Парламент: Канапацкая не ўносіла законапраект пра гарантыі экс-прэзідэнту
У Палаце прадстаўнікоў заяўляюць, што Ганна Канапацкая афіцыйна не ўносіла законапраект аб гарантыях экс-прэзідэнту, піша "Office Life" са спасылкай на прэс-службу парламента.
"Гэтага законапраекта ў нас проста няма фізічна", — кажуць у Палаце прадстаўнікоў.
Паведамленне Канапацкай пра ўнясенне законапраекта там назвалі анонсам і дадалі, што самога ўнясення не было, бо не былі выкананыя працэдуры. Дарэчы, сама Канапацкая паведамляла, што выканала ўсе неабходныя фармальнасці.
Як паведамлялася раней, перад заканчэннем свайго дэпутацтва Канапацкая выступіла з інцыятывай закона, які дае гарантыі былым прэзідэнтам Беларусі: ахову, рэзідэнцыю, памочнікаў, недатыкальнасць і г.д. Гэты законапраект выклікаў бурную рэакцыю ў грамадстве. Апазіцыйныя палітыкі заяўлялі, што нельга даваць ніякіх гарантыяў Аляксандру Лукашэнку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.