У Літве прызначылі прадстаўніка для перамоваў з афіцыйным Мінскам
Вільня, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Урад Літвы прызначыў прадстаўніка для двухбаковай палітычнай сустрэчы з Беларуссю. Пра гэта паведаміла прэм'ер-міністарка краіны Інга Ругінене.
"Мы сапраўды маглі б правесці гэтую сустрэчу, У нас ёсць адказны і прызначаны для гэтага чалавек, але мы выразна далі зразумець як нашым стратэгічным партнёрам, так і ўсяму грамадству, што ў нас ёсць пэўныя ўмовы. Не можа быць так, каб адзін бок рыхтаваўся, а іншы нічога для гэтага не рабіў", — перадае LRT словы кіраўніцы літоўскага ўрада.
Раней Ругінене агучвала ўмовы, якія Вільня выстаўляе Мінску: праз мяжу не павінны пералятаць кантрабандысцкія метэазонды, усе затрыманыя фуры павінны быць вернутыя без якіх-небудзь дадатковых падаткаў або фінансавых штрафаў, а Беларусь не павінна прапускаць праз мяжу нелегальных мігрантаў.
"Пасля выканання асноўных умоў, я думаю, мы маглі б разгледзець з нашага боку пэўныя крокі наперад", — дадала Ругінене.
З заклікам да Літвы правесці двухбаковую сустрэчу з Беларуссю і аднавіць транзіт калійных угнаенняў выступіў на мінулым тыдні спецыяльны пасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл. Ён падтрымаў прапанову беларускага боку правесці сустрэчу на ўзроўні намеснікаў міністраў. Таксама коўл заклікаў не ставіць рэжыму Лукашэнкі папярэднія ўмовы.