Фактчэк. Ці зарабляе Беларусь на гандлі антрацытам з "ДНР"

Фактчэк. Ці зарабляе Беларусь на гандлі антрацытам з "ДНР"

За апошні месяц беларускія і польскія СМІ некалькі разоў абвінавацілі Беларусь у рээкспарце ў Еўрасаюз антрацыту, здабытага ў шахтах на тэрыторыі так званых "ДНР" і "ЛНР". Але ці зарабляе Беларусь на гандлі вугалем з "ДНР" і "ЛНР"? Разбіраемся ў пытанні.

Вугаль з Данбасу сапраўды трапляе ў Польшчу праз Беларусь

 

Яшчэ ў кастрычніку 2017 года ўкраінскі міністр энергетыкі Ігар Насалік пацвердзіў, што ў Польшчу пастаўляецца антрацыт з АРЛДА (асобных раёнаў Луганскай і Данецкай абласцей), якія не кантралююцца Украінай. Тады ж яго польскі калега Кшыштаф Тхужэўскі заявіў, што Польшча сапраўды набывала вугаль з так званых "ДНР" і "ЛНР", але ў адносна невялікіх колькасцях. Гаворка ішла пра 11 тысяч тон.

Польскія журналісты правялі ўласнае расследаванне і сцвярджаюць, што аб’ёмы паставак нашмат большыя. І галоўнае —вугаль з Данбасу трапляе ў Польшчу пераважна праз Беларусь.

"Па нашай інфармацыі, з кастрычніка 2017 года па ліпень 2018 года Польшча прыняла 282 тысячы тон данбасскага антрацыту, — сцвярджае журналіст польскага выдання Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі. — Польшча — нумар чатыры ў спісе дзяржаў, якія набываюць вугаль з занятых сепаратыстамі шахт. На першым месцы Турцыя, на другім — Румынія, на трэцім — Бельгія. І з таго, што мы ведаем на сёння, практычна 100% данбасскага антрацыту трапляе ў Польшчу транзітам праз Беларусь".

 

Беларусь у гэтай лагістычнай схеме — толькі транзітная тэрыторыя

 

Гэта пацвердзілі ў "K-Investments", адной з кампаній з горада Зялёна Гура, якая толькі ў кастрычніку 2017 года імпартавала ў Польшчу 3071 тону данбасскага антрацыту. Па словах прадстаўніка кампаніі, яна "не супрацоўнічае з беларускімі фірмамі, толькі з расійскімі". Але з якімі канкрэтна, нам распавесці адмовіліся, спасылаючыся на камерцыйную тайну.

Таго ж меркавання прытрымліваецца і Міхал Патоцкі:

"Транзітам [перавозкай данбасскага вугалю ў Польшчу і іншыя краіны ЕС. — Еўрарадыё] займаецца кампанія "РЖД-лагістыка", якая з'яўляецца часткай расійскай чыгункі. Фірмы, якія прадаюць гэты вугаль, зарэгістраваныя або ў Растоўскай вобласці, або ў Маскве, ці нават у так званай "ДНР". А набываюць той вугаль фірмы, якія маюць рэгістрацыю ў Польшчы.

Частка з іх мае выключна польскі капітал, у часткі ёсць след капіталу людзей, звязаных з сепаратысцкімі арганізацыямі — яны альбо пасля пачатку баявых дзеянняў на Данбасе свой капітал "зарабілі", альбо проста на грошы з АРДЛА бізнес вядуць. Пра тое, што беларускія фірмы граюць нейкую ролю ў гэтым транзіце данбасскага вугалю з Расіі ў Польшчу, мы інфармацыі не маем. Хутчэй за ўсё, роля Беларусі тут абмяжоўваецца тым, што "РЖД-лагістыка" плаціць беларускай чыгунцы за транзіт і выкарыстанне беларускай інфраструктуры".

 

Як адрозніць "сепаратысцкі" антрацыт ад "расійскага"

 

З дакументаў, якія суправаджаюць антрацыт, немагчыма зразумець яго паходжанне. Як толькі данбасскі антрацыт трапляе на тэрыторыю Растоўскай вобласці РФ, ён ператвараецца ў расійскі антрацыт. А ў Расіі ёсць некалькі радовішчаў антрацыту. Таму, атрымліваючы дакументы на груз расійскага антрацыту, беларускія мытнікі не могуць дакладна ведаць, з Данбаса ён ці не.

Даведацца, адкуль гэты антрацыт, на самай справе, можна, бо вугаль з Данбаса і, напрыклад, з Кузбаса адрозніваюцца па хімічным складзе. Больш за тое, спецыялісты-хімікі могуць вызначыць нават, на якой шахце ён здабыты. Але на мяжы Беларусі і Польшчы гэтага не высвятляюць. Таксама, як і тады, калі "расійскі" антрацыт едзе праз Беларусь... ва Украіну!

"На ўкраінскай мяжы проста правяраюць дакументы, і, калі там напісана, што краіна паходжання [антрацыту] — Расія, то пытанняў няма. Здараецца, што СБУ падазрае нейкую фірму ў пастаўках данбасскага антрацыту. Тады яны бяруць пробы вугалю на мяжы і правяраюць яго, адпраўляючы для аналізу ў экспрэс-лабараторыю. І былі выпадкі, калі яны даказалі, што гэта данбасскі антрацыт. Але сістэматычна гэтага не робіцца", — распавядае Міхал Патоцкі.

З польскім калегам не згодны ўкраінскі журналіст-расследавальнік Андрэй Герус.

"Ва Украіне многія антрацытавыя блокі ЦЭЦ пераведзеныя на вугаль маркі "Г" — газавая група. І ў нас цяпер пастаўкі антрацыту ў дзяржаўныя кампаніі ў асноўным ідуць з ЗША, ДТЭК (Дняпроўскія электрасеткі) пастаўляе антрацыт са сваіх шахт у Растоўскай вобласці, "Данбасэнерга" купляе вугаль у Кузбасе і ў ЗША. Па той карціне, якую я бачу, паставак данбасскага антрацыту праз Беларусь, хутчэй за ўсё, няма. З мытных дэкларацый, якія мы бачылі, таксама вынікае, што такіх паставак няма. Бо вугаль на Данбасе вельмі спецыфічны — у яго попельнасць і ўтрыманне серы вышэйшае. Калі б антрацыт, які пастаўляе ва Украіну Беларусь, быў менавіта тым антрацытам, то гэта было б бачна па ўскосных прыкметах. Маё меркаванне: хутчэй за ўсё, да нас гэты вугаль не трапляе".

Служба бяспекі Украіны не пацвярджае, але і не абвяргае выпадкі ўвозу "данбасскага антрацыту" праз беларуска-ўкраінскую мяжу. На запыт, накіраваны ў СБУ, Еўрарадыё атрымала фармальны і незмястоўны адказ з тлумачэннем: "Следчы ў інтарэсах справы забараніў даваць якую-небудзь інфармацыю па гэтым пытанні, каб не нашкодзіць следству".

З адказу можна зрабіць выснову, што некаторыя партыі антрацыту, які ішоў з Беларусі ва Украіну, усё ж такі выклікалі падазрэнне СБУ. Аднак, ці ўдалося даказаць данбасскае паходжанне гэтых грузаў, сілавікі не тлумачаць.

Ва Украіне дзейнічае забарона на гандаль з "часова акупаванымі тэрыторыямі". Але, калі пастаўкі ідуць у Еўрасаюз, ніхто нічога не парушае: ЕС падобных абмежаванняў не ўводзіў. Нават польскія фірмы, якія набываюць антрацыт з тэрыторый так званых "ДНР" і "ЛНР", перад законам чыстыя.

 

Што кажа афіцыйная статыстыка?

 

За 2017 год Беларусь, па дадзеных Белстата, імпартавала з Расіі 72 тысячы тон антрацыту. Бліжэйшае да нас радовішча, дзе здабываюць антрацыт, знаходзіцца ў Растоўскай вобласці. Там жа, сцвярджае Міхал Патоцкі, знаходзіцца перавалачны пункт, на якім антрацыт з Данбаса ператвараецца ў "расійскі".

"У нас ёсць інфармацыя, што за перыяд з кастрычніка 2017 года па ліпень 2018-га ў Беларусь трапіла 15 тысяч тон данбасскага антрацыту", — удакладняе Міхал Патоцкі.

15 тысяч тон з 72 тысяч — гэта прыкладна ⅕ частка ад усяго імпартаванага з Расіі антрацыту. Але нават гэтая частка, паводле афіцыйнай статыстыкі, не пакінула тэрыторыю нашай краіны. Паводле звестак Белстата, за 2017 год Беларусь экспартавала ўсяго 346 тон антрацыту. З іх у Польшчу — 46 тон, а яшчэ 276 тон —ва Украіну.

Навошта Беларусі антрацыт, пытанне асобнае, да яго вернемся крыху пазней. Пакуль важна, што афіцыйнай статыстыкай немагчыма даказаць тое, што Беларусь гандлюе з Еўрасаюзам данбасскім антрацытам.

Малаверагодным лічыць гэта і ўкраінскі журналіст Андрэй Герус.

"У акупаванай частцы Данбаса здабываюць энергетычны антрацыт. А энергетычны антрацыт практычна не пастаўляецца партыямі ў дзясяткі тон, ён пастаўляецца партыямі ў тысячы тон".

 

Але навошта Беларусі столькі антрацыту з Расіі?

 

Навуковы кіраўнік Інстытута энергетыкі НАН Беларусі Аляксандр Міхалевіч у размове з Еўрарадыё не знаходзіць адказу на гэтае пытанне:

"Я не ведаю, адкуль яны ў Белстаце ўзялі гэтыя лічбы [72015 тон імпартаванага з Расіі антрацыту. — Еўрарадыё], таму што ў энергетыцы вугаль не ўжываецца — у нас у энергетычных устаноўках спажываецца прыродны газ, дровы. Звычайна, антрацыт выкарыстоўваецца ў металургічнай вытворчасці. Але ў нас пераважна — электраметалургія. Таму сёння антрацыт у нас няма дзе ўжываць. Раней яго ўжывалі цэментныя заводы, але цяпер іх перавялі на выкарыстанне цвёрдых бытавых адходаў".

Самае лагічнае тлумачэнне — набыты ў Расіі антрацыт прадаюць беларусам для асабістых патрэб. Напрыклад, для ацяплення прыватных дамоў. Версія, што 70 тысяч тон маглі прадаць за мяжу так, каб звесткі пра гэта не патрапілі ў справаздачу Белстата, выглядае несур'ёзнай. Як-ніяк, гэта тысяча вагонаў.

 

Дык ці зарабляе Беларусь на гандлі антрацытам з "ДНР"?

 

Адказ на гэтае пытанне: і так, і не.

Пастаўкі данбасскага антрацыту ў Польшчу праз Беларусь сапраўды маюць месца. Але наша краіна пры гэтым гуляе толькі ролю транзіцёра.

Вылічыць, колькі Беларусь атрымала за такі транзіт, скажам, у 2017 годзе, вельмі складана: на кошт праезду праз нашу тэрыторыю кожнага канкрэтнага вагона з антрацытам ўплывае вялікая колькасць фактараў, ад пары года да колькасці лакаматываў, якія цягнуць састаў.

Факт паставак данбасскага антрацыту ва Украіну праз Беларусь не пацверджаны, але, калі яны і маюць месца, на іх наша краіна зарабляе тым жа спосабам — як транзіцёр.

"Калі нехта і займаецца падробкай дакументаў (ператвараючы вугаль з Данбаса ў вугаль з Кузбаса, да прыкладу), то па такіх падробленых дакументах нешта можа прыйсці ў Беларусь і прайсці далей. Але каб Беларусь на дзяржаўным узроўні дапамагала легалізаваць вугаль з акупаваных тэрыторый? Я ў гэта не веру", — падводзіць вынік Андрэй Герус.

Фота: iz.ru
 
Пры падтрымцы "Медиасети"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі