Вы тут

Меркаванне: закрывайце вочы на рэальнасць — тады нічога і не даможацеся

Важна ўлічваць існаванне і тых, хто "ні за нас, ні за вас" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Апошнія сацыялагічныя звесткі нарабілі шмат шуму ў сацсетках. Цяжка ўспомніць, калі яшчэ сацыялогія выклікала такія бурныя абмеркаванні (хутчэй, нават спрэчкі). Але адна рэч — калі ў звесткі адмаўляюцца верыць "абывацелі", а іншая — калі на іх не звяртаюць увагі лідары меркаванняў.
 

Сардэчна запрашаем у гета

Больш за ўсё абурэнняў выклікалі лічбы пра палітычныя настроі беларусаў: для многіх стала сюрпрызам, што "нас" не 97%. Тую значную частку грамадства, якая ўваходзіць у катэгорыю "нейтралаў", называюць у лепшым выпадку здраднікамі. У горшым — не вераць у іх існаванне.

Генезіс гэтага зразумелы: калі ты сам увесь час думаеш пра нешта важнае, то мяркуеш, што гэтаксама робяць і астатнія. У прынцыпе, так працуюць кагнітыўныя фільтры — і вінаваціць у гэтым нікога нельга.

Але перавернем сітуацыю: вы не верыце, што бел-чырвона-белы сцяг падтрымлівае не большасць? Ну дык і "з таго боку" ўпэўненыя, што за чырвона-зялёны выступае пераважная большасць. Не згодныя з тым, што ў цэлым беларусы ставяцца да Расіі станоўча? Ну дык і супрацьлеглы бок дакладна гэтаксама ўпэўнены, што ўсе "змагары" — русафобы.

Сярод прыхільнікаў пераменаў ёсць і тыя, хто хацеў бы захаваць чырвона-зялёны сцяг / ТАСС

Усё проста: асабісты досвед і свае погляды экстрапаляваць на ўсё грамадства ў прынцыпе няправільна. Мы ўжо бачылі прыклады таго, што бывае, калі беларускія палітыкі і асобныя выданні ствараюць паралельную рэальнасць. У іх і "рэжым заўтра падзе" (на працягу дзесяцігоддзяў), і пытання, важнейшага за дзяржаўную мову, няма. Да чаго яны прыйшлі? Вось то ж бо то.

Ёсць такое паняцце, як "рэха-камера". Яно прыдатнае для людзей ва ўсім свеце, але пры жорсткай палярызацыі грамадства становіцца прыкметнейшым. Груба кажучы, вы маеце зносіны з людзьмі з такімі самымі поглядамі, чытаеце СМІ ці гледзіце блогераў з такімі самымі поглядамі, і ў выніку яны падмацоўваюць вашу веру ў нешта, а вы сваёй увагай — падтрымліваеце іх. Толькі вось за межамі гэтай камеры, як кажа адзін персанаж, "очэнь інцярэсна".

Можна сказаць больш жорстка: спажываючы толькі тую інфармацыю, з якой вы згодныя, вы трапляеце ў інфармацыйнае гета. І вам там можа быць цалкам утульна і добра — ды толькі ў цэлым гэта шкодзіць развіццю грамадства.

 

Чуць і слухаць

Горш за ўсё, калі адмаўляюцца ўспрымаць любую інфармацыю, якая не супадае з іх асабістымі "ашчушчэніямі", так званыя лідары меркаванняў. Напрыклад, палітыкі і буйныя блогеры.

Першым ведаць рэальную карцінку (а сацыялогія дае менавіта яе, бо гэта навука, а не апытанне ў тэлеграм-канале) крытычна важна, каб прымаць рашэнні і распрацоўваць стратэгіі. Не маючы ўяўлення пра рэальныя настроі ў грамадстве, адзін палітык так выбудаваў рыторыку, што на адзіных свабодных выбарах атрымаў менш за 13%. Вядома, ва ўсім можна вінаваціць сусветныя змовы, але рэальнасць такая, што адпудзіць ад сябе прыхільнікаў куды лягчэй, чым прыцягнуць новых.

Калі палітык не ўлічвае настрояў у грамадстве, то ён/яна прымае няправільныя рашэнні. Напрыклад, можа сказаць, што большасць беларусаў хочуць уступлення краіны ў НАТА (гэта не так). І як тады будуць ставіцца да палітыка людзі, не згодныя з гэтым тэзісам? Правільна: негатыўна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.