23-гадовага мінчука з шунтам ад галавы да пупка хочуць прызваць у войска

Фота носіць ілюстрацыйны характар / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё
Фота носіць ілюстрацыйны характар / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

У Мінску 23-гадовага хлопца з шунтам ад галавы да пупка могуць прызнаць прыгодным да службы ў войску. У Міхаіла — гідрацэфалія: спіннамазгавая вадкасць не можа выходзіць у спінны мозг і назапашваецца ў галаве, забіваючы мозг.

Яго маці Аліна Праваторава расказвае, што зараз стан сына ў норме, але норма магчымая толькі дзякуючы штодзённай працы. Дома блізкія стараюцца абмежаваць раздражняльныя, эмацыянальныя і фізічныя нагрузкі, каб не справакаваць новы віток хваробы.

Чаму хлопца з цяжкім захворваннем могуць прызнаць прыгодным да службы ў войску? Што кажуць пра сітуацыю ў Мінабароны? Чаму міністр аховы здароўя не заступіўся за прызыўніка?

 

Барацьба за жыццё сына з гідрацэфаліяй

Калі нарадзіўся сын Аліны, у бальніцы была інфекцыя менінгакоку. Па словах маці, некаторыя нованароджаныя ў "няўдалую змену" не выжылі, але Міхаіла выратавалі. Праўда, з-за менінгіту ў яго развілася гідрацэфалія.

23-летнего минчанина с шунтом от головы до пупка хотят призвать в армию

"У бальніцы малады рыжы праўдзівы доктар апісаў два шляхі, — успамінае Аліна. — Будзе агародніна, але нядоўга. Калі дацягне да аперацыі, магчыма, будзе жыць, толькі прыйдзецца шмат працаваць".

Пасля рэанімацыі дактары кожны дзень рабілі дзіцяці пункцыі і прыбіралі з галавы лішнюю вадкасць. Немаўля не спала і не ела, крычала ад болю. А пасля пункцыі на руках у маці заставаўся абмяклы камячок.

"Амаль не дыхае, але палёгка. Ціск вадкасці на мозг падае, і ён, знясілены, спіць. Апераваць бяруць, калі мозгу засталося не менш за 5 міліметраў. Потым бессэнсоўна, аднаўленне немагчымае. Але аперацыя — толькі калі менінгіт пераможаны. Змагаемся за кожны міліметр. Тры месяцы. Потым аперацыя. Шунт. Які ідзе ад галавы да пупка. Сіліконавая трубка, якая дае надзею на жыццё", — апісвае маці кожны крок у бітве за жыццё сына.

Такіх аперацый было тры. Шунт перыядычна трэба мяняць. Бясконцая рэабілітацыя, кансультацыі ў Маскве...

"Я цяпер магу амаль усё. Толькі ўнутрывенна ўколы рабіць не магу. У выніку вырас, вывучыўся, не спартсмен. Мудрэйшы за мяне. Лянівы. Таленавіты. І ўсе аналізы ў межах нормы. Мы вельмі шмат зрабілі для гэтай нормы. І робім да гэтага часу. Шунт працуе. І я хачу, каб ён працаваў", — піша Аліна.

 

"Кантралюем гэтую норму пастаянна"

У 23 гады сын Аліны праходзіць медкамісію.

"Указанне зверху "браць усіх", — абураецца Аліна. — У выніку: "Так, аперацыя была, шунт стаіць, працуе, але аналізы ўсе ў межах нормы. У войска не бяруць, толькі калі пасля аперацыі ёсць адхіленні ў неўралогіі, вам можна служыць з абмежаваннямі, можна ў канцылярыі..."

23-летнего минчанина с шунтом от головы до пупка хотят призвать в армию
Фота Рамана Пратасевіча / Еўрарадыё

Маці прызыўніка не супраць войска, але баіцца, што стан сына падчас службы без падтрымкі яго здароўя пагоршыцца:

"Я 23 гады вельмі хацела, каб сын быў "у межах нормы", і рабіла для гэтага ўсё, што ў маіх сілах. А цяпер я ў разгубленасці перад махінай і ўсеўладдзем ваенкамата і не ведаю, што я магу зрабіць. І як растлумачыць ім, што норма гэтая магчымая толькі тут? Толькі калі побач з сынам мы ствараем гэтую норму. Кантралюем гэтую норму пастаянна".

