Вы тут

Ноч расстраляных паэтаў: якія ўрокі 37-га года не вывучыла Беларусь

Верш Міхася Чарота / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

“У гэтую ноч былі расстраляныя болей за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі” — сёння так пачнуцца артыкулы ў шмат якіх выданнях.

А ў кастрычніку 1937 года такіх артыкулаў не было. І некралогаў не было. Савецкая прэса рыхтавала савецкага чалавека да святкавання 20-годдзя СССР і выбараў у Вярхоўны Савет.

І ў дзень, калі былі расстраляныя 22 беларускія пісьменнікі, прэса не змяніла парадку дня. “Каб мірна й спакойна квітнела радзіма, мы галасуем за маршала Кліма” — пад гэтай агульнай назвай друкаваў цыкл святочных перадвыбарных вершаў “ЛіМ”.

Замест некралогаў — спіс лозунгаў, якімі трэба правільна праслаўляць Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю.

 

Што пісалі ў газетах / коллаж Влада Рубанова, Еврорадио

Ні слова пра расстраляных паэтаў.

А яшчэ ні “Списков Окрестина”, ні “Вясны” — і вось ужо не толькі грамадскасць, але часам і родныя расстраляных даведваліся пра іх смерць праз гады. Але і праз гады ім хлусілі: расказвалі, нібыта вязень памёр у 40-я ў лагерах ад “сардэчнай недастатковасці”.

Вам спатрэбіцца каля 20 хвілін, каб прачытаць гэты тэкст, — усяго толькі палова школьнага ўрока літаратуры. Разбірацца ў гістарычных працэсах і складаць спіс літаратуры для пазакласнага чытання нам дапамагала выкладчыца Ганна Севярынец.
 

Як інтэлігенцыя стала ворагам

Першая маштабная “зачыстка” культурнага поля Беларусі пачалася ў 1930 годзе — тая самая сфабрыкаваная справа “Саюза вызвалення Беларусі”, лідарам якога аб’явілі Янку Купалу. Тады за межы краіны былі высланы больш за сто дзеячаў культуры. “За межы” — гэта значыць, яны пачалі свой шлях па ГУЛАГах, кажа Ганна Севярынец.

 

Праца па знішчэнні менавіта нацыянальных колаў ішла па ўсім СССР, гэта не ўласна беларуская драма, і пачалася яна ў 1929 годзе, калі Сталін урэшце пазбавіўся ад ленінскага разумення нацыянальных рэспублік і пачаў рэалізоўваць свой курс на ўніфікацыю, зліццё народаў у адзін “савецкі” на базе рускай культуры, паступовае, але няўхільнае знішчэнне культурных адрозненняў.

 

Ганна Севярынец

У 31-м годзе газеты яшчэ пісалі бадзёрае “Замацаваць дасягненні месячніку беларусізацыі!” і крытыкавалі выкладчыкаў навучальных устаноў, якія выкладалі па-руску. Але ж і ў гэтым, на першы погляд такім бадзёрым, такім “беларусізаваным” годзе жыццё беларускіх літаратараў бяспечным ужо не было.

З суседніх старонак тых жа газет сыпаліся абвінавачанні ў нацдэмаўшчыне — і ўсхваленні тых літаратараў, якія займаюцца “правільнай” справай. Але ў 1937-м сярод расстраляных паэтаў былі і тыя, каго яшчэ некалькі гадоў таму на старонках дзяржаўнай прэсы ўсхваляла Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП).

Старонкі савецкіх газет / Еўрарадыё

“БелАПП цяпер мае такіх прадстаўнікоў пралетарскай літаратуры, як Лынькоў, Галавач [расстраляны 29 кастрычнiка 1937 года], Мурашка, Ліманоўскі, Александровіч, Чарот [расстраляны 29 кастрычнiка 1937 года], — казаў сябра Асацыяцыі Канакоцін.

Як беларусізацыя спалучалася з абвінавачаннямі ў нацдэмаўшчыне? Адказ знаходзім у тым жа артыкуле. Беларускія пісьменнікі павінныя былі зразумець, што “не ад Скарыны, не ад спевакоў феадалізму Дуніных-Марцінкевічаў і не ад “Нашай Нівы” расце беларуская пралетарская літаратура, а толькі ад вялікага Кастрычніка”.

Але “Скарыны і Дуніны-Марцінкевічы” — ворагі з мінулага, не трэба недаацэньваць і ворагаў сучасных. І гэта — багема з “усімі яе спадарожнікамі, п’янкамі, гулянкамі, адрывам ад мас”. Такія паводзіны, пісала “Савецкая Беларусь”, нельга расцэньваць інакш, як праяву класавай варожасці.

“Група багемствуючых пісьменнікаў знайшла сабе прытулак у Доме пісьменніка і адчувала сябе там “як дома”. П’янкі, п’яныя лаянкі, парнаграфічныя надпісы на сталох, кніжках, календарох, карэспандэнцыях — былі звычайнай з’явай. Усе прыгоды гэтай групы набываюць арганізаваны ўжо характар і вырастаюць у групу пад назваю ТАВІЗ — таварыства аматараў выпіць і закусіць. Найбольш сумным з’яўляецца тое, што на чале “ТАВІЗу” знаходзяцца такія пісьменнікі, як А. Звонак, Ул. Хадыка, Маракоў [расстраляны 29 кастрычніка 1937 года] і інш.”, — пісала газета ўжо ў іншым артыкуле.

У гэты час, на пачатку 30-х, Маракоў ужо прадчуваў, што станецца з ім праз сем гадоў:

Шчаслівы я, што тут жыву,

Й за гэты край вясной вялікай,

Быць можа,

Знімуць галаву,

Праколяць цела гострай пікай.

І відавочна, пралетарскі пісьменнік не мог сабе дазволіць не толькі “п’янкі і гулянкі”, але і “паэзію дзеля паэзіі”.

“Ёсць у нас і таварышы, якія блукаюць у нетрах упадніцкай лірыкі, якія ніякім чынам не могуць узняцца на вышыню тых задач, што стаяць перад пралетарскай літаратурай, хоць яны гэтага ўпарта дамагаюцца — Маракоў, Кляшторны [расстраляныя 29 кастрычніка 1937 года]”.

“Бабарэка [расстраляны 29 кастрычніка 1937 года] стаіць за адрыў паэзіі ад сацыяльных працэсаў, за “ўзвышэнскае” вызначэнне паэзіі”, — пісала Асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў на старонках “Савецкай Беларусі”. Гэта “ўзвышэнская паэзія” крытыкавалася за “дробнабуржуазнасць” і “эстэцтва”.

Але забівае не крытыка.
 

“Кажу вам — я не вінаваты!”

А пасля наступіў 1937 год.

І тады ўжо “падскрабалі” тых, хто нібыта пайшоў быў на кампраміс з лініяй партыі, але — няшчыра.

Паміж 1931 і 1937 гадамі былі, безумоўна, лакальныя зачысткі, акцыі “застрашвання”, кропкавыя арышты і нават больш маштабныя акцыі кшталту судоў 1932 і 1935 гадоў, па якіх культурнікаў зноў жа высылалі ў Сібір альбо нават расстрэльвалі, але такога жудаснага расстрэлу культуры, як 29 кастрычніка 1937 года, да гэтага не было — менавіта ў дачыненні да публічных асобаў. “Простых” людзей стралялі сотнямі і раней, і пазней.

 

Ганна Севярынец

“Сваіх”, “бяспечных” для сістэмы больш не было. Былыя адданыя рэвалюцыянеры аб’яўляліся шпіёнамі і агентамі.

Верш Міхася Чарота / Еўрарадыё

Гэты верш надрапаны на сцяне камеры ў “Амерыканцы”. Яго аўтар — Міхась Чарот. Паэт, у 20-я — рэдактар “Савецкай Беларусі”, які ўсё свядомае жыццё клапаціўся пра захаванне здабыткаў рэвалюцыі.

Але ж у 37-м НКВД пабачыла ў Чароце агента польскай разведкі. Яго затрымалі ў студзені. Кампрамат — документы, 210 часопісаў, 85 кніг, 127 старонак ліставання і пачак рукапісаў.

Праз 9 месяцаў, 28 кастрычніка, пазасудовы орган НКУС прысудзіў Чарота да найвышэйшай меры. Праз суткі яго расстралялі.

Савецкая ўлада не надта клапацілася пра паслядоўнасць сваіх дзеянняў. Анатолю Вольнаму ў 1935 годзе прысудзілі званне “Заслужанага дзеяча мастацтва Беларусі”. Увосень 1936-га яго арыштавалі. Ён быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 года — па прысудзе таго самага пазасудовага органа НКУС.

Пазасудовы орган НКУС — гэта тыя самыя “тройки”. Яны складаліся з начальніка, сакратара абкама і пракурора, маглі выносіць прысуды пра расстрэл, накіраванне ў лагер ці арышт тэрмінам на 8–10 гадоў. Абсалютная большасць удзельнікаў “троек” і самі былі рэпрэсаваныя.

Пытанне да настаўніка: чаму столькі прэтэнзій у сістэмы было менавіта да інтэлігенцыі?

— Я не магу казаць упэўнена, але, па маіх назіраннях, у любых масавых рэпрэсіях і ў прыватнасці ў сталінскіх рэпрэсіях былі дзве плыні, розныя па якасці. Адна тычылася “простых людзей” — і там нішчылі без разбору, згодна з планамі, у рэжыме зачысткі, проста “граблі”.

А другая тычылася людзей публічных, пераважна — людзей культуры, журналістаў, літаратараў, мастакоў, тых, па якіх ішоў шырокі розгалас. Тут дзейнічалі якраз кропкава, з людзьмі “працавалі”, іх “вялі”, правакавалі, сачылі, збіралі кампрамат і не абавязкова потым арыштоўвалі альбо тым больш стралялі. Калі такі чалавек ішоў на кампраміс, публічна адмаўляўся ад сваіх прынцыпаў альбо словаў, пачынаў выконваць усе патрабаванні органаў — яму маглі нават і ордэн даць, і пасаду, і кватэру, трымаючы, канешне, “за каўнер”.

А маглі не даць ордэна, не даваць працы, але і не арыштоўваць, калі рэпутацыйныя рызыкі ад такога арышту для ўлады былі вышэйшымі, чым меркаваная “шкода” ад “ворага”. Таму не быў рэпрэсаваны расійскі пісьменнік Барыс Пастарнак, таму не быў арыштаваны Міхаіл Булгакаў, таму нашы Пятро Глебка альбо Кандрат Крапіва, маючы ў біяграфіі не менш кампраметуючых момантаў, чым меў Кузьма Чорны альбо Адам Бабарэка, не былі ніводнага разу арыштаваныя і пражылі гэты перыяд хоць і не спакойна, але на волі і ў добрых матэрыяльных умовах. Адным словам, сярод заўважных людзей кагосьці знішчалі, кагосьці падкуплялі, кагосьці шантажавалі, кагосьці сапраўды пераконвалі, тут была больш тонкая работа органаў.

І безумоўна, інтэлігенцыя ёсць самым упартым ворагам таталітарных рэжымаў. Наогул інтэлігенцыя па сутнасці сваёй не можа быць не апазіцыйнай, бо яна рэфлексуе, разважае, крытычна асэнсоўвае. Чалавек разумны не можа гэтага не рабіць. Таму, канешне, яна ў недэмакратычных умовах успрымаецца як вораг. Хаця насамрэч ёсць першым і самым надзейным памагатым адэкватнай улады, бо аналізуе, асэнсоўвае, стварае трэнды, арганізуе дыскусію і абмеркаванне.
 

Партал Tuzin.fm стварыў праект "(Не) расстраляная паэзія", героямі якога сталі 12 беларускіх пісьменьнікаў, расстраляных у 1937-м годзе. На іх словы вядучыя музыкі Беларусі стварылі песьні

Рукапісы гараць, калі загадае НКУС

У 1937 годзе знішчылі не толькі паэтаў, але і іх спадчыну. Да асабовых спраў кожнага з расстраляных літаратараў далучана даведка аб тым, што рэчавыя доказы іх віны — лісты, рукапісы, фотаздымкі — былі знішчаныя 1 жніўня 1937 года.

— Гэтая даведка складзеная на падставе акта аб знішчэнні, падпісанага супрацоўнікамі НКУС Абрамчыкам, Гарбацэвічам і намеснікам начальніка ўнутранай турмы НКУС Сакаловым, — кажа Ганна Севярынец.

Што там знішчалі — мы можам зразумець з пратаколаў ператрусаў, якія таксама далучаныя да спраў. Больш ці менш дакладна вядома, што ў тым вогнішчы згарэлі гістарычная драма “Рагнеда” і працяг рамана “Крывічы” Міхася Зарэцкага, спалены творы Сымона Баранавых, Анатоля Вольнага, Платона Галавача, Уладзіслава Галубка, Цішкі Гартнага, Сяргея Дарожнага, Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова, Міхася Чарота, сотні лістоў, дзённікі. Баюся, у той дзень беларусы згубілі болей, чым цяпер ад таго пакалення маюць.

Ганна Севярынец

Але іншы раз з’яўляюцца думкі, нібыта нешта мы яшчэ і зможам адшукаць, калі адчыняцца архівы КДБ. Прынамсі, у 80-х некалькі рукапісаў і некаторыя фотаздымкі, а таксама трошкі асабістых дакументаў былі перададзены ў прыватным парадку супрацоўнікамі КДБ тагачасным пісьменнікам. Менавіта такім чынам, напрыклад, па легендзе, у рукі Сяргея Грахоўскага трапіў шчымлівы і вельмі таленавіты рукапіс “Аповесці для сябе” Барыса Мікуліча.

Таму мы не губляем надзеі і пошукаў не спыняем.

На пачатку 90-х сваякі рэпрэсаваных паэтаў атрымалі доступ да файлаў у архіве КДБ Беларусі. Пры ўмове, што змогуць пацвердзіць, што яны блізкія сваякі. Гэта вельмі абмежаваны доступ, але ж выбраныя старонкі асабовых спраў можна было прачытаць.

Сярод тых, хто дамогся права прагледзець архівы, быў пляменнік паэта Валерыя Маракова — Леанід Маракоў. Ён абагульніў звесткі гісторыкаў, архівістаў, сваякоў іншых рэпрэсаваных паэтаў і выдаў кнігу — “Толькі адна ноч”.

З гэтай кнігі можна скласці ўяўленне пра аб’ёмы спадчыны, што трапляла да следчых у часе ператрусаў. Вось вытрымкі з асабовых спраў толькі некаторых літаратараў.

З асабовай справы Янкі Нёманскага, што захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі:

“Изъято: 4 тетради, разная переписка, блокнотов 11 штук, 10 книг под редакцией Петровича, книга “Война с белополякам”, журн. “Полымя” — 25 штук, “Красная новь” — 2 шт., 2 книги под редакцией Некрашевича, 1 книга под ред. Дунца, 1 книга под ред. Гартнага и разн. книги — 7 шт., вся переписка и документы.

З пратакола ператрусу ў кватэры Міхася Зарэцкага:

“Писем — 44 штуки, открытки — 13 шт., адресов телеф. и телег. — 10 штук, телеграмм — 3 шт., 9 пакетов с выписками из контрреволюционной троцкистской литературы, 19 записных книжек, 20 тетрадей с разными записями, фотокарточек 20 шт., групповых фото — 50 штук, написанных общих тетрадей — 2 штук. Рукопись на 3129 листах. Разная переписка на 953 листах… Книг с автографами — 83 шт., книг разных авторов и изданий — 80 шт., Зарецкий — сочинения — 36 шт.”.

З пратакола ператрусу ў кватэры Міхася Чарота:

“…документы, журналы — 210 штук, книги — 85 штук, переписка — 127 страниц, рукописи — одна пачка.

Пытанне да настаўніка: як не трапіць у кола рэпрэсій? У 37-м у літаратараў быў такі шанц?

 

Быў, і некаторыя свядома абіралі такую мадэль паводзінаў.

Першая ўмова: быць цалкам згодным на русіфікацыю. Можна было не быць камуністам, мець рэпрэсаваных родных, ліставацца з замежнікамі — і не пацярпець, калі ты абіраў для сябе поўную, без агаворак, лаяльнасць да рускай культуры.

Адсюль наш слоўнік Кандрата Крапівы, моцна зрусіфікаваны, злачынны для беларускай мовы. Адсюль няўцямная ідэнтычнасць нашага фальклору ў даследаваннях, якімі кіраваў Пятро Глебка, адсюль апалагетыка Масквы ў вершах Аркадзя Куляшова.

Адсюль жа — расстрэл Дудара альбо 28 гадоў ГУЛАГа для Дубоўкі: яны проста фізічна, канструктыўна не маглі пайсці на гэты кампраміс, хаця і спрабавалі, і быццам рабілі выгляд.

 

Ганна Севярынец

А мы ж не ведалі!

“Камера на дзесяць чалавек, а нас там каля сотні. Мокрыя ад поту, у адных трусах, ляжым проста адзін на адным. А параша саракавядзёрная, ажно брадзіць пачынае ад гарачыні. Уранні наглядчык адчыніць дзверы, а сам набок, каб духам з ног не збіла!..”

Бядняк, член партыі, адказны работнік, з моладу нястомны актывіст, пралетарскі паэт, ён i думаць не думаў, што i яму прыйдзецца цярпець такія пакуты, быць западозраным у такіх неверагодных злачынствах... Упершыню ўштурхнуты, пасля катавання, у перапоўненую камеру, прысеў каля парога, слухае, як храпуць... А потым голас з верхніх нараў:

— Отрок, поди сюда, приляжешь у меня.

Поп расказаў яму паўшэптам пра сябе. Пацяшаючы:

— Привыкнешь, отрок. Я уже четвертый раз посажен. Придешь домой, не успеет матушка первый блин на сковородке перевернуть — ан глядь в окно — уже опять антихрист в сине-красной шапке!..”

Гэтыя ўспаміны Міколы Хведаровіча занатаваў у кнізе “Пішу як жыву” Янка Брыль. Хведаровіч перажыў трыццатыя. Яго арыштавалі ў 38-м, а ў 1940-м асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі, накіравалі ў лагеры. У 1955 годзе быў рэабілітаваны і змог расказаць пра ўмовы свайго ўтрымання.

А ў наступны год рэабілітаваныя былі многія. Пад ХХ з’езд партыі, калі развенчвалі культ асобы Сталіна, у дзяржаўнай прэсе змяшчаліся ўжо зусім іншыя, “канструктыўныя” літаратурныя крытычныя артыкулы. Канстатавалася, што літаратура стала адарванай ад жыцця.

 

Потым, у шасцідзясятыя, усе казалі: “А мы ж не ведалі! У нас расплюшчыліся вочы!” Хаця, канешне, ведалі шмат чаго і разумелі шмат чаго. Але ўзровень рэпрэсій быў такі, што ўзняць голас супраць і даць нейкую “рэакцыю грамадства” было цалкам немагчыма.

Хаця, між іншым, Беларусь доўга супраціўлялася саветызацыі — кропкава, у асабістых смелых і адчайных учынках, таемных сходах, партызанскіх ініцыятывах, упартым супраціве калгасам… Узровень рэпрэсій, сярод іншага, кажа і пра тое, што ўлады былі вымушаны на іх ісці і ўвесь час трымаць градус гвалту. Гэта ж не проста таму, што ў сілавых структурах сядзелі хворыя садысты (былі і такія, але меншасць). Гэта якраз таму, што ўвесь час знутры ціснуў глухі, але несупынны супраціў.

 

Ганна Севярынец

Але і расправіўшыся з культам асобы, дзяржава працягвала хлусіць.

