Вы тут

Бедныя становяцца бяднейшымі: беларусы не чакаюць добрага ў эканоміцы

Некаторыя беларусы эканомяць на ежы або вымушаныя пратэрмінаваць камуналку / gettyimages.com

Беларусы чакаюць дрэннага ў эканоміцы, нягледзячы на станоўчую бягучую сітуацыю. Аднак ёсць і групы людзей, якія ўжо цяпер вымушаныя эканоміць на ежы.

Зніжэнне даходаў у пачатку снежня адчувалі 39,9% гарадскіх беларусаў ва ўзросце ад 18 да 64 гадоў, вынікае з маніторынгу BEROC.
 

Цяжэй пенсіянерам, самазанятым і будаўнікам

Шмат хто ацэньвае свае даходы з аглядкай на рост цэн і змены валютнага курса. Калі адкінуць гэтыя фактары, то пра зніжэнне даходаў гавораць толькі 28% апытаных.

Пенсіянеры вымушаныя тужэй зацягваць паясы / Еўрарадыё

— Пастаянна даволі вялікая доля насельніцтва гаворыць пра тое, што іх даходы зніжаюцца. Тут важная дынаміка. Цяпер адзін з самых нізкіх паказчыкаў за апошнія два гады. Гэта адлюстроўвае досыць добрую сітуацыю ў эканоміцы, — кажа акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

Падзенне даходаў без уліку росту цэн і курса мацней за ўсё адчуваюць людзі з нізкімі даходамі, прадпрымальнікі і самазанятыя і работнікі будаўнічай галіны.

Звычайна прычынай скарачэння даходаў называюць уразанне прэмій, падзенне заробкаў або памяншэнне заказаў.

— Прычыны змены даходаў сталі значна больш нармальнымі, чым у траўні — чэрвені 2020 года, калі мы былі на піку ўплыву кавіду. Многія казалі, што іх адправілі ў неаплатны адпачынак або скарацілі колькасць працоўных дзён.
 

Трывожны сігнал — эканомія на ежы

Амаль 17% з тых, хто сутыкнуўся з падзеннем даходаў, ніяк не мяняюць свае паводзіны і трацяць гэтаксама, як раней. Гэтыя людзі лічаць прасяданне часовым і проста не адкладаюць грошы ці нават бяруць крэдыты.

За кошт чаго людзі эканомяць / BEROC

— Значная частка рэспандэнтаў усё-ткі эканоміць на чаканых пазіцыях. Гэта эканомія на адпачынку і забавах, буйныя пакупкі ці нават купля больш таннага адзення.

Трывожна тут, што 36% рэспандэнтаў кажуць, што сталі эканоміць на ежы. Думаю, шмат у чым гэта звязана з тым ростам цэн, які мы назіраем на харчовыя тавары ў тым ліку, — падкрэслівае Кацярына Барнукова.

Эканомяць на ежы часцей пенсіянеры, жыхары невялікіх гарадоў і людзі з нізкім даходам (да 500 рублёў у месяц). Яшчэ 12,5% вымушаныя былі пратэрмінаваць камуналку або выплаты па крэдытах.
 

Дрэнныя чаканні азначаюць падзенне ўнутранага попыту

Ад чаканняў і паводзін людзей залежыць і тое, як будзе развівацца эканоміка. Цяперашні і будучы эканамічны стан краіны людзі апісваюць у асноўным негатыўна. Напрыклад, 44% апытаных думаюць, што праз год сітуацыя пагоршыцца ці хутчэй пагоршыцца.

72% рэспандэнтаў кажуць, што цяпер горш, чым год таму / BEROC

— Калі мы пытаем пра эканамічную сітуацыю сёння ў параўнанні з годам таму, пераважная большасць рэспандэнтаў кажа, што яна альбо пагоршылася, альбо істотна пагоршылася. Гэта дзіўна на фоне таго, што эканамічны стан краіны адзін з самых лепшых за апошняе дзесяцігоддзе. Тут, мабыць, размовы і навіны пра санкцыі дамінуюць ва ўспрыманні людзей над фактычнымі звесткамі, — працягвае Кацярына Барнукова.

Хоць пазітыву адносна будучыні больш, шмат людзей не ведае, чаго чакаць ад наступнага года.

— Аж 30% насельніцтва не можа адказаць. Што да матэрыяльнага становішча сям'і, тут ацэнкі таксама значна больш станоўчыя, аднак усяго 13% насельніцтва лічаць, што цяпер добры час для буйных пакупак. Гэта невялікае адлюстраванне той самай спажывецкай дэпрэсіі.

Мы бачым нават спалучэнні аптымізму ў асабістай будучыні супраць краінавага песімізму ў самых аптымістычных груп. Гэта, несумненна, будзе ўплываць на спажывецкую карціну ў краіне ў будучыні, — падводзіць рысу Кацярына Барнукова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.