 

Мінабароны: мэты "прызваць усіх запар" няма

Прэс-аташэ міністра абароны Беларусі Наталля Гаўрусік у каментарыях да паста Аліны тлумачыць: у прызыўной камісіі толькі адзін ваенны чалавек — ваенкам, а прызыў праводзяць грамадзянскія мясцовыя ўлады. Ваенкам толькі выконвае рашэнне камісіі.

23-летнего минчанина с шунтом от головы до пупка хотят призвать в армию

"Ніякага загаду яму [ваенкаму. — Еўрарадыё] зверху "браць усіх" быць не можа, таму што ён не вызначае ступень прыгоднасці да службы па здароўі, — піша прадстаўніца Мінабароны. — Задача ваенкамата, калі вельмі прымітыўна, проста прызванага чалавека накіраваць у часць".

Па словах Наталлі Гаўрусік, прыгоднасць чалавека да службы на момант прызыву вызначаюць на медкамісіі восем дактароў-спецыялістаў з дзяржаўных арганізацый аховы здароўя. Часцяком гэта тыя ж дактары з паліклінікі, якія суправаджаюць будучага прызыўніка, "а не нейкія спецыяльныя ваенныя дактары".

"У распараджэнне ваенных дактароў грамадзянін трапляе, ужо калі ён прызваны і служыць, — працягвае прэс-аташэ. — Вось тады армія адказвае за яго здароўе, адсочвае стан і, калі ступень прыгоднасці па здароўі прызыўніка змяняецца, яго зноў абследуюць. І, калі вызначана, што ён стаў непрыгодным да службы, яго звальняюць у запас. Ні ваенкам, ні міністр абароны вам не змогуць дапамагчы ў гэтай сітуацыі, таму што ваш сын пакуль не служыць..."

Наталля Гаўрусік нагадвае, што прызыўнік мае права абскардзіць рашэнне прызыўной камісіі ў судзе на працягу тыдня. "Паверце, Узброеныя Сілы не зацікаўленыя ў тым, каб у строй станавіліся вайскоўцы з праблемамі са здароўем. Мэты "прызваць усіх запар" няма", — піша яна.   

Міністр аховы здароўя: "У войска ніяк не магу, а машынай кіраваць магу"

2 кастрычніка ў час адкрыцця восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў у парламенце карэспандэнт Еўрарадыё абмеркаваў праблему сям'і Аліны з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам.

На думку міністра, калі чалавек без абмежаванняў існуе па-за арміяй, значыць, ён, хай і абмежавана, але прыгодны і для службы ў войску.

23-летнего минчанина с шунтом от головы до пупка хотят призвать в армию

"Калі гэтая аперацыя была зроблена ў далёкім дзяцінстве і сёння ўсе функцыі жыццядзейнасці арганізма абсалютна ў норме, гэта сведчыць аб тым, што мы забараняем загранічныя нагрузкі, але ў прынцыпе чалавек можа весці нармальнае паўнавартаснае жыццё, — гаворыць Уладзімір Каранік. — Гэта датычыцца палётаў самалётамі, кіравання машынамі, службы ў канцылярыі, паходаў. Таму што ў нас многія цяпер кажуць: ну, я ў войска ніяк не магу, а машынай кіраваць магу. Абмежаванне функцый выклікае абмежаванне ўсіх наяўных функцый, і мы гаворым не пра тое, што было, а пра бягучы стан арганізма — пра рызыку таго, што нейкія нагрузкі могуць пагоршыць стан здароўя. Калі гэтыя рызыкі мінімальныя, чалавек прызнаецца прыгодным".

На гэта маці прызыўніка адказвае: сын жыў з абмежаваннямі ўсё жыццё.

Па словах Аліны, яе сыну папярэдне сказалі, што ён прыгодны да службы ў войску з абмежаваннямі, але адправілі на дадатковае абследванне. Канчатковае паседжанне медкамісіі па прызнанні Міхаіла годным або не годным да службы ў войску адбудзецца 8 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі