Санкцыі застаюцца апраўданымі — прэзідэнт Чэхіі пасля сустрэчы з Бяляцкім

Прэзідэнт Чэхіі сустрэўся з Алесем Бяляцкім

Прэзідэнт Чэхіі сустрэўся з Алесем Бяляцкім / фота з акаўнту Петра Павела ў сацсетцы Х

Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі застаюцца апраўданымі да таго часу, пакуль у краіне арыштоўваюць крытыкаў рэжыму і гвалтоўна душаць грамадзянскія свабоды. Пра гэта прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел напісаў у сацсетцы Х пасля сустрэчы з экс-палітвязнем Алесем Бяляцкім.

"Для мяне было гонарам вітаць праваабаронцу і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, які несправядліва правёў больш за сем гадоў у беларускай турме. Мы пагадзіліся, што санкцыі супраць беларускага рэжыму застаюцца апраўданымі датуль, пакуль ён працягвае заключаць у турму сваіх крытыкаў і гвалтоўна душыць грамадзянскія свабоды. Беларусы заслугоўваюць права самастойна вызначаць сваю будучыню — свабодна і без вонкавага ўмяшання", — адзначыў Пётр Павел у сваім допісе.

Ён перадаў словы Бяляцкага, што еўрапейскія краіны не павінны закрывацца ад беларускіх грамадзян — толькі так беларусы змогуць пераадолець навязаную ім ізаляцыю.

Сустрэча чэшскага прэзідэнта з нобелеўскім лаўрэатам, кіраўніком праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесем Бяляцкім адбылася ў Празе 16 сакавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.