Вы тут

"Дата генератар": 24 траўня — дзень памяці Альгерда, сына Гедыміна

Князь Альгерд

Альгерд (каля 1295 года — 24 траўня 1377 года) — адзін з найбольш вядомых і ўдалых вялікіх князёў. Пражыў каля 82 гадоў, з іх кіраваў дзяржавай 32 гады.

У 1318-м (у 23 гады) ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і праз два гады пасля смерці цесця атрымаў Віцебскае княства ў спадчыну. У 1341 годзе бацька Гедымін прызначыў сваім наступнікам на велікакняжацкі трон Яўнута. Аднак у  1345 годзе (у 48 гадоў) Альгерд разам з братам Кейстутам (1297–1382) скінуў Яўнута і сам стаў вялікім князем. 

Альгерд і Кейстут падзялілі напрамкі знешняй палітыкі. Кейстут упарта змагаўся з крыжакамі (бітвы у 1345, 1347, 1348, 1352, 1365, 1370 ды іншых гадах). Альгерд дзейнічаў на ўсходзе і поўдні. У 1340-я гады далучыў да ВКЛ Чарнігаўска-Северскае княства. Каля 1355-га далучыў Бранскае княства, у 1356, 1359 і 1362 гадах — гарады Ржэў, Мсціслаў, Тарапец.

Таксама ён бесперапынна ваяваў з татарамі. У 1361–1362 гадах адваяваў у Залатой Арды Кіеўскае княства, усю Севершчыну і іншыя землі. У канцы 1362 года ў бітве на Сініх Водах разбіў ушчэнт войскі двух татарскіх князёў і аднаго грэцкага — васалаў Залатой Арды, і далучыў да ВКЛ паўднёвае Падняпроўе, Падольскую, Пераяслаўскую і Валынскую землі. Удзельным князем Кіева пасадзіў сына Уладзіміра, а Падолле аддаў у кіраванне новагародскім князям Карыятавічам.

Падтрымліваў князёў Вялікага Княства Цвярскога ў іх барацьбе з маскоўскімі князямі. Пасля смерці першай жонкі Марыі ўзяў шлюб з князёўнай Ульянай Аляксандраўнай Цвярской. Здзейсніў тры пераможныя паходы на Маскву (у 1368, 1370, 1372 гадах), прымусіў Дзмітрыя (нібыта “Данскога”) прасіць літасці і міру.

Вёў барацьбу з Польшчай за Валынь і Падляшша (у 1349–1351, 1366 гадах). 

Такім чынам, Альгерд ваяваў на захадзе — з Польшчай, на поўдні — з татарамі, на ўсходзе — з Масквой, на паўночным усходзе — з Ноўгарадам і Псковам. І ўсюды — паспяхова!  

За час княжання Альгерда тэрыторыя ВКЛ павялічылася больш чым удвая. Княства зрабілася сапраўды вялікім, яно аб’яднала амаль усе землі продкаў сучасных беларусаў — крывічоў і дрыгавічоў, радзімічаў і яцвягаў.

Менавіта з часоў Альгерда беларускія землі занялі цэнтральнае месца ў дзяржаве. Старабеларуская мова стала агульнадзяржаўнай мовай справаводства і велікакняжацкага двара. На ёй пісалі акты і граматы, хронікі і летапісы. На яе перакладалі аповесці рэлігійнага зместу, стваралі жыціі святых і “хаджэнні” пра падарожжы ў “святую зямлю” — Палесціну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.