Вы тут

Гендарная роўнасць і свабода ўсяго: як у 37 годзе прымалі Канстытуцыю БССР

Як прымалі Канстытуцыю 37 года / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Узімку 1937 года, калі ў Маскве дарасстрэльвалі апошніх "трацкістаў", у БССР прымалі Канстытуцыю. Яна замацоўвала за савецкім чалавекам усе свабоды, пра якія вы толькі можаце падумаць, і нават гарантавала гендарную роўнасць.

Мы пагарталі падшыўку газеты "Звязда" за гэты перыяд. І расказваем, як у разгар рэпрэсій ухвалялі дакумент, які абяцаў грамадзянам БССР дэмакратыю ў такіх казачных аб'ёмах.

 

"Нянавісць і пагарда гнюсным здраднікам радзімы"

Новы 1937 год для рэдкалегіі газеты "Звязда" пачаўся з працэсу "Паралельнага антысавецкага трацкісцкага цэнтра". Тады 13 чалавек прысудзілі да смяротнага пакарання, чацвярых — да доўгіх гадоў турэмнага зняволення. Праз трыццаць гадоў усіх падсудных па гэтым працэсе рэабілітуюць "за адсутнасцю складу злачынства".

Але тады, у студзені 37-га, загалоўкі "Смерць бандытам" і "Нянавісць і абурэнне" чаргаваліся на старонках "Звязды" са словамі любові на адрас "вялікага Сталіна і яго саратнікаў".

Газета "Звязда", 1937 год / Еўрарадыё

Да лютага, калі прыйшоў час агітаваць грамадзян БССР за новую Канстытуцыю, амплітуда перападаў настрою газеты "Звязда" дасягнула свайго максімуму. Рэдкалегія яшчэ не акрыяла ад "нянавісці і абурэння" на адрас трацкістаў, як ужо павінна была зайсціся захапленнем у прадчуванні прыняцця самага прагрэсіўнага Асноўнага закона.

Гэты дакумент гарантаваў грамадзяніну БССР краіну для жыцця з такімі магчымасцямі для самавыяўлення, што абсалютна незразумела, за што тут наогул могуць расстраляць.

Газета "Звязда", 1937 год / Еўрарадыё

У Канстытуцыі замацоўваўся тэзіс пра тое, што "ўся ўлада ў БССР належыць працоўным горада і вёскі", што ў кожнага ў краіне ёсць права на свабоду слова, свабоду друку, свабоду сходаў і мітынгаў, свабоду вулічных шэсцяў і дэманстрацый.

Канстытуцыяй уводзілася ўсеагульнае роўнае і прамое выбарчае права пры таемным галасаванні. Абіраць і быць абраным мог кожны, пачынаючы з 18 гадоў. Так, нават жанчыны.

 

"Наша Канстытуцыя ёсць самая дэмакратычная Канстытуцыя"

Кіраўніком Канстытуцыйнай камісіі быў Мікалай Галадзед. Напярэдадні прыняцця Канстытуцыі "Звязда" апублікавала ягоны даклад. З яго вынікала:

— гісторыя ведае толькі два вялікія дакументы: маніфест Маркса і Энгельса і Сталінская Канстытуцыя 1936 года;

— Канстытуцыя БССР "цалкам і поўнасцю" грунтуецца на Сталінскай Канстытуцыі.

Будучую Канстытуцыю БССР Галадзед называў "самай дэмакратычнай": "Ні ў адной капіталістычнай краіне няма і заваду такога дэмакратызму". Усё таму, што ў капіталістычных краінах кіруе "нязначная купка капіталістаў" і ўсе канстытуцыі буржуазных краін накіраваныя на абарону інтарэсаў пануючых класаў.

Тэкст Канстытуцыі і на самай справе быў даволі рэвалюцыйны. Па-першае, змянялі выбарчую сістэму. Трэба было забяспечыць яе "далейшую дэмакратызацыю". Замяніць "не зусім роўныя выбары — роўнымі, шматступеньчатыя — прамымі, адкрытыя — закрытымі".

У гэтым сэнсе ў іншых краінах з правамі на самай справе не ўсё было гладка. Галадзед прыводзіць прыклады: маёмасны цэнз у той час існаваў у Вялікабрытаніі, ЗША, Японіі, цэнз аселасці — у Францыі, ЗША і Японіі. Трэба было пражыць на адным месцы ад паўгода да двух, каб атрымаць права голасу. У тых жа Брытаніі і ЗША існаваў і адукацыйны цэнз — права голасу атрымлівалі толькі пісьменныя грамадзяне.

"Грамадзяне, якія знаходзяцца ў войску, ні ў адной краіне не карыстаюцца правам удзелу ў выбарах у парламент, за выключэннем Англіі. Як салдаты, так і афіцэры ў войсках ва ўсіх буржуазных краінах пазбаўленыя гэтых элементарных грамадзянскіх правоў.

А ў нас усе грамадзяне, да якой бы расы і нацыянальнасці ні належалі, дзе б ні працавалі, да якога б кола яны ні адносіліся — маюць аднолькавыя правы", — піша Галадзед.

Канстытуцыя БССР гарантавала выбаршчыкам яшчэ адно ўнікальнае права — магчымасць адклікання дэпутата ў выпадку, калі народны абраннік не апраўдае даверу народа. Беларусы не змаглі рэалізаваць гэтага права нават праз 65 гадоў.

Асобна дасталося ад Галадзеда судам буржуазных краін, якія ён называў "самай кансерватыўнай арганізацыяй капіталізму", што стаіць на абароне інтарэсаў эксплуататараў.

Што, не верыце ў такую дэмакратыю? Вось і ворагі Саюза не верылі, але кіраўнік саюзнага ЦВК Міхаіл Калінін паставіў іх на месца:

"Нашы ворагі любяць паказваць, што саветамі кіруе партыя. Гэта правільна. Але яны не разумеюць таго, што партыя не з неба звалілася. Яна складаецца таксама галоўным чынам з мясцовых людзей, так што сувязь мясцовых органаў з насельніцтвам падвойная — і па лініі партыі, і па лініі саветаў", — казаў Калінін.
 

Свабодная савецкая жанчына

Адна з улюбёных тэм савецкай прэсы — ушчамленне правоў жанчын у капіталістычных краінах. Тут, зрэшты, усё справядліва.

Канстытуцыя БССР 1937 года ўраўноўвала ў правах жанчын і мужчын, гарантавала права на працу, аплату працы, адпачынак, сацыяльнае страхаванне і адукацыю — ніякай дыскрымінацыі. Пры цяжарнасці жанчынам гарантаваўся "адпачынак з захаваннем утрымання".

Заставалася яшчэ восем гадоў да таго моманту, калі францужанкі ўпершыню змогуць прагаласаваць на выбарах. І не толькі францужанкі.

"Жанчыны пазбаўленыя права голасу пры выбарах у парламент у такіх краінах, як Францыя, Бельгія, Італія, Швейцарыя, Югаславія, Грэцыя, Японія, Аргенціна", — піша Галадзед.

У савецкай прэсе часцяком спачувалі жанчынам з капіталістычных краін.

Газета "Звязда", 1937 год / Еўрарадыё

Калгасніца Ульяна на старонках "Звязды" расказвае журналісту, што раней была двойчы бяспраўнай: па-першае, таму што жанчына, па-другое, таму што беларуская жанчына.

Канстытуцыя гарантавала ёй раўнапраўе з мужчынамі — прытым мужчынамі ўсіх нацыянальнасцяў.
 

"І калі хто-небудзь захоча ў нас адабраць гэту Канстытуцыю...”

Такім чынам, праект Канстытуцыі апублікавалі. Што тут пачалося! Рабочыя і сяляне сустрэлі гэты праект трыумфаваннем, піша газета. На заводах паабяцалі да дня прыняцця галоўнага закона дамагчыся новых перамог, сяляне больш актыўна пацягнуліся ў калгасы.

Рабочыя швейнай фабрыкі на эмацыйным уздыме адшылі не 100, а 113 пар абутку. Па ўсіх прагнозах Канстытуцыя павінна была справакаваць яшчэ і рост ураджаю.

У найбліжэйшых нумарах "Звязда" будзе цытаваць дзясяткі людзей, якія ўспомняць змрочныя часы царызму і падзякуюць то Канстытуцыі, то Сталіну за магчымасць светлай будучыні.

Газета "Звязда", 1937 год / Еўрарадыё

Мы зусім не хочам сказаць, што іх словы — пустыя эмоцыі ў апрацоўцы прапагандыстаў.

Цалкам можна зразумець захапленне гомельскага інжынера, які расказваў журналістам пра свайго непісьменнага бацьку, селяніна, які нарадзіўся і жыў у царскай Расіі.

— А я, яго сын, пры савецкай уладзе стаў інжынерам. Я ганаруся новай Канстытуцыяй, шчаслівы, што жыву ў ардэнаноснай Беларусі. Я ўключаюся ў сацыялістычнае спаборніцтва і абяцаю змагацца за высокую якасць прадукцыі нашага завода.

Але на іншых заводах даваліся і іншыя абяцанні — давыкарчаваць трацкістаў і іншых здраднікаў, на якіх абяцанні казачнага і вольнага жыцця не распаўсюджваліся.

— Калі хто-небудзь толькі пасягне на нашу выдатную радзіму, калі хто-небудзь захоча ў нас адабраць гэту Канстытуцыю, мы ўсе, як адзін, станем грудзьмі на абарону сацыялістычнай радзімы і разаб'ем ворага.

 

"Не даць разваліць краіну"

"У кожным радку гэтага гістарычнага дакумента беларускага народа праяўляецца любоў і клопат аб працоўным чалавеку, яго рабоце, жыцці, адукацыі, яго ўдзеле ў кіраванні сваёй гаспадаркай, справамі сваёй рэспублікі", — пісала газета, расказваючы пра працэс абмеркавання праекта Канстытуцыі.

Абмяркоўвалі не толькі ў партыйных вярхах. Пра Канстытуцыю гаварылі на пленумах сельсаветаў, у калгасах, на прадпрыемствах. У час такіх абмеркаванняў у людзей збіралі прапановы па змене Асноўнага закона краіны.

Моладзь ужо тады любілі папалохаць "галоднымі дзевяностымі". Або, з папраўкай на эпоху, дарэвалюцыйнымі часам, калі людзі падпадалі пад "экзекуцыю, арышты, расстрэлы".

"Новае пакаленне не ведае жыцця сялян у мінулым, прыкладна 30-40 гадоў таму назад. Між тым, толькі параўноўваючы мінулае жыццё з сучасным, можна ўявіць, які пройдзены шлях", — выступаў з высокай трыбуны кіраўнік ЦВК СССР Міхаіл Калінін.

"Нельга не згадаць, як жылі мы да рэвалюцыі. Мы былі беднякамі, непісьменнымі. Нас, беднякоў, ніхто не лічыў за людзей. Наша сучаснае жыццё, нашу радзіму мы ніколі нікому не аддадзім", — казаў журналістам калгаснік са Слуцкага раёна.

Старыя рабочыя фабрык успаміналі, як іх прымушалі працаваць па 14-16 гадзін.

А потым прыйшоў таварыш Сталін.

"Дзякуючы вялікаму Сталіну Беларусь з краіны цёмнай і прыгнечанай у царскія часы ператварылася ў перадавую сацыялістычную рэспубліку Савецкага Саюза", — цытуе журналіст аднаго з рабочых.

Хочаце як у царскай Расіі? То ж бо то.
 

Свабода ўсяго

Люты 1937 года падыходзіў да канца. Канстытуцыю прынялі.

Газета "Звязда", 1937 год / Еўрарадыё

У адным з раздзелаў прапісалі ўсе магчымыя правы: на свабоду слова, свабоду друку, свабоду сходаў і мітынгаў, свабоду вулічных шэсцяў і дэманстрацый.

Некаторыя, зрэшты, паспяхова гэтымі правамі карысталіся яшчэ да прыняцця Канстытуцыі. Дзесьці "з пагардай гаварылі пра здраднікаў радзімы — трацкістаў", арганізоўваючы мітынг, дзесьці на сходзе выказвалі на адрас здраднікаў "буру гневу і крыўды". Карацей, як і абяцалі, поўная свабода слова, сходаў і мітынгаў.

Пасля таго як "самую дэмакратычную" Канстытуцыю прынялі, гэтую падзею яшчэ колькі часу віталі са старонак газеты, а потым усе вярнуліся да сваіх спраў. Здраднікі — здраднікамі, Канстытуцыя — Канстытуцыяй, але набліжалася пасяўная, адным трэба было сеяць, а другім — расказваць пра тое, як сеюць першыя.

Ужо ў пачатку лютага побач з перадавіцай "Беларускі народ з захапленнем сустрэў праект Канстытуцыі БССР" з'яўляецца іншая, якая канстатуе — час запрагаць коней, хутка вясна.

Газета "Звязда", 1937 год / Еўрарадыё

Працытуем таварыша Леніна

Мы лічым дарэчным і стылістычна апраўданым завяршыць гэтую рэтраспектыву савецкай прэсы словамі Уладзіміра Леніна: "Канстытуцыя фіктыўная, калі закон і рэчаіснасць разыходзяцца; не фіктыўная, калі яны сыходзяцца".

Залатыя словы. Ці, як напісалі б у савецкіх газетах, — "апладысменты, вітальныя воклічы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.