Вы тут

Краіна аднаго алігарха. Спецрэпартаж з Малдовы

Лідар Дэмакратычнай партыі Малдовы Уладзімір Плахатнюк вітае сваіх прыхільнікаў падчас мітынгу ў Кішынёве. Малдова, 9 чэрвеня 2019 года / Reuters

У Малдове некалькі дзён было два ўрады. Адзін з іх сфарміраваўся ў выніку выбараў. Але Канстытуцыйны Суд прызнаў яго незаконным і дэлегаваў уладу старому ўраду, які кантраляваў самы багаты чалавек краіны Улад Плахатнюк. 14 чэрвеня прадстаўнік "плахатнюкоўскай" Дэмпартыі заявіў, што стары ўрад прэм'ера Паўла Філіпа ідзе ў адстаўку, але ад ідэі датэрміновых выбараў не адмаўляецца. "Грамадскае" адправілася ў Малдову паглядзець, ці гатовая краіна да перамен.

Прадаць краіну за 500 леяў?

Таксіст пытаецца, на якую вуліцу павярнуць. Адказваем, што не мясцовыя і прыехалі з Украіны, каб зразумець, што тут адбываецца.

— Ды што, прадаюцца за 500 леяў (25 еўра. — Рэд.), — кажа ён. — Але нават і не за грошы, хтосьці і за бутэльку гарэлкі.

Сярэдняя заработная плата ў Малдове ў першым квартале 2019 года склала каля 7000 леяў (233 еўра). Таму, калі людзі атрымліваюць 500 леяў у дзень, сярэднюю зарплату можна зарабіць за 13 дзён. Журналісты не здолелі зафіксаваць раздачу грошай, але розныя людзі, у тым ліку і прадстаўнікі незалежных СМІ, сцвярджалі, што менавіта столькі атрымліваюць тыя, хто прыходзіць блакаваць адміністрацыйныя будынкі.

Мы якраз праязджаем міма Міністэрства ўнутраных спраў Малдовы — гэта вялікі будынак колеру слановай косці з масіўнай параднай лесвіцай. На прыступках сядзяць людзі — малдаўскія журналісты не называюць іх пратэстоўцамі. Гэта людзі, якія некалькі дзён таму заблакавалі будынкі некаторых дзяржаўных устаноў — Міністэрства ўнутраных спраў, фінансаў, сельскай гаспадаркі, Дом урада, Канстытуцыйны Суд і іншыя.

Маладыя людзі, якія называюць сябе прыхільнікамі Дэмакратычнай партыі Малдовы, гуляюць у карты перад Домам урада. Кішынёў, Малдова, 9 чэрвеня 2019 года / EPA-EFE / DUMITRU DORU

Гэтыя людзі з'явіліся там 8 чэрвеня, у гарачы для Малдовы дзень. Тады, пасля трох месяцаў застою, новаабраны парламент нарэшце сфарміраваў кааліцыю, у якую ўвайшлі прарасійская Партыя сацыялістаў і праеўрапейскі блок ACUM. Яны правялі экстраннае пасяджэнне, на якім зацвердзілі склад урада — яго ўзначаліла лідар ACUM Мая Санду.

Тады ж Дэмакратычная партыя алігарха Улада Плахатнюка, якая апынулася па-за кааліцыяй, звярнулася ў Канстытуцыйны Суд. Ён прызнаў новы парламент (а пасля і ўрад, і нават прэзідэнта) незаконнымі. Затое прызначыў выканаўцам абавязкаў прэзідэнта Паўла Філіпа, віцэ-прэзідэнта Дэмакратычнай партыі.

Менавіта на гэтыя рашэнні спасылаюцца людзі, якія дзяжураць каля дзяржаўных будынкаў. На самай справе тых, з кім можна пагаварыць, вельмі няшмат. Большасць хаваюць вочы ад камер, а некаторыя, убачыўшы нас, спрабуюць схавацца.

"Тут свежае паветра", — як даўно завучаны верш, кажуць мужчыны, лежачы ў цені дрэў каля будынка ўрада. "Адпачывальнікі" (назавём іх так) падзяліліся на некалькі груп. Жанчын сярод іх амаль няма. Малдаўскія журналісты перасцерагалі нас ад зносін з гэтымі мужчынамі, казалі, што яны нібыта могуць павесці сябе агрэсіўна.

У той жа час на пагорку з відам на праспект Штэфана чэл Марэ можна сустрэць пенсіянераў і маладых людзей. Некаторыя з іх замест пакрывал выкарыстоўваюць пенапласт.

Як расказаў журналіст выдання Altfel Тудар Арнаут, які правёў з імі некалькі гадзін у якасці эксперымента, у тутэйшых людзей усяго некалькі заняткаў: есці, спаць, гуляць у карты. У кожнага лагера ёсць свой "галоўны", а ў тым, у якім пабываў Тудар, дзяжураць людзі з шокерамі або нажамі (яны дастаюць іх, каб адкрываць кансервы).

"Там не ўсе бедныя, — кажа журналіст. — Ёсць вельмі бедныя, якім сапраўды патрэбныя 500 леяў. А ёсць проста гультаяватыя, якія хочуць нічога не рабіць, толькі спаць і атрымліваць грошы".

Мы спрабуем распытаць людзей, што яны тут робяць. У адказ атрымліваем ці маўчанне, ці неразборлівае мармытанне. Пасля некалькіх няўдалых спроб пагаварыць з парай пенсіянераў, якія хаваюць свае твары, да нас падыходзіць хлопец.

"Я мітынгую супраць партыі Маі Санду. Тут не яе месца, — з запалам расказвае малады чалавек, які прадставіўся нам Уладзікам.Я хачу, каб яе выгналі з парламента, таму што яна гэтага не вартая".

Уладзік расказвае, што мы — не першыя журналісты, каму ён дае інтэрв'ю, а потым нават прапануе даць нам аўтограф. Калі мы пытаем яго пра грошы, ён кажа, што нічога не ведае пра гэта, а яму асабіста — нібыта — не плацяць.

"Я сам за яго [Дадона] агітаваў тры гады назад! А зараз? Ён бандыт! Чым ён займаецца? Ён атрымлівае грошы звонку! Я хачу, каб маёй краінай кіравалі нашы людзі, а не знешнія сілы", — кажа хлопец па імені Дзмітрый. Затым ён абвінавачвае нас у тым, што мы задаём правакацыйныя пытанні, а не блакуем дзяржаўныя ўстановы разам з ім.

"Грамадскае"

Супрацьлегласці, якія прыцягваюцца

У будынак урада, акружаны "адпачывальнікамі", пускаюць толькі прадстаўнікоў урада Паўла Філіпа. Каля кожнага ўвахода — шарэнга паліцэйскіх у шчыльнай цёмнай форме. І калі людзі могуць схавацца ў палатках, паліцэйскія — смажацца на сонцы.

Перш чым пагаварыць з чалавекам з кіраўніцтва, я чую кучу пытанняў накшталт таго, дзе мая акрэдытацыя ў Малдову, калі мы прыехалі і на якім тэлеканале працуем. Іх задае мне намеснік кіраўніка Генінспектарата паліцыі Георгій Каўкалюк, дужы мужчына з хмурным тварам і бесправаднымі навушнікамі ў вушах.

"Паліцэйскія ахоўваюць грамадскі парадак у горадзе і ў краіне", — нарэшце кажа ён. Але калі я пытаюся пра тое, якая ж пагроза, Каўкалюк адразае: "Яшчэ пытанні?"

Наша гутарка аказваецца яшчэ больш кароткай, чым з некаторымі людзьмі каля палатак.

Паколькі новы ўрад Маі Санду ў будынак трапіць не можа, ён збіраецца ў парламенце. Там у звычайным рэжыме — наколькі яго можна так назваць — працуюць дэпутаты. На гэты раз на пасяджэнне прыходзяць толькі прадстаўнікі кааліцыі, гэта значыць сацыялісты і праеўрапейскі блок ACUM. Ніхто не хавае, што гэтая кааліцыя — хісткая і, хутчэй за ўсё, недаўгачасная. Ім удалося аб'яднацца, нягледзячы на ​​тое, што гэта здавалася немагчымым. Яны падпісалі пагадненне аб часовым супрацоўніцтве, і галоўная яго мэта — ачысціць краіну ад уплыву галоўнага алігарха Малдовы, Улада Плахатнюка.

"Гэты чалавек [Плахатнюк] ужо ўсіх дастаў так, што нават такія супрацьлеглыя па ідэалогіі і геапалітычных вектарах партыі [аб'ядналіся], — расказвае дэпутат ад сацыялістаў Гайк Вартанян. — Дайшло да таго, што ніхто не верыць, што існуе закон, ёсць толькі жаданне Плахатнюка і яго загады".

Вартанян запэўнівае, што зараз парламент засяроджаны толькі на тым, каб вырашыць найважнейшую праблему — барацьбы з карупцыяй.

Лідар Дэмакратычнай партыі Малдовы алігарх Улад Плахатнюк (у цэнтры) не прызнае новую кааліцыю і ўрад. На фота ён са сваімі прыхільнікамі ў Кішынёве. Малдова, 10 чэрвеня 2019 года / EPA-EFE

Пра гэта кажуць і дэпутаты ад праеўрапейскага блока ACUM. Па словах Думітру Алайбы, калі абедзве партыі нарэшце зразумелі, што трэба змагацца з Плахатнюком, яны хутка дамовіліся — калі не лічыць трох месяцаў недастатковага разумення.

"Сёння Малдова — гэта не свабодная краіна. Дэмакратыю проста задушылі сістэмнымі інтэрвенцыямі. У нас няма свабоднай прэсы, свабоды слова, усе інстытуты ўлады да нядаўняга часу былі пад кнопкай аднаго чалавека — і гэта вельмі небяспечна", — кажа Алайба.

Таму дэпутаты аднадушныя ў тым, што спачатку неабходна ачысціць уладу. Калі ў іх атрымаецца працаваць у кааліцыі і ў далейшым, што малаімаверна, у краіне не будзе датэрміновых выбараў. Аднак парламентарыі на гэты варыянт згодныя — кажуць, што, калі дамогуцца свабоды для людзей, тыя будуць самі вырашаць, хто павінен быць у парламенце. Нават калі гэта будуць дэмакраты.

Чаго хочуць усе

Уласна дэмакраты якраз і патрабуюць датэрміновых выбараў. Выканаўца абавязкаў прэзідэнта Павел Філіп нават падпісаў указ аб іх правядзенні 6 верасня. Дадон, праўда, яго потым адмяніў.

"Перадайце ў вёскі, сваім сваякам, што адзіны мірны шлях выхаду з гэтай сітуацыі, пры якім мы зможам пазбегнуць "украінскага сцэнарыя", гэта мірныя датэрміновыя выбары", — гарланіць перад натоўпам экс-дэпутат Дэмпартыі Карнэл Дуднік. Мы яго сустракаем ужо не ўпершыню — ён кажа, што падтрымлівае "мітынгі" і перыядычна з'яўляецца каля палатак.

"Дзеючая ўлада (Філіпа. — Рэд.) кіруецца рашэннем Канстытуцыйнага Суда. Іншы бок, апазіцыя, лічыць гэтае рашэнне незаконным, шукае нейкія довады, але гэта толькі іх меркаванне, — кажа нам Дуднік. — Мы павінны даць людзям магчымасць выказацца, павінны перадаць гэтую ўладу людзям".

У той жа час кааліцыя лічыць, што падстаў для датэрміновых выбараў няма. Больш за тое, эксперты кажуць, што пры іх правядзенні Дэмпартыя можа і выйграць — калі ўдасца выкарыстаць адмінрэсурс. Таму парламентарыі не спяшаюцца спыняць працу.

"Яны [Дэмпартыя і Партыя Шора] павінны, па-першае, вызваліць усе дзяржаўныя органы, а па-другое — проста прыйсці ў парламент, — кажа праеўрапейскі дэпутат Думітру Алайба. — Рашэнне гэтага канфлікту залежыць ад Дэмакратычнай партыі. Яны павінны зразумець, што страцілі ўладу".

Эксперты тлумачаць, што Канстытуцыйны Суд Малдовы — яшчэ адзін інструмент уплыву Плахатнюка. Там засядае сваячка алігарха, экс-дэпутаты Дэмакратычнай партыі і людзі, якіх абвінавачвалі ў прыхільнасці да яе.

У той жа час законнасць рашэння Канстытуцыйнага Суда разглядае Венецыянская камісія, кансультатыўны орган Савета Еўропы па пытаннях канстытуцыйнага права (праўда, яе рашэнні маюць толькі дарадчую сілу).

Што ж далей?

У людзей, якіх мы сустракаем, надзеі мала. "А што зменіцца? Апошнія 15 гадоў дзяржава клапацілася больш пра сябе, чым пра людзей", — кажа чалавек на прыпынку.

Аднак надзеі не было і на стварэнне кааліцыі паміж сацыялістамі і ACUM. Зараз урад Маі Санду ўжо прызналі некалькі краін — у прыватнасці Польшча, Германія, Францыя, Швецыя, Расія і іншыя.

Новы ўрад на чале з прэм'ерам Маяй Санду (у цэнтры) праводзіць пасяджэнне ў будынку парламента. Уваход у будынак урада заблакаваны. Кішынёў, Малдова, 10 чэрвеня 2019 года / EPA-EFE

Пра сваю падтрымку ў сумеснай заяве заявілі і вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Федэрыка Магерыні, і еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Іаганэс Ган.

Дэмакратычная партыя Малдовы мясцовага алігарха Улада Плахатнюка, якая фактычна кантралюе Канстытуцыйны Суд краіны, адмовілася ад улады, каб краіна выйшла з палітычнага крызісу.

На брыфінгу 14 чэрвеня прадстаўнік Дэмпартыі заявіў, што ўрад прэм'ера Паўла Філіпа ідзе ў адстаўку. У той жа час партыя Плахатнюка не адмаўляецца ад ідэі датэрміновых парламенцкіх выбараў. "Гэта неабходна для таго, каб новая ўлада была легітымнай", — сказаў прадстаўнік партыі.

Па словах дырэктара Інстытута стратэгічных даследаванняў Малдовы Улада Кульмінскага, Плахатнюк усё ж зацікаўлены ў тым, каб выбіць для сябе выгадныя ўмовы. Хоць бегчы яму няма куды — супраць яго і ЗША, і Еўрапейскі саюз, і Расія.

"Трэба радавацца, — кажа той жа таксіст, пра якога вы чыталі ў пачатку. — Нарэшце з'явіліся новыя сілы, і мы павінны падтрымліваць іх, а не тыя, што ўсё толькі пагаршаюць".