы новых дэпутатаў пачынаюцца з моманту правядзення першай установачнай сесіі. А яна, калі не памыляюся, павінна адбыцца ў месячны тэрмін пасля правядзення выбараў. Таму і тут так ― ніхто ніякіх 8 месяцаў чакаць не будзе”, ― сцвярджае Лідзія Ярмошына.

Нельга вось так проста ўзяць і скараціць тэрмін паўнамоцтваў парламента, сцвярджае палітолаг Юрый Чавусаў. І таксама спасылаецца на Канстытуцыю.

Юрый Чавусаў: “Датэрміновае скарачэнне паўнамоцтваў парламента магчымае толькі ў выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй. Артыкул 94 кажа, калі парламент можа быць распушчаны прэзідэнтам: калі абвешчаны вотум недаверу прэм’ер-міністру, ураду ў цэлым, альбо, калі парламент два разы запар не ўхваляе прапанаваную прэзідэнтам кандыдатуру новага прэм’ер-міністра. Тады прэзідэнт парламент распускае і яго паўнамоцтвы скарачаюцца. Можна ўявіць, што парламентарыям зробяць нейкую прапанову, дзеля якой яны пагодзяцца выступіць у такім палітычным спектаклі парламенцка-урадавага крызісу. Але гэты крызіс будзе больш негатыўны для дзяржаўнай улады, чым любое сумяшчэнне двух выбарчых кампаній”.

Вось толькі на тое, што напісана ў Канстытуцыі, у нас ніхто не глядзіць, заўважае Сяргей Альфер. І Юрый Чавусаў з калегам пагаджаецца. Праўда, удакладняе: парушаюцца тыя артыкулы Канстытуцыі, якія “зручна трактаваць па-рознаму”. 

Фота Еўрарадыё