Міністр фінансаў пракаментаваў пастанову пра разлікі рублямі па еўрааблігацыях
Юрый Селіверстаў кажа, што па стандартнай схеме "бессэнсоўна плаціць", таму "прыходзіцца трансфармаваць механізм".
Міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў пракаментаваў сумесную пастанову Саўміна і Нацбанка пра разлікі рублямі па еўрааблігацыях. Ён кажа, што па стандартнай схеме "бессэнсоўна плаціць", таму "прыходзіцца трансфармаваць механізм". Слова "дэфолт" з вуснаў міністра не прагучала.
Напярэдадні ўрадавая прэс-служба тлумачыла "вымушаную" меру "немагчымасцю плацёжнага агента і іншых удзельнікаў міжнароднай разлікова-клірынгавай сістэмы гарантаваць паўнату і своечасовасць пералічэння сродкаў усім трымальнікам еўрааблігацый". Селіверстаў распавёў пра падзеі лютага 2022-га, калі пералічваўся "чарговы плацёжны працэнт па еўрааблігацыях праз Citibank". Частка інвестараў яго не атрымала (гэта 40% пакупнікоў беларускіх еўрааблігацый — з Беларусі і Расіі). Па словах міністра фінансаў, "дэпазітарныя сістэмы... намагаюцца не даводзіць плацяжы да тых, хто з іх кропкі гледжання з'яўляецца нейкім санкцыйным ці не падабаецца ім". Атрымліваецца, што заходнія санкцыі працуюць.
Юрый Селіверстаў расказаў пра "першы этап... трансфармацыі". Працэнтныя даходы па еўрааблігацыях збіраюцца пераводзіць "на рахунак у Беларусбанку на атрымальніка Citibank, які з'яўляецца агентам, і ён потым мае права гэтыя грошы атрымліваць і думаць, як ён далей давядзе іх да сваіх кліентаў". Але ці прымуць гэтыя кліенты беларускія рублі?
Мінфін у бліжэйшы час абяцае прапанаваць "альтэрнатыўныя схемы разлікаў па еўрааблігацыях".
Вясной рэйтынгавае агенцтва Fitch заяўляла, што будзе разглядаць спробу ліквідаваць замежную запазычанасць у беларускіх рублях як дэфолт. Тое, што здарылася нядаўна з Расіяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.