Дрэсіроўшчыкі з відэа, у якім б'юць жывёл, гастралююць па Беларусі

У Беларусі праходзяць гастролі з удзелам дрэсіроўшчыкаў, якія два гады таму шакавалі ўвесь свет. Іх імёны не выпячваюць у афішах, а “Цырк-шоў гіганцкіх фанатанаў”, да якога маюць дачыненне гэтыя артысты, збірала аншлагі ў Мінску і Гомелі. 14 чэрвеня ў горадзе над Сожам пройдзе завяршальнае прадстаўленне.

Гэта сумная і шакуючая гісторыя прагрымела ў Расіі два гады таму. Цэнтр абароны правоў жывёл “ВИТА” выклаў у сеціва ашаламляльнае відэа, на якім дрэсіроўшчыкі б’юць і здзекуюцца з малпаў, сабакаў, кенгуру і страуса. Жахлівыя кадры на схаваную камеру зняла актывістка “ВИТЫ” Аксана Данілава, якая паўтара года пад прыкрыццём адпрацавала ў піцерскім “Цырку на Фантанцы” прыбіральшчыцай.

Як высветліла Еўрарадыё, прынамсі дзве асобы, якія шчыруюць у гэтым трагічным роліку, прыехалі на гастролі ў Беларусь. Гэта заслужаны артыст Расіі Мурад Абдулаеў і яго жонка Наталля Бажко, якая непасрэдна выходзіць на манеж. Галава сямейства не імкнецца да публічнасці. Але ў прыёмнай Гомельскага цырка пацвярджаюць, што на гастролі ён прыехаў і пражывае ў цыркавой гасцініцы.

Галоўны адміністратар Гомельскага дзяржаўнага цырка Віктар Валасевіч інфармуе, што Абдулаеў ужо не займаецца ранейшай прафесійнай дзейнасцю.

“Як дрэсіроўшчык ён не працуе. Ён член адміністрацыйнай групы праграмы”.

Наталля Бажко дрэсіруе малпу (шакуючае відэа ад “ВИТЫ”)

Слаба верыцца, што артыст такога калібру, як Мурад Абдулаеў змог пасля скандалу перастроіцца і толькі арганізоўвае побыт жонкі ды піша паперы. Але Валасевіч кажа, што на рэпетыцыі не хадзіў і нічога не можа пацвердзіць.

Выходзіць, калі артысты не памянялі сваё стаўленне да дрэсіроўкі жывёл, то цягам месяца ў сценах нашых дзяржаўных цыркаў маглі адбывацца кашмарныя экзекуцыі. У прыёмнай гомельскага цырка Еўрарадыё звязваюць з інспектарам па манежы Сяргеем Зорыным. Тэарэтычна, ён мог сачыць за тым, ці не парушаюцца правы жывёл.

Не, я гэтыя пытанні не правяраю. Я складаю толькі рэпетыцыйныя планы. У мяне толькі тэхнічная работа. Гэтая праграма працавала ў Мінску да нас. І там нешта ніхто не абураўся”, — выказваецца Зорын.

Выходзім і на самога Мурада Абдулаева.

“Я прыехаў у якасці адміністратара. Даўно ўжо артыстам не працую. А ў чым пытанні?” — голас заслужанага артыста Расіі відавочна мяняецца, калі ён разумее, з чым звязаны званок з Еўрарадыё. Таму Абдулаеў сыходзіць ад гутаркі, называючы абуральныя відэа ад “ВИТЫ” “справай даўно прайшоўшых дзён”.

“Калі б людзі бачылі тое відэа, аншлагаў не было б”

На аншлагавыя выступленні “Цырка-шоў гіганцкіх фантанаў” у Мінску наведаўся нават кіраўнік Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. Прывёўшы з сабой дзяцей-сірот і шматдзетныя сем’і.

Старшыня вядомай беларускай арганізацыі абароны жывёл “Эгіда” Вераніка Ханцэвіч лічыць, што ў многіх краінах свету гастроляў такіх скандальных артыстаў не дапусцілі б. Але ні чыноўнікаў, ні гледачоў, якія прыходзяць у манежы, яна не вінаваціць.

“Нашы людзі, якія не звязаныя з абаронай жывёл, стопрацэнтна не бачылі гэтага відэа і не ведаюць гэтых артыстаў. Для іх гэта звычайнае шоў. Калі б інфармацыя была вычарпальная, то і такой наведвальнасці выступленняў не было б”, — разважае Ханцэвіч.

Старшыня “Эгіды” негатыўна выказваецца пра выступленне ўсіх жывёл ва ўсіх цырках свету, дзе гэта практыкуецца. Праблему яна бачыць не толькі ў здзеках, але і ў паламаных лёсах братоў нашых меншых. Паводле яе інфармацыі, пасля завяршэння цыркавой кар’еры жывёл здаюць у звярынцы альбо на вопыты.

“Вялікі прабел у тым, што ў нас няма ніякай арганізацыі, якая сачыла б за ўтрыманнем жывёл як у цырку, так і ў заапарках ды дэльфінарыях”, — апавядае Ханцэвіч, але пры гэтым згадвае і пра пазітыўныя зрухі па гэтай праблеме у Беларусі. — У верасні ў Палаце прадстаўнікоў будзе разгляд законапраекта аб абароне жывёл. За здзекі могуць увесці крымінальную адказнасць. Да гэтага былі толькі прэцэдэнты, калі скуралупам давалі ўсяго толькі суткі”.

