Вы тут

Настроі бізнесу палепшыліся, але будзем жыць горш, чым суседзі

Настроі не ва ўсіх пазітыўныя, але ва ўсяго рэальнага сектара палепшыліся / pexels.com

Настроі бізнесу ў канцы 2021 года аказаліся станоўчымі ўпершыню з лютага 2020 года. Пра гэта сведчыць маніторынг Нацбанка. Ёсць у прадпрыемстваў і шмат справядлівых апасак адносна будучыні.

Еўрарадыё даведалася ў эксперта, наколькі дакладнае апытанне Нацбанка, чаму, нягледзячы на ўсе праблемы Беларусі, бізнес раптам стаў больш аптымістычным і чаму на доўгай дыстанцыі нас усё роўна чакае спад.

 

Аптымізм упершыню з лютага 2020 года

Нацыянальны банк / Еўрарадыё

Нацбанк штомесяц з 2005 года пытаецца ў прадпрыемстваў, як яны сябе адчуваюць. З адказаў па метадалогіі ЕС разлічваецца індэкс эканамічных настрояў. Калі значэнне са знакам плюс, то настроі станоўчыя. Калі індэкс адмоўны, гэта гаворыць пра песімізм.

Індэкс бывае зводны, гэта значыць па ўсім рэальным сектары. І асобна па яго галінах: прамысловасці, гандлі, будаўніцтве і транспарце.

Зводны індэкс у снежні быў роўны 2. Гэта значна лепш, чым у снежні 2020 года (-7). Ён упершыню аказаўся станоўчым з лютага 2020 года, але застаецца ніжэйшым за сярэднія значэнні за ўсю гісторыю назіранняў Нацбанка.

Зялёная лінія — сярэдняе гістарычнае значэнне, сіняя — адчуванні прадпрыемстваў без уліку сезонных фактараў, якія могуць скажаць апытанне / Нацбанк

Лепш за ўсё сябе адчувае прамысловасць. Там індэкс са снежня 2020 года быў станоўчым (2). Ён падвышаўся да снежня мінулага года і склаў 6,9.

Значна змяніліся за год настроі ў гандлі. Калі ў снежні 2020 года індэкс быў адмоўны (-13,9), то ў канцы мінулага года ён выйшаў у плюс (3).

У будаўніцтве і транспарце прадпрыемствы ацэньваюць сваё становішча і перспектывы дрэнна. Індэксы там адмоўныя, але ўсё роўна лепшыя, чым былі.

У будаўніцтве індэкс склаў -12,3 супраць -18,4 у снежні 2020 года. У транспартнай сферы з адказаў прадпрыемстваў склаўся індэкс -24,1 у снежні 2020 года. К канцу 2021 года ён быў -10,4.

Паляпшэнні па ўсіх галінах у снежні адбыліся не толькі адносна папярэдняга года, але і ў параўнанні з лістападам 2021 года.

 

Санкцыі, стагнацыя, рэпрэсіі, а настроі лепшыя?

На думку акадэмічнай дырэктаркі BEROC Кацярыны Барнуковай, пазітыўны вынік апытанняў Нацбанка не дзіўны.

Аптымізм у прамысловасці, бо беларускія тавары запатрабаваныя / Мазырскі НПЗ

— Фармальна па лічбах у эканоміцы ўсё вельмі добра. Рост праз знешнегандлёвы цуд. Мы бачым, што прамысловасць — гэта адзіная галіна, дзе вынікі вышэйшыя за сярэдні. Ва ўсіх астатніх вынікі ніжэйшыя за сярэднія за ўсю гісторыю даследаванняў Нацбанка, нягледзячы на заявы чыноўнікаў, што эканоміка адчувае сябе лепш, чым у апошнія 10, 12, 15 гадоў.

Паколькі поспех завязаны на знешнім гандлі, прамысловасць моцна падцягнула індэкс угору. Бо менавіта там асноўныя беларускія экспарцёры. Аднак пакуль рос знешні попыт, спажыванне ўнутры краіны моцна адставала.

Заробкаў са знешняга гандлю ўжо недастаткова для вялікага росту / Еўрарадыё

Знешні гандаль усё яшчэ досыць паспяховы, але яго ўжо не стае, каб генераваць ранейшы рост. У студзені — чэрвені рост ВУП склаў 3,3%, а ў студзені — лістападзе запаволіўся да 2,3%.

— Нашы структурныя праблемы зноў пачынаюць выходзіць на першы план, — кажа Кацярына Барнукова. — Не факт, што ўсё будзе дрэнна ў 2022 годзе. Але ёсць вельмі шмат рызык ад таго, што адбываецца ўнутры краіны ў плане спажывецкай і інвестыцыйнай дэпрэсіі, санкцый.

Рызыкі азначаюць, што людзі і фірмы будуць настроеныя траціць яшчэ менш.

— Яны думаюць: "А раптам мяне заўтра звольняць, а ў мяне сабраных грошай няма. Таму я сёння не будуць купляць тэлевізары і халадзільнікі". Гэта фармуе карціну будучыні.

 

Будзем жыць горш, чым суседзі

Хоць катастрафічнага абвалу ў 2022 годзе беларускай эканоміцы не прагназуюць, у доўгатэрміновай перспектыве ўсё выглядае зусім нядобра.

Аналітыкі ЕАБР лічаць, што ў 2022 годзе беларуская эканоміка вырасце на 0,7%. Сусветны банк гаворыць пра падзенне на 2,8%.

Сусветны банк таксама лічыць, што з 2019 да 2023 года эканоміка Беларусі вырасце на 1,8%. Здавалася б, рост нават пры санкцыях, палітычных праблемах і адтоку мазгоў. Праблема ў тым, што нашы суседзі растуць нашмат хутчэй.

Напрыклад, эканоміка Польшчы павінна вырасці за названыя пяць гадоў на 16,2%, Украіны — на 9,4%, Расіі — на 7,6%. Беларусь насамрэч топчацца на месцы. Гэта значыць, што суседзі з кожным годам жывуць усё лепш і лепш, чым беларусы.

Чым лепш працуе эканоміка, тым больш магчымасцяў укладваць у медыцыну, адукацыю, плаціць добрыя заробкі / Еўрарадыё

— Яшчэ да палітычнага крызісу ўсе сыходзіліся на тым, што доўгатэрміновы патэнцыял росту ў нас паміж 1% і 2% у год. За апошняе дзесяцігоддзе сярэдні рост таксама быў 1%. Відавочна, што эканоміка не рэфармаваная. Нешта спрабавалі рабіць, але рэформа дзяржпрадпрыемстваў так і не адбылася. Гэта корань неэфектыўнасці.

Цяпер мы накладваем палітычны крызіс, які памнажае нявызначанасць, ставіць крыж на далейшым развіцці прыватнага сектара, таму што там гэтыя буржуйчыкі, іпэшнікі, айцішнікі — палітычныя ворагі. Гэта значна зніжае патэнцыял росту.

Міжнародныя арганізацыі часта аказваюцца недакладныя ў гадавых прагнозах. Напрыклад, па 2021 годзе ацэнкі для Беларусі былі нашмат больш нізкія, чым выйшла на справе.

— Але на сярэднетэрміновым полі — 5-10 гадоў — яны аказваюцца значна больш дакладнымі. Таму што на гэтых адрэзках рост вызначаецца не столькі наборам выпадковасцяў, як знешнеэканамічны цуд, колькі доўгатэрміновымі фактарамі, — кажа на заканчэнне Кацярына Барнукова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.