У 1956 годзе з просьбай аб інфармацыі пра лёс свайго мужа Платона Галавача звярнулася ў МУС БССР ягоная жонка Ніка Вечар. Сама яна як жонка расстралянага контррэвалюцыйнага элемента была накіраваная ў Карагандзінскі канцлагер НКУС у 1938 годзе. Пасля вызвалення вярнулася на радзіму і летам 1956 года звярнулася па інфармацыю пра мужа. У яе асабовай справе знаходзіцца наступная даведка:

“Рапорт. В 1 спец отдел МВД БССР поступило заявление Вечер Ники Федоровны о розыске Головача Платона Романовича, осужденного ВК Верховного суда СССР к ВМН. Прошу вашего согласия объявить заявителю Вечер Н.Ф., что муж ее, Головач П.Р. находясь в лагере 25 декабря 1944 г. умер от паралича сердца”.

Рэзалюцыя: “Согласен. 19.VІІІ”.

Да моманту, калі ўсе мы зможам пагартаць старонкі архіваў КДБ і МУС за 1917–1953 гады, застаецца яшчэ больш за 60 гадоў. Архівы камітэта будуць перададзеныя ў Дзяржаўны архіў толькі ў 2081 годзе, архівы МУС — у 2084 годзе.
 

Пытанне да настаўніка: ці ёсць шанц, што жыццё ў Беларусі аднойчы будуць вызначаць паэты, а не тыя, хто іх расстрэльвае?

 

Мне б не хацелася, каб у нас быў такі абмежаваны выбар: альбо паэты, альбо каты. Няхай жыццё ў Беларусі вызначае закон, напісаны сумленнымі юрыстамі і абаронены некарумпаванымі службамі. А ўжо ў межах гэтага закона няхай мадэлююць, абмяркоўваюць, асэнсоўваюць і будуюць жыццё Беларусі людзі: фермеры, рабочыя, будаўнікі, чыгуначнікі, дактары, настаўнікі, журналісты, бізнесоўцы, айцішнікі, і, безумоўна, у тым ліку і паэты.

Ганна Севярынец

Пазакласнае чытанне

Мы папрасілі Ганну Севярынец скласці спіс твораў расстраляных літаратараў, якія абавязкова трэба прачытаць. Не “да наступнага ўрока” — а дзеля таго, каб “наступнага ўрока” не было.

— З прозы варта прачытаць зборнік “Кветка пажоўклая” Міхася Зарэцкага. Не буду даваць спойлераў, але агулам — гэта, на мой погляд, ідэальнае адлюстраванне праблематыкі часу, якая пасля актыўна замоўчвалася і літаратурай, і, натуральна, уладай.

З паэзіяй — складаней, бо наогул паэзія заўсёды моцна залежыць ад кантэкстаў, ад дасведчанасці чытача, ад ягонага ўмення чытаць паэтычныя тэксты, тым больш паэзія дваццатых — гэта не “жнейка, ралля, мужык, кароўка”, а вельмі складаныя, глыбока метафарычныя, шыфраваныя тэксты, то я не ведаю, ці зможа гэта прачытаць “кожны”.

Але для людзей, якія цікавяцца паэзіяй увогуле і гэтым перыядам у прыватнасці, я б параіла трыяду выбітных паэм, у якіх сканцэнтраваны, гаворачы словамі Алеся Дудара, “расчараванняў першых муць і смутак першых летуценняў”.

Гэта паэма Уладзіміра Дубоўкі “Кругі”, паэма Пятра Глебкі “Кармэнсіта” і паэма Тодара Кляшторнага “Калі асядае муць”. 

У мяне ёсць думка калі-небудзь так і выдаць іх пад адной вокладкай, з добрай прадмовай і каментарамі, каб у чытача быў неабходны кантэкст эпохі і, адпаведна, магчымасць прачытаць гэтыя тэксты глыбока. Праз гэтыя паэмы дзьме вецер таго няпростага часу.

Каго не стала ўночы з 29 на 30 кастрычніка / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.