Чым у Расіі скончылася праверка па факце збіцця жывёл

Нармальны чалавечы розум, відаць, слаба разумее, як засвечаныя ў такіх скандалах дрэсіроўшчыкі працягваюць займацца прафесійнай дзейнасцю. Прэзідэнт “ВИТЫ” Ірына Наважылава канстатуе Еўрарадыё, што гісторыю са скандальнымі відэа расійскія праваахоўнікі спусцілі на тармазах.

Гепракуратура, куды найперш звярнуліся абаронцы жывёл, адправіла матэрыялы ў міліцыю Санкт-Пецярбурга. Бо відэа рабілася менавіта ў мясцовым “Цырку на Фантанцы”. У горадзе на Няве справу так “стараліся расследаваць”, што не ўзялі паказанні ў галоўнай сведкі Аксаны Данілавай. Гэта яна пад прыкрыццём працавала прыбіральшчыцай у цырку і ўсталёўвала схаваныя камеры.

“У выніку, пасля ўсіх баталій мы на руках маем адказ, што яны нават не ідэнтыфікавалі цырк. Тым часам у нас кіламетры кадраў, звязаных са здзекамі з жывёл. І штодзень у цырках адбываецца ўсё адно і тое ж. У нас толькі малая частка таго, што здаралася ў тым канкрэтным цырку”, — абураецца Наважылава.

Мурад Абдулаеў

У той жа час відэарасследаванне “ВИТЫ” выбухнула на ўвесь свет. І толькі ў Расіі сёлета ў красавіку у 53 гарадах ладзілі разнастайныя акцыі супраць выступленняў жывёл на цыркавых манежах. Паводле словаў Наважылавай, пасля скандалу Мурада Абдулаева сталі пазбягаць у расійскіх цыркавых структурах. А калі ён выязджаў у замежныя краіны, і там яго выступленні адмянялі.

“Калі ён мільгануў у Германіі, нам тут жа напісалі немцы. У Францыі перад яго гастролямі мясцовая грамадскасць таксама падняла шум. Гастролі адмянілі”, — прыводзіць прыклады Наважылава.

Альтэрнатыўнае меркаванне: ці варта забараняць жывёл у цырку

Відэа з удзелам Абдулаева і Бажко падняла вострае пытанне: ці можна лічыць нармальным прысутнасць любых дрэсіраваных жывёл у шоў. Абаронцы правоў жывёл займаюць катэгарычную пазіцыю — забараніць. Калі да некаторых братоў нашых меншых апрыёры трэба выказваць жорсткасць (інакш не надрэсіруеш), то навошта гнаць іх на манежы? Тыгр ці малпа не здольныя асэнсавана падпісаць кантракт і наняцца ў цырк. А гэта ўжо няволя. Нават калі жывёла з пэўных прычын не здольная выжыць у натуральным асяроддзі. Дырэктар і ўладальнік прыватнага беларускага цырка-шапіто Dziva Серж Бандарчук лічыць, што такая пазіцыя прывядзе да ўдару па мастацтве.

“Навошта будзе патрэбны цырк без жывёл? Якія дзеці туды пойдуць? Жывёл у многіх гарадах і краінах свету забаранілі. І там ужо не цырк, а тэатр. Проста трэба фармаваць грамадскую думку пра тое, што да жывёл трэба ставіцца па-добраму. І калі вы іх будзеце мучыць ці дрэнна карміць, то будзеце пакараныя”, — перакананы Бандарчук

Многія дрэсіроўшчыкі выказваюць аргумент, што ад той жа малпы немагчыма дабіцца пакорлівасці, калі не паказваюць ёй перавагу. Іначай яна будзе агрэсіўна ставіцца да людзей.

“Я за жыццё ў цырку бачыў многа. І шмат жорсткага стаўлення да жывёл, гэта праўда. Але зноў-такі, усё залежыць ад сутнасці чалавека. Я бачыў і такіх дрэсіроўшчыкаў, якія нічога апроч добрага слова і пагладзіць не ўжывалі”, — дзеліцца досведам Бандарчук.

Цыркавы дзеяч, паездзіўшы з гастролямі па Беларусі, пераконвае, што ў нашай краіне даволі сур’ёзны кантроль з боку ветэрынарных службаў і гарадскіх адміністрацый. Але зразумець, ці сапраўды дрэсіроўшчык выяўляе жорсткасць да жывёлы, можа, на думку Бандарчука, толькі прафесіянал з цыркавога кола. І сам дырэктар цырка “Дзіва” кажа, што пільна і прынцыпова выяўляе, ці ёсць у артыста садысцкія схільнасці.

“Зразумейце, што ніхто старонні не ўвойдзе ў гэты асяродак. Ніякія кантралюючыя органы. Яны могуць альбо знішчыць цырк, альбо перашкодзіць працы. Усё, бясспрэчна, павінна вырашацца у коле цырка. Не кожны зразумее, абараняўся дрэсіроўшчык ад агрэсіўнай жывёлы ці ў прыступе вар’яцтва лупіў яе проста так. Кантралёр можа выпадкова зайсці на рэпетыцыю і ўбачыць, як дрэсіроўшчык б’е жывёлу. А на справе за тры секунды да таго, як ён зайшоў, тыгр выгрыз кавалак мяса з нагі артыста. Ёсць жывёлы, з якімі трэба абавязкова дэманстраваць моц, іначай яны цябе з’ядзяць. Гэта практыка дрэсуры і ад гэтага нікуды не сыдзеш. Але гэта не азначае, што жывёлу можна беспадстаўна крыўдзіць і біць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі