Карэлін: Каментарый, за які судзілі, пацярпелыя міліцыянты нават не чыталі

За каментарый на партале tut.by драматурга Андрэя Карэліна суд пакараў штрафам у памеры 10 мільёнаў рублёў — каля 1150 долараў. Асудзілі загадчыка літаратурна-драматычнай часткі “Новага драматычнага тэатра” за “Абразу супрацоўніка міліцыі падчас выканання ім службовых абавязкаў” і проста за “Абразу”

Еўрарадыё: З чаго ўсё пачалося, з якой нагоды вам давялося выклікаць міліцыю?

Андрэй Карэлін: Разам з жонкай 18 траўня мы наведалі спартовую трэніроўку па адрасе Кальварыйская, 18. Дзесьці за 5 хвілін да заканчэння трэніроўкі мне стала дрэнна і я выйшаў у калідор. Трэнеру гэта не спадабалася, ён мяне дагнаў і некалькі разоў ударыў. Я адразу выклікаў міліцыю. Ехалі яны хвілін 40-45 — тэлефанаванне было ў 22.12, а прыехалі яны каля 23-й гадзіны. Я ўвесь гэты час адчуваў сябе дрэнна і некалькі разоў вымушаны быў звяртацца да бабулек з прахадной завода “Луч” — прасіў у іх вады выпіць, наведаць прыбіральню. Нарэшце жонка мяне паклікала, ля прахадной спынілася міліцэйская машына. Супрацоўнікі з машыны не выйшлі, размаўлялі з намі некарэктна. Адзін з іх пакрыўдзіўся на слова “паважны” (рус. “вальяжный”. — заўв. Еўрарадыё). Казаў, падчас суда, што разумее слова “паважны” як — “чалавек, якому на ўсё пляваць”.

Еўрарадыё: Што гэта была за трэніроўка, за сыход з якой даюць кухталёў?!

Андрэй Карэлін: Мы з жонкай займаемся спортам, вядзём здаровы лад жыцця, але ў гэты клуб на трэніроўку па самаабароне прыйшлі ўпершыню — гэта быў выпрабавальны паход.

Еўрарадыё: Тая гісторыя з трэнерам нейкае далейшае развіццё мела?

Андрэй Карэлін: Мы з жонкай напісалі з нагоды нападу на мяне заяву: першую — адразу ў машыне, другую — калі мяне пазней выклікалі позвай у міліцыю. Там заява была больш поўная, з усімі тлумачэннямі, якія цікавілі міліцыянтаў. Наколькі я ведаю, пракуратура праводзіла праверку ў адносінах да гэтага трэнера. Следчы казаў, што будзе выклікаць трэнера і складаць ў адносінах да яго адміністрацыйны пратакол. Але цяпер я ў адпачынку, за межамі краіны, і не ведаю, як рухаецца справа.

Еўрарадыё: Ці стала для вас нечаканасцю, што вас вылічылі, знайшлі, хто пад нікам пакінуў такі “абразлівы” каментарый?

Андрэй Карэлін: Было так: 19 чэрвеня ў 6.20 я выйшаў з дома, каб выкінуць смецце. З цывільнай машыны выйшаў чалавек у цывільным і паказаў мне пасведчанне міліцыянта. Разам з ім у машыне быў маёр Іванец — участковы Фрунзенскага раёна. Яны пасадзілі мяне ў машыну і адвезлі ў ГАМ-2 (гарадскі аддзел міліцыі. — заўв. Еўрарадыё) Фрунзенскага раёна. Нібыта, для таго, каб атрымаць тлумачэнні па справе аб нападзенні на мяне. Але калі мы туды прыехалі, перада мной паклалі дакументы: прадпісанне міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча наконт правядзення ў адносінах да мяне праверкі і тэкст майго каментарыя. Спыталі, ці пісаў я яго, і паклалі яшчэ два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 17 чэрвеня. Размова ў іх ішла пра абразу супрацоўніка міліцыі падчас выканання ім службовых абавязкаў і проста — абразу. У пратаколах я напісаў, што не згодны з імі, што я выказаў сваё меркавання з нагоды канкрэтных падзей і факту абразы мяне і маёй жонкі супрацоўнікамі міліцыі.

Еўрарадыё: Вы адразу прызналіся, што сапраўды напісалі той каментарый?

Андрэй Карэлін: Справа ў тым, што матэрыялы праверкі ўтрымлівалі фактычна ўсё маё жыццё, пачынаючы з дзіцячага садка! Там было напісана: “Выяўлена, што нік gentenbain належыць Карэліну Андрэю Уладзіміравічу, маці — такая, бацька — такі”. Парталам tut.by былі прадстаўленыя мае 10 апошніх каментарыяў, што ў іх былі размешчаныя, была інфармацыя і ад “Белтэлекама”. Зразумела, што, выказваючы сваё меркаванне ў каментарыях, я ні ад каго не хаваўся, не карыстаўся ніякімі проксі-серверамі, адкрыта пісаў са свайго IP-адраса. Было сабрана, дзе я жыву, дзе прапісаны, калі нарадзіўся, ажаніўся. Зразумела, я не стаў адмаўляцца. Але калі б нават гэтых дакументаў і матэрыялаў не было — я не саромеюся свайго каментарыя і свайго выказанага меркавання.

Еўрарадыё: Вас здзівіла, што разабрацца з вамі загадаў асабіста міністр унутраных спраў?

Андрэй Карэлін: Вельмі здзівіла! Я да гэтага часу разважаю: няўжо ў Беларусі закончыліся небяспечныя злачынцы, што я займеў за гонар тое, што сам міністр павінен быў даваць загад на праверку маёй супрацьпраўнай дзейнасці? Каб мяне з вядром смецця ў руках а 6-й раніцы бралі два ўзброеныя аператыўнікі!

Еўрарадыё: Вас у пастарунак з тым вядром так і павезлі?

Андрэй Карэлін: Я вельмі ветліва папрасіў чалавека ў цывільным выкінуць смецце — там ляжаў дзіцячы памперс і было б не вельмі ўтульна, каб я ехаў у міліцэйскай машыне з пакункам, які непрыемна патыхае. Мне дазволілі зрабіць два крокі да сметніцы і пасля пасадзілі ў машыну.

Еўрарадыё: На судовым пасяджэнні “пацярпелыя” прысутнічалі, давалі паказанні?

Андрэй Карэлін: Адразу, як усё закруцілася, я звярнуўся па дапамогу да майго сябра Андрэя Курэйчыка, які мае юрыдычную адукацыю. Ён звярнуўся да вельмі добрага адваката — Ганны Віктараўны Бахціной (адвакат Ірыны Халіп, жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава. — заўв. Еўрарадыё). Яна вывучыла матэрыялы справы і, маючы 20-гадовы вопыт працы ў пракуратуры, не знайшла там складу ніякага адміністрацыйнага правапарушэння. Дарэчы, у матэрыялах справы не былі ўказаныя пацярпелыя — іх у нас не было. Першае судовае пасяджэнне было прызначана на 11-ю гадзіну 9 ліпеня. Бахціна прыйшла ў суд а 10-й гадзіне, і там нечакана выявілася, што існуе заява ад 8 ліпеня з патрабаваннем прыцягнуць мяне да адміністрацыйнай адказнасці, падпісаная тымі двума міліцыянтамі і жонкай загінулага міліцыянера Іванчыка (загінуў падчас перастрэлкі ў Мінску 8 студзеня 2013 года). Калі я пазнаёміўся з матэрыяламі справы, то па-сапраўднаму абурыўся — нейкі набор паклёпаў! Да прыкладу, там было напісана, што я не жыву па месцы рэгістрацыі з жонкай, а жыву невядома дзе з нейкай жанчынай. У судзе мне давялося паказваць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу ў 2010 годзе. Было напісана, што мая маці не адчыніла супрацоўнікам міліцыі дзверы, калі яны прыходзілі, і што з гэтага вынікае факт яе псіхічнага захворвання. Было напісана, што я працую спецыялістам па сувязях з грамадскасцю ў тэатры, хоць я ніколі на такой пасадзе не быў — я драматург і працую загадчыкам літаратурна-драматычнай часткі. Карацей, калі б адвакат не прыйшла за гадзіну да пачатку судовага пасяджэння, то мы б і не ведалі — ці ёсць у нас пацярпелыя па справе!

Еўрарадыё: А што самі пацярпелыя — прыйшлі?

Андрэй Карэлін: Так. 9 і 10 ліпеня былі слуханні — міліцыянеры, якіх я “абразіў падчас выканання імі службовых абавязкаў”, прысутнічалі. Што цікава, яны нават не чыталі майго каментарыя! Пра што шчыра казалі ў судзе. Калі адвакат і суддзя пыталіся ў міліцыянтаў, што канкрэтна ў маіх каментарыях іх абразіла, яны адказвалі, што ў інтэрнэце не сядзяць, за каментарыямі не сочаць і што ды як там піша — іх не цікавіць. На пытанне “Як вы даведаліся пра гэты каментарый?” Ён расказаў, што іх “сустрэлі калегі і сказалі: “Тут, здаецца, пра цябе напісана. Падай заяву, а потым зможаш атрымаць кампенсацыю”.

Еўрарадыё: Як гучала рашэнне суда?

Андрэй Карэлін: Выслухаўшы паказанні мае і маёй жонкі, прыняўшы да ўвагі наяўнасць у сям’і малога дзіцяці, паслухаўшы прадстаўнікоў МУС і прызнаўшы іх аргументы праўдзівымі, суд палічыў маю віну даказанай і прыняў рашэнне пакараць мяне за “абразу міліцыянтаў пры выкананні” штрафам у памеры 50 базавых велічынь — 5 мільёнаў рублёў. Дарэчы, цікава тое, як праводзілася праверка праўдзівасці паказанняў міліцыянераў. Падпалкоўнік запытаўся: “Ці сапраўды вы паводзілі сябе так, як апісвае Карэлін — абражалі, мацюкаліся?”. Міліцыянеры ўпэўнілі, што яны нічога такога не рабілі, і на гэтым праверка завяршылася. Калі я прапанаваў суду мяне разам з пацярпелымі праверыць на дэтэктары хлусні, гэта было праігнаравана.

Еўрарадыё: А яшчэ 5 мільёнаў адкуль з’явіліся?

Андрэй Карэлін: 14 ліпеня ў мяне пачаўся адпачынак. Ніхто не папярэджваў, што будзе яшчэ адзін суд, я не атрымліваў ніякіх паведамленняў на гэты конт і з’ехаў за мяжу. А днямі МУС распаўсюдзіў інфармацыю, што я не з’яўляўся на суды! Але мяне ніхто не абмяжоўваў падпіскай аб нявыездзе, і я не лічу, што, калі мой каментарый не спадабаўся міністру ўнутраных спраў, то я павінен прыкаваць сябе кайданамі да батарэі і чакаць, калі да мяне прыйдуць другі раз. Толькі з інтэрнэта я даведаўся, што за той жа каментарый мяне асудзілі яшчэ раз і далі кантрольныя 5 мільёнаў. Суд без мяне прайшоў 26 ліпеня. І калі прысуд па першым судзе мой адвакат апратэставала, то другі прысуд, з-за таго, што суд праходзіў без нашага ўдзелу і пра яго вынікі мы даведаліся толькі тры дні таму, яна апратэставаць не паспела — тэрміны апратэставання скончыліся.

Еўрарадыё: Як можна двойчы пакараць па адным і тым жа артыкуле?!

Андрэй Карэлін: Я так разумею, што другі суд праходзіў па заяве жонкі міліцыянера Іванчыка, які загінуў, у дачыненні да якога я ў сваім каментарыі напісаў два словы: “непадрыхтаваны” і “непрафесійны”. Яна прасіла прыцягнуць мяне да адказнасці за абразу памяці яе нябожчыка-мужа. Мяне пакаралі па артыкуле 9.3 Адміністрацыйнага кодэкса. Што дзіўна, гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 4 да 20 базавых велічынь. А мне далі 50! Яны што — перарабілі Адміністрацыйны кодэкс? Далі ў 2,5 разы больш, чым маглі даць па законе!?

Еўрарадыё: Але ж гэтыя грошы пойдуць у дзяржаўны бюджэт — пацярпелыя міліцыянты нічога, як ім абяцалі, на залечванне маральных траўмаў не атрымалі?

Андрэй Карэлін: Са слоў прапаршчыка, якія прагучалі ў судзе, вынікае, што мяне яшчэ чакаюць іх індывідуальныя іскі. Відаць, гэтыя 10 мільёнаў павялічацца яшчэ на 10, 20 ці 100 мільёнаў — я ж не ведаю, якіх яшчэ сюрпрызаў можна чакаць ад беларускага правасуддзя! Мяне да гэтага выпадку ні разу не судзілі, да адказнасці не прыцягвалі, а далі па максімуме! Звычайна гэты факт улічваецца. І такое стаўленне прымушае да пэўных разваг.

Фота з архіва Андрэя Карэліна