Міліцыянты пры затрыманні стралялі ў беларуса
П'яны мужчына з нажом / МУС Беларусі
Пры затрыманні 34-гадовага жыхара Бярозаўскага раёна міліцыянты ўжылі агнястрэльную зброю, паведамляе прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Нарад міліцыі прыбыў у адну з вёсак Бярозаўскага раёна, каб праверыць інфармацыю, атрыманую ў ананімным паведамленні. У вёсцы міліцыянты ўбачылі п'янага мясцовага жыхара з нажом у руках.
"Убачыўшы праваахоўнікаў, 34-гадовы мясцовы жыхар з відавочнымі прыкметамі ап'янення, трымаючы ў руках нож, накіраваўся ў іх бок. Неаднаразовыя законныя патрабаванні супрацоўнікаў спыніцца і кінуць халодную зброю праігнараваў, ствараючы рэальную пагрозу жыццю і здароўю навакольных. Міліцыянт зрабіў прыцэльны стрэл у нагу", — заяўляюць у міліцыі.
Параненаму мужчыну аказалі першую дапамогу і перадалі медыкам. На яго пачалі крымінальную справу за гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. За гэта пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.