Еўрапарламент патрабуе вызваліць Мікалая Статкевіча ды іншых палітвязняў

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Дэпутаты Еўрапарламента патрабуюць неадкладна вызваліць Мікалая Статкевіча і астатніх беларускіх палітвязняў. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай 14 снежня. Сёння еўрадэпутаты абмяркоўвалі сітуацыю вакол Статкевіча, а таксама стан правоў чалавека ў Беларусі.

"Парламент патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мікалая Статкевіча і ўсіх 1500 палітвязняў у Беларусі. Статкевіч, былы кандыдат у прэзідэнты і лаўрэат прэміі Сахарава 2020 года, адбывае 14 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываваных абвінавачваннях. Яго здароўе пагаршаецца праз утрыманне ў адзіночнай камеры", — адзначае прэс-служба Еўрапарламента.

Еўрадэпутаты асудзілі неабгрунтаваныя і палітычна матываваныя прысуды ў Беларусі. Яны настойваюць на тым, каб палітвязні мелі належную медыцынскую дапамогу, доступ да адвакатаў, сваякоў, дыпламатаў і міжнародных арганізацый.

Еўрапарламент заклікае ЕС увесці новыя санкцыі супраць беларускіх уладаў і прыцягнуць да адказнасці асобаў, датычных да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і ваенных злачынстваў.

За рэзалюцыю прагаласавалі 489 чалавек, супраць — 7, а 42 устрымаліся.

Звестак ад Статкевіча няма ўжо больш за 300 дзён. Ён пазбаўлены права на званкі, спатканні і адзіную за год перадачу. Адвакат не можа трапіць да палітвязня. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі