Вы тут

Хто ўдарыў па ГЦ у Краменчугу — абвяржэнне расійскіх фэйкаў

ГЦ "Амстор" у Краменчугу пасля абстрэлу / Reuters

Ракетны ўдар па ГЦ "Амстор" у Краменчугу (Палтаўская вобласць) адбыўся 27 чэрвеня. У той дзень у гандлёвым цэнтры было больш за тысячу чалавек — большасць паспела пакінуць будынак, але ахвяр пазбегнуць не ўдалося. Колькасць пацверджаных загінулых перавысіла два дзясяткі.

Расійскія прапагандысты і ўлады зноў паспрабавалі "ўкінуць" некалькі фэйкавых заяў. Яны часта супярэчаць адна адной, але іх галоўная мэта — заблытаць людзей. Абвяргаем асноўныя заявы.
 

"Удар наносіўся не па ГЦ, а па нафтаперапрацоўчым заводзе"

Адна з версій, якая з'явілася на прарасійскіх рэсурсах у першыя гадзіны пасля ўдару, — тое, што стралялі па НПЗ, каб перапыніць забеспячэнне ўкраінскіх войскаў палівам. Аднак, каб зразумець недарэчнасць гэтых заяў, дастаткова паглядзець на мапу: НПЗ і гандлёвы цэнтр размешчаны на розных канцах горада.

Акрамя таго, у канцы красавіка МА РФ заяўляла пра знішчэнне аб'ектаў НПЗ і сховішчаў. Калі знішчылі, навошта абстрэльваць зноў? Дарэчы, зноў пра гэта заяўлялася і ў траўні, і ў чэрвені.
 

"Зноў ударылі "Точкой У" па сваіх"

Прапагандысты настойваюць на версіі, што серыйны нумар ракеты, якая ўдарыла па вакзале ў Краматорску ў красавіку, даказвае: яна нібыта ўкраінская. Ужо гэты тэзіс абвяргаецца дастаткова проста: серыйны нумар наносіўся не Узброенымі сіламі, якія маюць ракеты на балансе, а вытворцам, яшчэ ў часы СССР. І тады ракеты пастаўляліся ў розныя краіны Саюза — адной і той жа серыі ў выніку аказваліся ў розных пунктах.

Напрыклад, ракета, якая ўдарыла па Краматорску, мела нумар Ш91579. Галоўнае тут — першыя тры знакі. Напрыклад, у 2015-м ракета, у серыйным нумары якой таксама былі Ш91, ударала па Алчэўску — і маніторынгавая служба АБСЕ не пацвярджала, што ўдар быў нанесены ўкраінскімі сіламі.

Больш за тое, ракеты з падобным серыйным нумарам, што даказана, выкарыстоўваліся ў Сірыі. Па логіцы прапагандыстаў, сірыйскую апазіцыю і сепаратыстаў з "ЛДНР" абстрэльвалі адны і тыя ж людзі.

Такім чынам, тэзіс "зноў ударылі па сваіх" абвяргаецца ўжо на этапе "зноў". Іншых доказаў магчымасці ўдару ўкраінскімі сіламі па ўласным горадзе прапагандысты не прыводзяць.
 

"ГЦ не працаваў"

"Пачнём з таго, што, мяркуючы па палтаўскіх пабліках і СМІ, ён не працаваў ужо даўно", — сцвярджаюць прапагандысты. І гэта не так. Больш за тое, ёсць скрыншоты ад 23 чэрвеня пра тое, што ГЦ не зачыняецца ў часе паветраных трывог.

Акрамя таго, размешчаныя ў ГЦ крамы, напрыклад аксесуараў для смартфонаў, з сярэдзіны сакавіка зноў працавалі, пра што сведчаць іх сацыяльныя сеткі.

Крамы ў ГЦ "Амстор" працягвалі працаваць

"Гэта пастаноўка, там адны мужчыны"

У першыя ж хвіліны з'явіліся і заявы пра тое, што ўдар па ГЦ — гэта "правакацыя як у Бучы" (усе расійскія версіі разні ў Бучы таксама былі абвергнутыя). Агучвалі іх не толькі прарасійскія медыя, але і першы намеснік пастаяннага прадстаўніка Расіі пры ААН Дзмітрый Палянскі.

Калі Палянскі заяўляў пра нейкія "нестыкоўкі" (іх ён не агучыў), расійскія блогеры і медыя ў якасці аргумента "правакацыі" называлі тое, што на фотаздымках і відэа ад гандлёвага цэнтра нібыта толькі мужчыны — ці то "масоўка", ці то выключна ўкраінскія вайскоўцы і спецслужбісты.

Аднак тыя ж відэа, на якія спасылаюцца прапагандысты, абвяргаюць іх тэзіс. На кадрах ёсць жанчыны — у першую чаргу, сярод пацярпелых, а таксама сярод тых, хто пакінуў сам ГЦ. На здымках, дзе людзі дапамагаюць разбіраць завалы і выводзіць тых, хто быў у будынку, сапраўды ў асноўным мужчыны.

"Адсутнасць жанчын" у ГЦ — не толькі абсурдны аргумент, але і фэйк / тг-канал Шарий

Аднак гэта не павінна выклікаць пытанняў, бо ў падобных выпадках менавіта мужчыны "падключаюцца" што ва Украіне, што ў Расіі, што ў Шры-Ланцы. Акрамя таго, ужо ёсць фатаграфіі з пацярпелымі жанчынамі ў лякарнях. Гэта значыць, нельга казаць, што гандлёвы цэнтр і плошча каля яго была запоўненая сілавікамі або нанятымі мужчынамі-акцёрамі, як сцвярджаецца.
 

"Ударылі не па ГЦ, а па заводзе побач"

"Пажар у ГЦ у Краменчугу, які не функцыянаваў, адбыўся праз дэтанацыю боепрыпасаў да заходняй зброі, якія захоўваліся побач на заводзе", — заявілі 28 чэрвеня ў Мінабароны Расіі.

ГЦ, як мы ўжо высветлілі, функцыянаваў.

Завод сапраўды знаходзіцца цераз дарогу ад гандлёвага цэнтра, але ўдарылі менавіта па ГЦ "Амстор", а не па прадпрыемстве. Імавернасць, што адбылася дэтанацыя ў будынках завода за некалькі сотняў метраў, ёсць, аднак яна не такая вялікая. Акрамя таго, на відэа, знятых у першыя хвіліны пасля пападання ракеты, не чуваць ні ляскання, ні выбухаў — прыкмет дэтанацыі снарадаў.

Заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Лявіеў не выключае, што хацелі абстраляць завод (дарэчы, не вайсковы), але "высокадакладнай зброяй", як гэта бывае, прамахнуліся. Акрамя таго, на яго думку, расійскі бок можа заяўляць, што цэлілі па чыгуначных пуцях непадалёк, што таксама ёсць слабым аргументам. Пры любых спробах апраўдаць гэта, кажа ваенны аналітык, удар па ГЦ — ваеннае злачынства.

"Пры ўдары вы абавязаны забяспечыць, каб не былі закрануты мірныя людзі", растлумачыў ён.

Ваенным злачынствам удар ужо назвалі і лідары "Вялікай сямёркі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.